27 Апреля 2021

Тамара ГУГАЛА: с 90-х годов с газетой не расстается

gazeta
  • 640

 У 80-я – пачатку 90-х гадоў у раённай газеце «Сцяг працы» публікаваліся грунтоўныя па змесце і душэўныя па настроі артыкулы Тамары ГУГАЛА. Карэспандэнт спрабавала сябе ў розных тэматычных накірунках. Пісала пра сельскіх працаўнікоў і будаўніцтва жылля ў вёсцы, пра клопаты педагогаў і школьнае жыццё, пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, закранала маральна-этычныя аспекты паўсядзённасці. Публікацыі адгукаліся чытачам, а часам мелі лёсавызначальны ўплыў.

 

Пісаць з дзяцінства любіла. Сачыненні па літаратуры былі ў радасць. Па дарозе са школы прадумвала, якія словы падбяру, як сюжэт пабудую, – расказвае Тамара Георгіеўна. – Разважаючы над выбарам прафесіі, думала і пра журналістыку, але вырашыла стаць педагогам. Многія сваякі настаўнічалі ў школе.

 

У рэдакцыю прывялі абставіны

У 1975 годзе выпускніца Полацкага педвучылішча ўладкавалася настаўніцай пачатковых класаў у Мілашоўскую школу. Працу сумяшчала з вучобай на завочным аддзяленні факультэта рускай мовы і літаратуры Пскоўскага педінстытута. На чацвёртым курсе прапанавалі работу ў Паташнянскай васьмігодцы. Там адпрацавала яшчэ чатыры гады.

 
– З Міёр дабірацца далёка, таму здымала жыллё ў Паташні, – расказвае субяседніца. – Дома цяжка захварэў тата, маці складана было адной яго даглядаць. Папрасіла, каб я вярнулася да іх і знайшла работу ў райцэнтры. У гарадскіх школах вакансій не было. Звярнулася ў рэдакцыю. Да гэтага з газетай не супрацоўнічала, аднак мяне ўзялі ў штат.

 
Карэспандэнтам раённага выдання «Сцяг працы» Тамара Гугала стала 24 жніўня 1983 года. Праз некаторы час прызначылі на пасаду загадчыка аддзела пісьмаў. Памятае героя сваёй першай публікацыі – настаўніка гісторыі з Мікалаёўскай школы Мікалая Аляксандравіча Тумашэвіча. Пасля падрыхтавала шмат артыкулаў пра людзей розных прафесій.

 

Чытачы і аўтары на сувязі

У газеце Тамара Георгіеўна адказвала за штомесячныя тэматычныя старонкі: для школьнікаў – «Арляняты» з матэрыяламі пра найлепшых вучняў, цікавыя падзеі са школьнага жыцця; для моладзі – «Сучаснік», дзе галоўныя героі публікацый – маладыя спецыялісты з розных галін вытворчасці; «Чалавек. Закон. Грамадства» – для чытачоў, якіх цікавіла тэма правапарадка. Пісала рэпартажы з восеньскіх кірмашоў, аглядаў мастацкай творчасці, удзельнічала ў рэйдах народнага кантролю. Як загадчык аддзела пісьмаў працавала з карэспандэнцыяй пазаштатных аўтараў.

 
– Лісты ў рэдакцыю прыходзілі штотыдзень, – заўважае яна. – Дасылалі нататкі, цікавыя гісторыі, апавяданні. Указвалі на праблемы, крытыкавалі работу камунальнай службы, стан дарог. Пісьмы з заўвагамі рэдакцыя накіроўвала на рэагаванне ў адпаведныя арганізацыі. Адказ яны павінны былі даць своечасова, за парушэнне выклікалі на пасяджэнне райкама партыі.

 
З пазаштатных аўтараў прыгадвае настаўніка з Цвеціна Віталя Высоцкага з яго жыццёвымі гісторыямі і расповядамі, якія публікавалі з працягам у некалькіх нумарах; супрацоўніка прыродаахоўнай галіны Сяргея Матэленка з публікацыямі на тэму прыроды, піянерважатага з Язна Васіля Казлоўскага з нататкамі пра школьныя справы. Пісалі ў раёнку цяперашнія супрацоўнік «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Пучынскі і пісьменніца Алена Масла. Па традыцыі, 5 мая – у Дзень друку – актыўных пазаштатных аўтараў запрашалі ў рэдакцыю, дарылі ім сувеніры, ладзілі чаяпіцце з салодкімі ласункамі.

 

Пра сілу друкаванага радка

Найбольш падабалася Тамары Георгіеўне пісаць на тэмы маралі, разважаць над учынкамі чалавека, расказ- ваць чытачу гісторыі, якія краналі душу. Прыгадвае адну з такіх:
– Падчас паездкі ў Новы Пагост мне расказалі пра адзінокага пажылога мужчыну, які ляжаў у мясцовай бальніцы. Яго жонка даўно памерла, а пяцёра дарослых дзяцей пра бацьку забыліся. У размове з ім мяне здзівіла, з якой цеплынёй і ласкай ён гаварыў пра іх. Апраўдваў тым, што ў кожнага свая сям’я і шмат клопатаў, таму і не могуць да яго прыехаць.

 
Я напісала пра гэтага чалавека і зусім не думала, што публікацыя атрымае шырокі рэзананс. Між тым многія жанчыны з Міёр, якія ў нядзелю ездзілі ў Новы Пагост у царкву, паколькі ў райцэнтры яе яшчэ не было, наведалі таго дзядулю. Адна чытачка выразала артыкул і адправіла пісьмо ў Жлобін на прадпрыемства, дзе працавала яго дачка. У выніку дзеці забралі бацьку да сябе.

 

Слёзы на 1 верасня

З сабой ручку і блакнот – і ў дарогу. Паездкі, новыя знаёмствы, прыемныя зносіны, цікавыя гісторыі суразмоўцаў – усё гэта падабалася Тамары Георгіеўне. Аднак у глыбіні душы яна сумавала па школе, дапытлівых дзіцячых позірках, вучнёўскіх сшытках, якія калісьці так любіла правяраць. «Ну што, Тамара, сёння ў цябе чорны дзень», – жартаваў з калегі Аляксей Кавалевіч, калі яна са слязамі на вачах любавалася дзецьмі, што 1 верасня ішлі ў школу з усмешкамі і пышнымі букетамі кветак.

 
Да настаўніцкіх клопатаў Тамара Гугала вярнулася ў 1992-м. У СШ № 2 дзесяць гадоў займалася з вучнямі-пачаткоўцамі, затым выкладала рускую мову і літаратуру. Вяла гурток юных карэс- пандэнтаў. Сама ў газету ўжо не пісала, дапамагала рыхтаваць публікацыі дзецям. Яе вучаніца Вераніка Сушко паступіла на факультэт журналістыкі ў БДУ, цяпер працуе ў сталіцы. У 2010 годзе Тамара Георгіеўна выпусціла сваіх адзінаццацікласнікаў і пайшла на адпачынак.

 

З газетай не расстаецца

Даўно развітаўшыся з прафесіяй карэспандэнта, Тамара Чарневіч (Гугала – яе дзявочае прозвішча. – Заўвага аўтара) засталася вернай падпісчыцай раёнкі.
– Чытаю ад першай да апошняй старонкі, – гаворыць яна. – Газета цікавая і змястоўная, з якаснымі фотаздымкамі і эстэтычным афармленнем. Ёсць пра што пачытаць. Аднак заўважаю, што мала крытычных публікацый. Раней штомесяц выходзіла сатырычная старонка «Лазня», дзе ўказвалі на недахопы ў дзейнасці розных служб. Напэўна, цяпер складаней пісаць пра сельскую гаспадарку. У 80-я гады яна квітнела, працаўнікі мелі добрыя заробкі. Напрыклад, у калгасе «Парыжская камуна» была чарга на месцы даярак. Сёння сітуацыя нярадасная.

 
Час на пенсіі Тамара Георгіеўна праводзіць с карысцю. З мужам Леанідам Міхайлавічам цёплай парой даглядаюць сад і агарод. Халадамі больш часу для мастацкай літаратуры, перыёдыкі. Прыгадвае мінулае: і школу, і рэдакцыю. Гаворыць, нярэдка сняцца школьныя ўрокі і рэдакцыйныя камандзіроўкі. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва Тамары ЧАРНЕВІЧ.

← Предыдущая

Книга «Гімн беларускай жанчыне» с произведениями о современницах вышла ко Дню белорусской письменности

Назад к списку
Следующая →

В СШ № 3 имени Е. Томко прошел открытый диалог, посвященный Победе в Великой Отечественной войне

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]