Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Общество: Лучшие санитарные дружины Миорщины
Общество: В Беларуси за январь - май 2026 года ликвидировано 14 интернет-наркошопов
Социальный вектор: Физические лица вправе сдавать жилые помещения посуточно двумя способами
Профилактика: С 1 июня по 15 сентября на Миорщине проходит специальная программа "Мак"

Год беларускай жанчыны для міярчанкі Жанны Акачонак адметны двума датамі – асабістай і прафесійнай. У красавіку сустрэла свае 55, у жніўні споўніцца 30 гадоў, як працуе ў дзіцячым санаторыі «Расінка». Для намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце яе справа стала ладам жыцця, а пастаянныя стасункі з дзецьмі замацавалі ўзрост душы на лічбе 20+.
Строгі адміністратар зусім не амплуа Жанны Акачонак. Адкрыта да стасункаў і гатова дапамагчы разабрацца ў сітуацыі і калегам, і адпачывальнікам.
– Дзеці ведаюць, што да мяне можна звярнуцца з любым пытаннем, – заўважае суразмоўніца. – Строгасць праяўляю там, дзе гэта неабходна. У размовах з дзецьмі акцэнтую ўвагу на іх найлепшых якасцях.
У кожным чалавеку сонца, толькі дайце яму свяціць. Словы Сакрата штораз узгадвае Жанна Уладзіміраўна на субяседаванні з выхавацелямі-навічкамі.
– У нас вельмі дружны калектыў педагогаў-выхавацеляў. Мы – адна каманда, згуртаваная агульнымі задачамі. Мае заслугі ў тым ліку бяруць выток з вынікаў работы ўсяго педагагічнага калектыву. Удзячна калегам за іх працу і прафесіяналізм, – падкрэслівае яна. – Для новых выхавацеляў прадугледжана стажыроўка ў вопытных калег. Пасля цікаўлюся, што галоўнае ўзялі для сябе. Мне важна пачуць: дзіцячая бяспека, іх здароўе і занятасць. Размяркоўваючы выхавацеляў па атрадах, улічваю іх тэмперамент. Ураўнаважанасць і спакойны характар не азначаюць бяздзейнасць. Прафесіяналізм выхавацеля праяўляецца ва ўменні на 18 дзён, якія доўжыцца змена, зрабіць рознаўзроставы атрад адной камандай, адной сям’ёй.
Работа з дзецьмі вабіла Жанну Уладзіміраўну са школьнай пары. Перад вачыма быў годны прыклад – яе маці Тэрэса Адольфаўна Смулькевіч загадвала дзіцячым садам № 1. Пасля школы Жанна паступіла ў педвучылішча ў Апочцы. Па размеркаванні два гады займалася з вучнямі-пачаткоўцамі ў Невелі. Вярнуўшыся ў родны горад, працавала ў СШ № 2 і завочна атрымлівала вышэйшую адукацыю. Пра тое, што ў дзіцячы санаторый «Расінка» патрэбны выхавацелі, даведалася ад сяброўкі і вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Праз пяць гадоў прапанавалі пасаду загадчыка па выхаваўчай рабоце.
Свой рабочы дзень Жанна Уладзіміраўна пачынае з абходу атрадаў. Цікавіцца настроем і планамі адпачывальнікаў. Наведвае агульнасанаторныя планёркі, у якіх удзельнічаюць камандзіры атрадаў.
– Самакіраванне – магчымасць для дзяцей праявіць сябе, адчуць асабістую адказнасць за агульную справу. Дзіцячая энергія павінна быць скіравана ў творчасць, асобасны рост. Сярод нашых адпачывальнікаў ёсць дзеці, якія ніколі не выходзілі на сцэну, а тут у іх фарміруюцца навыкі выступлення перад публікай. У канцы кожнай змены выходзіць газета, у стварэнні якой прымаюць удзел адпачывальнікі і пасля забіраюць яе з сабой, – расказвае суразмоўніца. – Нямала дзяцей, якія адпачывалі ў «Расінцы» тры, пяць, сем, а то і 14 разоў. Калі пытаемся, чым вабіць наш санаторый, большасць падкрэслівае творчую сяброўскую атмасферу і магчымасці для самаразвіцця.
Пра сябе Жанна Уладзіміраўна гаворыць няшмат, больш пра свае працоўныя клопаты. Гэта не дзіўна, бо яны сталі ладам жыцця і выходзяць далёка за рамкі рабочага дня. Прафесіяналізм і адданасць справе пацвярджаюць узнагароды.
З разуменнем да спецыфікі работы ставяцца родныя. З мужам Пятром Уладзіміравічам разам 34 гады. Дачка Юлія выбрала прафесію інжынера-энергетыка і атрымала вышэйшую адукацыю ў БНТУ. Як заўважае Жанна Уладзіміраўна, блізкія людзі – крыніца яе сіл і энергіі. Рада, што ёсць надзейныя сябры, з якімі можна падзяліцца і радасцю, і сумам.
– Чалавек павінен быць у стасунках. Нельга хавацца ў сабе, гэта шлях у нікуды, – лічыць яна. – Стасункі з людзьмі развіваюць. Чамусьці вучышся ў іншых або, наадварот, на чужых прыкладах разумееш, як не трэба рабіць.
Свой юбілей Жанна Акачонак сустрэла ў коле родных і блізкіх. Заўважае, да лічбы ў пашпарце ставіцца спакойна. Тым больш што ў душы адчувае сябе на 20+. Кожны год узначальвае каманду санаторыя на спартакіядзе Белаграздраўніцы. Яе адпачынак – сямейныя падарожжы і работа на зямлі. Спраўляцца з цяжкасцямі дапамагае перакананне ў тым, што мудрае жыццё ўсё расстаўляе на свае месцы.
– Адзінае, чаго хочацца, каб не так хутка ляцеў час. Яшчэ шмат трэба паспець, – адзначае Жанна Уладзіміраўна.
СЛОВА КАЛЕГАМ
Людміла Войтава, загадчык аддзела культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы:
– Амаль 30 гадоў працуем разам. Жанна Уладзіміраўна прыклад таго, як трэба ставіцца да жыцця, да работы, да людзей. Ні дня не жыве без мэты. Карыстаецца аўтарытэтам як у калег з санаторыя, так і ў кіраўніцтва Белаграздраўніцы.Марыя Іванова, выхавацель:
– Выдатны кіраўнік, тонкі псіхолаг, цудоўная жанчына. Да яе можна звярнуцца з любым пытаннем, і яна дапаможа яго вырашыць.Юлія Ражноўская, выхавацель:
– Самы добразычлівы і чулы чалавек. У любой сітуацый прыйдзе на дапамогу.Наталля Даргель, выхавацель:
– Ведаю Жанну Уладзіміраўну са школьнай пары. Выдатніца па натуры, заўсёды імкнулася быць першай. Як кіраўнік справядлівая, у меру строгая, заўжды падтрымае і дапаможа.Вольга Фяцковіч, выхавацель:
– Цудоўная жанчына і кіраўнік. З дабрынёй ставіцца да людзей. Харызматычная і разам з тым спакойная і ўраўнаважаная.Уладзімір Сухоўскі, выхавацель:
– Больш за 25 гадоў працую разам з Жаннай Уладзіміраўнай. Яе адрознівае высокі прафесіяналізм і крэатыўны падыход да справы. Праяўляе сябе ў творчасці, спорце, згуртоўвае калектыў на спаборніцтвах і іншых мерапрыемствах.Алеся Высоцкая, выхавацель:
– Вопытны кіраўнік, які ведаю сваю справу. Навучылася ў яе спакойна падыходзіць да вырашэння праблемных сітуацый.Марына Арцімовіч, выхавацель:
– Сумленны, справядлівы, чулы кіраўнік, які паказвае годны прыклад у рабоце. Чалавечыя адносіны для яе на першым месцы.Алена Валатковіч, выхавацель:
– Лідар, на якога хочацца раўняцца. Мудрая, адказная, душэўная. Яе каштоўная якасць – уменне вырашаць любыя праблемы і з дарослымі, і з дзецьмі.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.