02 Августа 2022

Цешаць позiрк i душу пяшчотныя петуніі

gazeta
  • 604
Хто ідзе па вуліцы Ізварына ў Міёрах, абавязкова зверне ўвагу на зялёны домік, з усіх бакоў аздоблены кашпо з пышнымі рознакаляровымі петуніямі. Гэта любімыя кветкі гаспадыні Марыі ДЗЯРКАЧ. Вырошчвае іх без малога дваццаць гадоў. 

Засталі гаспадыню ў двары ля яе стракатых любімчыкаў. Абразала адцвілыя бутончыкі, каб завязваліся новыя. 
– У спякоту штодня паліваю і ранкам, і ўвечары. Каб пышна красавалі, раз на тыдзень падкармліваю. Расаду высаджваю ў глебу, багатую пажыўнымі рэчывамі. Грунт сама рыхтую. Бяру перагной напалову з торфам, можна дабавіць звычайнай зямлі. Яшчэ дадаю рачны пясок, таксама для рыхласці глебы выкарыстоўваю ігліцу елкі, – дзеліцца парадамі кветкавод. 
Многія пытаюцца ў Марыі Дзяркач пра асаблівасці вырошчвання петуній. З радасцю дзеліцца вопытам, аднак галоўным сакрэтам лічыць любоў да раслін. Цёплыя пачуцці да петуній узніклі ў яе з першага позірку на гэтыя пяшчотныя кветачкі. Упершыню ўбачыла іх у 2005 годзе ў Польшчы, калі гасцявала ў цёці. Вуліцы, ганкі, лесвічныя прыступкі, аздобленыя кветкамі неверагоднай прыгажосці, выклікалі яркае моцнае ўражанне.

– Я нават не ведала, як гэтыя расліны называюцца. Калега пасля падказала, – прыгадвае Марыя Мікалаеўна. – З таго часу пастаянна петуніі вырошчваю. Спачатку спецыяльна ў Мінск расаду купляць ездзіла, цяпер заказваю насенне ў аднаго сталічнага кветкавода.
Сёлета квітнеюць на падворку каля дзясятка сартоў петуній. Любіміца гаспадыні – барвовая «Джаконда». Радуе пышным красаваннем «Opera Raspberry Ice», што ў перакладзе азначае «малінавы лёд». Кветачкі светла-ружовыя з малінавай сярэдзінай. Шыкоўным фіялетава-малінавым купалам красуе «Opera Purple». Здзіў-
ляе, што з аднаго саджанца вырастае пышны куст, шчодра ўсыпаны кветкамі. 
– Калі б кашпо васьмілітровае было, яшчэ пышней разрасліся б, – заўважае гаспадыня. – Кветкі вельмі радуюць. Сёлета яшчэ пышнейшыя, чым у мінулым годзе. 

Вядомы лекар старажытнасці Авіцэна казаў: «Ва ўрача ёсць тры прылады: слова, расліна і нож». На першым месцы – слова. Гэтым інструментам урач-інфекцыяніст на адпачынку Марыя Дзяркач карыстаецца і ў доглядзе за кветкамі. «Харошыя мае, любімыя, прыгажунькі», – штораз з цеплынёй звяртаецца да іх. Напэўна, і па гэтай прычыне расліны здаровыя і радуюць насычанымі колерамі.
Цешаць рознакаляровыя кветкі і гаспадара Алега Іванавіча, які таксама прымае ўдзел у доглядзе за імі, і суседзяў, і прахожых, што часам просяць сфатаграфавацца ў маляўнічых жывых фотазонах.

Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА
← Предыдущая

Книга «Гімн беларускай жанчыне» с произведениями о современницах вышла ко Дню белорусской письменности

Назад к списку
Следующая →

Яркiя кветкi для земляка-героя

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]