Гумарэска
Ігнат змалку рос ганарыстым хлопцам. Усё імкнуўся вылучыцца сярод равеснікаў. Ён проста любіў, калі ў яго лепш, чым у іншых.
Не страціў гэтую рысу, калі стаў дарослым. У чымсьці яно і нядрэнна, бо ўсё неабходнае мужчына для жыцця меў. Добрае жыллё, ля якога заўсёды панаваў парадак, машына-іншамарка, узорная сям’я. Аднак пахваліцца для Ігната было так жа неабходна, як паветра глынуць. Інакш ён не мог.І яшчэ, існавала ў яго адна асаблівасць. Ён у нікога і ніколі не пазычаў грошай. Лічыў, што сведчыць гэта будзе аб яго беднасці, аб тым, што не ўмее ён, Ігнат Апанасавіч, жыць, што няма толку ў галаве. Таму вельмі любіў паўтараць: “Мужчына павінен быць пры грашах!” І штораз задаволена пахлопваў сябе па кішэні напрасаваных штаноў. А там заўсёды былі вялікія грашовыя купюры. Іх мог насіць некалькі, а то і ўвесь пачак. Многа — значыць, багаты, не галадранец нейкі, а амаль што пан.
—Гэта прастакі ў пацёртых штанах адлічваюць апошнія скамечаныя рублі на
бутэльку “чарніла”, ці просяць дабавіць, — казаў ён не раз. Такіх Ігнат не толькі не паважаў, а, наогул, у разлік не браў. Лічыў людзьмі непаўнацэннымі ці “другога” гатунку. Сябе ж ён адносіў да самага “вышэйшага”.
Між тым, з пакупкамі занадта не шыкаваў. Купляў неабходнае, бо стань “кідаць” рублі направа-налева, дык і ад запасу таго мала што застанецца.
Але ж калі разлічвае маладая ды прыгожая, то чаму б не фарсануць? І ён за бохан хлеба мог кінуць 100-тысячную купюру, а потым доўга чакаць здачы. А калі папросіць нейкую драбязу, то пакажа ей некалькі хрусткіх блакітных пяцідзесяцітысячных паперак. Маўляў, ведай — перад вамі не нейкі парабак, а самы што ні ёсць дастойны мужчына, “пры грашах”.
—Неяк укуліўся ў кватэру Ігнат, выклаў небагатыя пакупкі, а твар аж ззяе ад задавальнення.
—Ну? — запытальна глянула на яго жонка.
І ён фанабэрыста пачаў выкладаць: “Быў вось у магазіне. Уяўляеш, зрабіў я выгляд, што не хачу лічыць грошы. Кінуў пачак і кажу: “Бярыце самі!” Як жа паглядзела прадаўшчыца на мяне, быццам на міністра. Акуратна так узяла. А ў самой аж шчокі паружавелі. Напэўна, падумала: “Мне б такога багатага мужа”. Ды я сам бачыў, людзі ў чарзе гаманілі, а потым, бы па камандзе, заціхлі. Напэўна, за мной назіралі. Зайздросцілі, не іначай.
—Ды каму ты патрэбен? — пакпіла з яго жонка.
—Ты думаеш, на кожным кроку талковыя мужчыны? — парыраваў муж. —Галадранцы адны. Табе б такога транжыру, як ты сама, дык ніколі б рубля ў кішэні не было.
Жонка вырашыла сварку не ўсчыняць, але правучыць выхваляку іншым чынам.
І вось... Ігнат заснуў. Жанчына ціхенька выцягнула гэты пачак купюр, перацягнуты папяровай банкаўскай стужкай. Адняла адтуль палову, а замест іх акуратна паклала “вавёрак”, “ваўкоў”, “зайцаў”, “зубраў”, якія былі “дзеля гісторыі” пакінуты ў куфэрку. “Звярамі” тымі ўжо даўно не разлічваліся, хіба што выкарыстоўвалі іх у гульнях дзеці:“прадавалі” адзін аднаму за такія “грошы” піражкі, злепленыя з пяску, што нядаўна быў прывезены на гульневую пляцоўку ў двары дома.
Наступны дзень пачаўся як звычайна. Раніцай Ігнат пайшоў на работу. Паколькі яго шлях праходзіў якраз ўздоўж магазіна, то набыццё прадуктаў стала звычайным абавязкам.
... Вечарам не ўвайшоў у пакой, а літаральна ўскочыў. Злосна шпурнуў пакет з прадуктамі на стол.
—Усё! — гнеўна крычаў ён. — Нагі маёй у тым магазіне больш не будзе! Дурнем мяне выставіла. Не паглядзеў, аддаў, як заўсёды, дзеўцы той грошы. А яна расклала іх, а там бы ў дзіцяці неразумнага—“ваўкі” ды “вавёркі”. З мяне так рагаталі! А я не ведаў, куды ад сораму падзецца. Як мне цяпер у вочы людзям глядзець? Усе падумалі, што я дурнець ужо пакрысе пачаў. Пачуўшы жончын рогат, Ігнат заключыў: “Сама цяпер будзеш хадзіць за прадуктамі”.
Эвеліна БАГДАНОВІЧ.