24 Июля 2023

«Перабродская зорка» свяціла ў мінулую суботу

gazeta
  • 689

 Пасля непрацяглага перапынку азёрнае Пераброддзе зноў запрасіла на свята. «Перабродская зорка» свяціла ў мінулую суботу. У параўнанні з той, якую ведаюць і памятаюць вяскоўцы, яна атрымалася больш сціплай. Разам з тым унесла свае вясёлыя ноткі ў размераны рытм сельскага лета.

На святочнай пляцоўцы ажыўлена. Пакрысе збіраюцца гледачы. Ідуць з сябрамі ці сем’ямі. У кампаніі з бібліятэкарам з суседняга Забалоцця Людмілай Белай старэйшына вёскі Мечыслаў Чабок і яго родныя, у тым ліку з Латвіі. Прыехалі сустрэцца са знаёмымі, павесяліцца і прыемна правесці час.

Прагульваецца па пляцоўцы з унучкай гаспадыня «Мацейкавай сялібы» Галіна Паўлоўская. Калісьці менавіта па яе ініцыятыве ў Пераброддзі з’явілася сваё свята.

– Прыемна, што традыцыя працягваецца. Свята патрэбна людзям, яно надае разынку сельскаму жыццю, – гаворыць Галіна Уладзіміраўна. – Ад сённяшняй падзеі чакаю толькі радасці. Сустрэла сваіх аднакласнікаў, былых калег.

Доўга і ўважліва разглядае здымкі на фотасушцы мясцовая жыхарка Надзея Іванова.

– Пазнала нашага былога фельчара Валянціну Дзянісаўну Паўлоўскую, яна была цудоўным медыкам. Канешне, усе памятаюць мясцовы хор. Пэўны час я таксама ў ім удзе- льнічала. Ездзілі з канцэртамі ў Міёры, займалі першыя месцы на конкурсах. Якія цудоўныя галасы ў выканаўцаў былі! – дзеліцца ўспамінамі суразмоўніца. – Добра, што ў нас свята. Трэба яго праводзіць. І мясцовых артыстаў запрашаць, у нас сваіх талентаў багата.

На сцэне «Перабродскай зоркі» спявалі артысты Міёрскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Сняжана Аксёнава, Дар’я Каралькова, Ягор Абалевіч, Сафія Шук, Дар’я Мілашэвіч падтрымлівалі пазітыўны настрой гледачоў і атрымлівалі іх цёплую падтрымку. Запомніліся публіцы юныя музыкі з ансамбля лыжкароў Павяцкага СДК.

Вітаў гасцей урачыстасці старшыня Перабродскага сельвыканкама Віктар Дзеравянчык. Падкрэсліў маляўнічасць месцейка з яго азёрамі і лясамі і працавітасць вяскоўцаў, якія імкнуцца зрабіць родны куточак утульным і прыгожым. Таксама ў справе добраўпарадкавання надзейныя памочнікі мясцовай улады – Перабродскае лясніцтва і ААТ «Міёрскі райаграсэрвіс». Іх кіраўнікам – падзяка і салодкія падарункі.

 Арыгінальнымі рэчамі ручной работы ўпрыгожылі свята міёрскія майстрыцы. Кіраўнік клуба народных майстроў «Святліца» Алена Батарчук прадставіла шырокі асартымент керамічных вырабаў. У тым ліку з мясцовай сімволікай. Людміла Васюковіч прывезла ўпрыгожванні для модніц з фоамірана. У Святланы Падабыцька апетытныя пернікі розных форм і цэлыя пернікавыя букеты. Вабілі гасцей вырабы дзісненскай умеліцы Таццяны Кісель. Сярод іх падушачкі і покрывы ў тэхніцы пэчворк, вязаныя дыванкі, цукеркавыя букеты.

Ля палаткі Верхнядзвінскага філіяла абспажыўтаварыства месца таксама не пуставала. Прапаноўвалі падсілкавацца блінчыкамі з начыннем, чабурэкамі і іншай сытнай смакатой. Аматары салодкага стаялі ў чарзе за цукровай ватай і поп-корнам.

Доўжылася свята каля дзвюх гадзін. Эстафету ад міёрскіх артыстаў перанялі супрацоўнікі Чапукоўскага СДК. Яны прывезлі забаўляльную праграму для дзяцей. Аднак паўдзельнічаць цікава было і дарослым.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял аўтара.

← Предыдущая

Книга «Гімн беларускай жанчыне» с произведениями о современницах вышла ко Дню белорусской письменности

Назад к списку
Следующая →

Подборка книг с яркими обложками и содержанием от библиотекарей Миорской центральной библиотеки

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]