Виктория Сушко на Доске почета и в кругу семьи

gazeta
  • 39232

 

Кожны дзень у Вікторыі Сушко – і будні, і выхадны – актыўны, насычаны, цікавы. Працуе начальнікам аддзела ў міжгаліновым цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Разам з мужам выхоўваюць траіх дзяцей, даглядаюць дом і прысядзібны ўчастак. Сядзець без справы не выпадае, ды і наўрад ці атрымалася б.

Захапляе работа

– Пастаянна трэба быць занятай. Калі спраў мала, сумую, – гаворыць пра сябе Вікторыя Сушко. – Захоплена сваёй работай і працягваю ўдасканальваць прафесійныя навыкі.
Напярэдадні абласных «Дажынак» у начальніка аддзела міжгаліновага цэнтра таксама гарачая пара. Задача падраздзялення – арганізацыя закупак. Працэдур цяпер асабліва шмат.

– Абслугоўваем аддзел па адукацыі, сектары культуры і спорту райвыканкама, ДПУ «Ельня», раённы архіў, сельвыканкамы. Маніторынг нашай дзейнасці праводзяць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання, Камітэт дзяржкантрлю, органы пракуратуры. Трэба добра ведаць заканадаўчую базу кожнай са сфер, якія абслугоўваем, – заўважае Вікторыя Віктараўна. – Адказнасць не палохае. Калі ведаеш, што ты маеш рацыю, баяцца няма чаго. Адчуваць сябе ўпэўнена дапамагае пастаяннае вывучэнне заканадаўства.

Па меркаванні Вікторыі, начальнік яна не строгі і вясёлы. Разам з тым патрабавальная і да сябе, і да супрацоўнікаў. Да гэтага абавязвае сфера дзейнасці.

У міжгаліновым цэнтры спецыяліст з вышэйшай эканамічнай адукацыяй занята шэсць гадоў. Ранейшыя месцы работы – раённы вузел паштовай сувязі, дзе пачынала сакратаром, затым была інжынерам па нармаванні працы, эканамістам, і аддзел па адукацыі райвыканкама, куды пасля водпуску па доглядзе за дзіцём запрасілі на вакансію спецыяліста па арганізацыі закупак.

Па выніках дзейнасці за мінулы год партрэт Вікторыі Сушко занесены на раённую Дошку гонару.

– У гэтым не толькі мая, але і заслуга ўсяго калектыву, – падкрэслівае. – Люблю сваю работу за яе разнастайнасць і пастаянныя стасункі. У мяне цудоўныя калегі.

Зараджае сям’я

Крыніца сіл і энергіі для Вікторыі Сушко – яе сям’я. З мужам Аляксандрам – супрацоўнікам вузла электрасувязі – знаёмы 24 гады, іх сям’і споўнілася 15. Выхоўваюць дачку і двух сыноў. Старэйшая Сафія ідзе ў восьмы клас, у гэтым навучальным годзе заканчвае выяўленчае аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў. Дома асвоіла швейную машынку і тонкасці манікюра, дапамагае маці з макіяжам і прычоскай. Дванаццацігадовы Максім сябруе з матэматыкай, займаецца футболам, выступае на спартыўных спаборніцтвах, на конкурсе юных інспектараў дарожнага руху, асвойвае балалайку і гітару ў школе мастацтваў. Малодшаму Дзянісу дзевяць гадоў, здзіўляе разважлівасцю і прадпрымальнасцю, таксама вучыцца іграць на балалайцы, плануе займацца боксам.

– Я ў бацькоў адна, заўсёды марыла пра вялікую сям’ю. Рада, што муж мяне ў гэтым падтрымаў, – гаворыць Вікторыя. – З дзецьмі ў нас цёплыя адносіны, часта гаворым, як іх любім, падтрымліваем іх інтарэсы, выхоўваем адказнасць і працавітасць. Усе дапамагаюць з хатнімі і гаспадарчымі клопатамі. Усе ўмеюць гатаваць, асабліва цікава гэта Максіму: і кексы спячэ, і суп зварыць.

Дом у Міёрках-2 Аляксандр і Вікторыя будавалі самі. На прысядзібнай тэрыторыі сад, агарод, цяпліцы. Жнівень для гаспадыні – пара нарыхтовак на зіму. Кулінарыя – адно з захапленняў.

– Прыгатаваць стол на дваццаць чалавек – без праблем. Правесці дзень за плітой – з задавальненнем. Асабліва цікава спрабаваць новыя рэцэпты, – заўважае яна. – Яшчэ люблю чытаць, асабліва праваслаўную літаратуру і кнігі пра вайну на аснове рэальных падзей. Люблю вязаць, гэта супакойвае.

Асабліва каштоўны адпачынак з сям’ёй. Збіраючыся наведаць пэўнае месца, загадзя знаёмяцца з яго гісторыяй. На экскурсіі, якія арганізуе прафкам, бацькі таксама едуць з дзецьмі.
– У нас у сям’і няма «я» і «ты», у нас ёсць – «мы», – адзначае Вікторыя. – Лічу сябе шчаслівай. Дружная сям’я, цікавая работа, любімыя заняткі. Да таго ж я – аптыміст, і для мяне шклянка заўсёды напалову поўная. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Назад к списку
Следующая →

Миорчанки о качествах, ведущих вперед, и праве на слабость

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]