19 Февраля 2020

Настроение, сотканное из мелодий, стихов и улыбок. Конкурс художественного творчества прошел в Язно

gazeta
  • 443

 Другі тур творчага спаборніцтва прайшоў 9 лютага ў Язне. Канцэртную праграму падрыхтавалі артысты Язненскага сельскага Дома культуры, Істаўскага і Папшулёўскага сельскіх клубаў, Цвецінскага цэнтра нацыянальнай культуры 
і фальклору.

Памяць герояў, чыімі подзвігамі здабыты мір. Родны край, дзе ўсё блізка і дорага сэрцу. Дзіцячыя мары, на якія важна не забыцца ў дарослым жыцці. Светлыя пачуцці, што напаўняюць шчасцем душу. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў мастацкіх нумарах, з якімі выступалі ўдзельнікі другога тура раённага конкурсу калектываў мастацкай творчасці і індывідуальных выканаўцаў «Беларусь – мая песня». Сёлета мерапрыемства прымеркавана да 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і праходзіць па дэвізам «Мы Памяці той верныя».

 Іст дружна трымае марку,
а ў Язне любяць пажартаваць

Артысты рыхтуюцца да выступленняў. Большасць з іх – пастаянныя ўдзельнікі конкурсу мастацкай творчасці. Дораць гледачам прыемныя моманты і добры настрой. І самі атрымліваюць задавальненне, якому штораз папярэднічае хваляванне.


– Такія конкурсы – гэта зносіны ў іншым фармаце, цікава праведзены час, – заўважае ўдзельніца вакальнай групы Цвецінскага ЦНКіФ Святлана Кабяк. – У цвецінскім калектыве другі год, а ў самадзейнасці даўно занята. Калісьці за Басянкоўскі клуб выступала. Сольна спяваць не спрабавала. У групе менш хвалюешся.
Бібліятэкара з Папшулёў Вольгу Хрол журы і гледачы ведаюць як аўтара і чытальніка вершаў.


 – Верш «Памяць», з якім буду выступаць, – на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Напісаны невыпадкова. У мінулым годзе прайшла акцыя па заборы зямлі з месц воінскіх пахаванняў. Сёлета святкуем 75-ю гадавіну Перамогі, – гаворыць паэтэса. – Вялікая Айчынная вайна ўпісана і ў гісторыю маёй сям’і. Змагаўся за мір дзядуля. Радавым салдатам прайшоў праз усю вайну без адзінага ранення.
Як заўжды, вясёлым дружным гуртом прыехалі на конкурс істаўцы.


– Трымаем марку, – бадзёра заўважае загадчык Істаўскага сельскага клуба Раіса Налівайка. – Усе ўдзельніцы маюць вопыт выступлення на сцэне. Да конкурсу адказна ставяцца. У кожнай шмат сваіх клопатаў, але на рэпетыцыі прыходзілі пастаянна. Рэпертуар, згодна з тэматыкай конкурсу, падабрала наша салістка Алена Парадня. Мы падтрымалі яе прапановы. Будуць кампазіцыі на тэму вайны, малой радзімы, і пра каханне праспяваем. Канечне, не забыліся на фальклор.


 Не спяшаецца апранаць канцэртны касцюм удзельніца народнага фальклорнага калектыву «Язынка» Ірына Балай.
– Задзейнічана ў тэатралізаванай пастаноўцы, пасля пераапрануся, – усміхаецца яна. – Павесялім гледачоў сцэнкай «Салдаты ў оперы». А як без гумару?!

Блізкія тэмы з рознымі
адценнямі настрояў

Сольныя выканаўцы, дуэты, квартэты, вакальныя гурты выходзілі на сцэну. Кожны наступны нумар адрозніваўся ад папярэдняга. Аб’ядноўвала агульная тэматыка.


«Мне все снятся военной поры пустыри,
Где судьба нашей юности спета.
И летят снегири, и летят снегири
Через память мою до рассвета», – спяваў песню з рэпертуара Юрыя Антонава саліст Язненскага СДК Міхаіл Карпаў.


 Гучалі ваенныя матывы ў кампазіцыях «А закаты алые», з якой выступаў дуэт Юрыя Дзямешкі і Ніны Мятлы з Цвеціна, і «За Победу» ў выкананні цвецінскага мужчынскага трыа ў складзе Юрыя Дзямешкі, Ула-дзіміра Свірко і Валерыя Красько.
Тэма малой радзімы прасочвалася ў песнях «Деревенька моя» ў выкананні салісткі з Іста Алены Парадні і «Мы и не скрываем, что из деревни родом», якую бадзёра спявала вакальная група Істаўскага СК. З кампазіцыяй «Беларусь – мой дом» выступіла юная салістка Папшулёўскага СК Алена Мядзелец.


Думаю, гледачы пагодзяцца, што самым кранальным і светлым нумарам стала выступленне дзіцячай вакальнай групы Язненскага СДК з песняй «Кармашки».
«Отбросив сомненья, иди, –
Все свершится однажды!» – спявалі дзеці пра тое, што не трэба баяцца ажыццяўляць свае мары.


Весялосці і бадзёрасці дадалі ў агульны настрой змешаная вакальная група Язненскага СДК з песняй «Марыся», сямейны дуэт Вольгі Александроўскай і Анастасіі Бурштэйн. Іх падтрымлівалі гучнымі апладысментамі.
У фінале – фальклорныя матывы. Праспяваў народныя песні гурт «Іставіца». З абрадам «Заезд кубельнікаў у хату жаніха» выступілі цвецінцы. Гурт «Язынка» прадставіў праграму «Гудзе вяселле і звініць» з вясёлымі песнямі і прыпеўкамі.

 УРАЖАННІ ГЛЕДАЧА

Галіна Арол, в. Язна:
– Кожны год прыходжу паглядзець канцэрт. Выступленні артыстаў узнімаюць настрой. Як цудоўна спявалі сёння Вольга Александроўская са сваёй дачкой Насцяй. Істаўцы – малайцы. Штораз ледзь не ўсёй вёскай прыязджаюць. У цвецінцаў таксама нумары цікавыя. Словам, спадабаліся ўсе і ўсё. Пасля такіх мерапрыемстваў яшчэ доўга душа спявае.

СЛОВА ЖУРЫ

Аляксей РАЧЫЦКІ, вядучы метадыст па традыцыйнай культуры:
– У складзе журы конкурсу я ўпершыню, выступленні пакінулі прыемныя ўражанні. Праграма адрознівалася жанравай разнастайнасцю. Былі і песні, і вершы, і тэатралізаваныя пастаноўкі. Хочацца адзначыць выступленні змешанай і дзіцячай вакальных груп Язненскага СДК, аўтарскі верш Вольгі Хрол. Спадабаліся акапэльныя спевы гурта «Іставіца», абрады, з якімі выступілі цвецінцы і язненцы. Важна захоўваць і перадаваць наступным пакаленням народную культуру.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

← Предыдущая

Игра-соревнование "З роднай моваю на "ты" прошла в Миорской детской библиотеке

Назад к списку
Следующая →

Продолжается конкурс художественного творчества на Миорщине

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]