Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Ёй было 25, калі прызначылі дырэктарам музычнай школы. На руках дыплом сталічнай кансерваторыі (сучасная акадэмія музыкі), у працоўнай кніжцы — чатыры гады выкладання ў Дзісне, наперадзе — стварэнне калектыву "Мёрыца", будаўніцтва новай школы, сотні заняткаў і дзясяткі канцэртаў.
Дырыжор дзіцячага хору і выкладчык сальфеджыа Зінаіда Іванаўна ПУЧКОЎСКАЯ аддае перавагу жывой музыцы і лічыць, што развіццё музычнага слыху пачынаецца з матулінай калыханкі.
У ХАРАКТАРЫ Зінаіды Іванаўны ёсць доля здаровага авантурызму. Інакш наўрад ці напярэдадні выпускнога дзясятага класа з роднай вёскі Іст паехала б да старэйшага брата ў Бурацію.
— Брат — ваенны, служыў у горадзе Кяхта. Гэта на граніцы з Манголіяй. Прапанаваў год пажыць разам з яго сям'ёй,—расказвае субяседніца. — Пра той час засталіся цёплыя, светлыя ўспаміны. Шмат сяброў знайшла. Цяжкасці з вучобай узнікалі, аднак школу амаль на адны "пяцёркі" скончыла.
Куды аднесці атэстат, ведала дакладна. З малых гадоў падабалася спяваць, быць на сцэне. У сям'і любілі музыку. Тата і чацвёра з пяцярых дзяцей асвоілі двухрадны гармонік. Маці — актыўная ўдзельніца калектыву "Іставіца". Старэйшая сястра вучылася ў Наваполацкім музычным вучылішчы. Туды паступіла і Зінаіда. Іншай справы для сябе не бачыла.
ПЕРШЫ выкладчыцкі вопыт набывала ў музычнай школе ў Дзісне. Завочна вучылася ў кансерваторыі ў Мінску. У 1983 годзе атрымала дыплом і павышэнне — пасаду дырэктара Міёрскай музычнай школы. Памятае, як вясной у класах стаяла вада, што капала на падлогу са столі, дошкі прагіналіся ад сырасці. Напрыканцы васьмідзясятых пачалі ўзводзіць новы будынак школы. У студзені 1992 года справілі наваселле, а ў лістападзе святкавалі 25-годдзе ўстановы, якая ўжо называлася школай мастацтваў. Будаўніцтва прыпала на пераломны гістарычны момант. Распад Савецкага Саюза, эканамічныя цяжкасці.
— Калі б не паспелі да 1992 года, напэўна, праект замарозілі. Не хапала будаўнічых матэрыялаў. З цяжкасцю даставалі мэблю ў класы, шторы на вокны, — успамінае Зінаіда Іванаўна. — Думалі, як аздобіць калідоры, каб яны выглядалі эстэтычна і ўтульна. Дапамаглі фантазія і ўмелыя рукі Баляслава Чарняўскага. Люстэркі і дошчачкі надалі памяшканням прывабнасць.
У няпростыя 90-я дырэктар школы мастацтваў ездзіла на цягніку ў Маскву за домрамі. Хапіла смеласці папрасіць з раённага бюджэту чатыры тысячы долараў на канцэртны баян. Інструмент служыць і цяпер.
— Нельга сказаць, што мне было складана, а цяпер усё проста. Любы час мае свае праблемы і цяжкасці, — заўважае Зінаіда Іванаўна.
У 2006-м ГОДЗЕ перадала дырэктарскія паўнамоцтвы Баляславу Чарняўскаму. Засталіся сальфеджыа, дзіцячы хор і ансамбль "Мёрыца", які ўжо меў званне народнага пасля перамогі ў рэспубліканскім конкурсе вакальна-харавых калектываў.
— Думкі пра творчы калектыў былі з першых год дырэктарства, — гаворыць субяседніца. — Спачатку спявалі акапэльна невялікай групай. Затым пазнаёмілася з пастаўскім калектывам "Паазер'е" і вырашыла, што трэба стварыць падобны ў нас. Першая назва "Світанак" хутка змянілася на "Мёрыцу". Касцяк склалі педагогі школы. Спявалі з намі Людміла Войтава, Сяргей Філіпаў, Леанід Мятла і іншыя самадзейныя артысты горада. Выконвалі беларускія народныя, эстрадныя і нават польскія кампазіцыі. "Мёрыцу" можна назваць аб'яднаннем энтузіястаў. Матэрыяльных выгод удзельнікі практычна не мелі.
ЦЯПЕР Зінаіда Пучкоўская выходзіць на сцэну толькі з дзіцячым хорам. Дазволіць сабе хваляванне не можа. Інакш яго адчуюць выхаванцы. Настройвае сябе, што ўсё атрымаецца і дзеці праспяваюць на выдатна.
Скептычна ставіцца да фанаграм. Лічыць, што музычная культура выхоўваецца перш-наперш праз акапэльныя спевы і інструментальны акампанемент. Упэўнена, што маленькім дзеткам абавязкова трэба спяваць калыханкі. Жывы голас развівае музычны слых, у той час як штучная музыка яго калечыць.
СВАІМ унукам — двухгадоваму Андрэю і на год малодшаму Арсенію — калыханак праспявала шмат. Разам з дачкой Ганнай, на два галасы. Аня прадоўжыла маміну справу. Скончыла музычнае вучылішча ў Наваполацку. Вышэйшую адукацыю атрымала ў сталічным педуніверсітэце імя М.Танка. З водпуску па доглядзе за дзіцяці маладога педагога чакаюць у Наваполацкай музычнай школе.
У Зінаіды Пучкоўскай вучыліся Марына і Насця Філіпавы. Калегамі выкладчыцы сталі Святлана Атопкіна і Яўгенія Баговіч. Высокія балы ў наваполацкім вучылішчы ў Жэні Шук. Звязаць прафесію з харавым дырыжыраваннем плануе Даша Каралькова.
— Дзеці, якія праходзяць поўны курс навучання ў школе мастацтваў — мэтанакіраваныя і адказныя. Нагрузка вялікая. Трэба і ўрокі рыхтаваць, і творчасцю займацца, — заўважае педагог.
СПЕВЫ дзяцей Зінаіда Іванаўна слухае не толькі на ўроках. Вольным часам уключае дома песні ў выкананні дзіцячых хораў. Сочыць за праектамі "Сіняя птушка" і "Талент краіны". Музыка для яе — любімы занятак, прыемны адпачынак, пастаянны спадарожнік.
Фотаматэрыял К. БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.