Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Общество: Витебск выбирает BUTIKAVTO: в городе откроется второй автохаус сети
Пульс Миорщины: Подарок детям к празднику
Социальный вектор: Изменения в работе мобильного приложения M-Belarusbank
Актуально: С 5 по 16 октября проходит акция "Молодежь за безопасность"
Інтэрнэт і вокладкі глянцавых часопісаў стракацяць гісторыямі паспяховых людзей. На нефармальнай канферэнцыі ў раённым Доме культуры бізнес-лэдзі – удзельніцы ментарскай праграмы для жанчын у лідарстве – падзяліліся, як адольвалі няпросты шлях.
Як думаеце, што стрымлівае многіх ад адкрыцця ўласнай справы? Правільна, страх: не атрымаецца, не зразумеюць акружаючыя, не хачу вылучацца... Колькі яшчэ такіх “не”? У нашым грамадстве сфарміраваліся перадузятыя адносіны да людзей, якія самі ствараюць свой дабрабыт.
Пачуць іншых
– Міёры маюць пэўны патэнцыял у развіцці бізнесу, – лічыць міярчанка Дзіна. – Мне цікавыя думкі людзей, хто знайшоў плыні, накірункі на нашай зямлі. Я – правізар, мару распачаць свой бізнес, але пакуль прыглядаюся, прымерваюся. Хутчэй за ўсё, гэта будзе б’юці-сфера. Міёрам не хапае салона прыгажосці. Цяпер вывучаю інфармацыю, падатковыя дакументы.
–У маленькім горадзе няпроста распачаць сваю справу, аднак спрабаваць варта, – разважае сёлетняя выпускніца Паліна Стома. – Каб даказаць усім, што можаш, і няважна, што скажуць іншыя. Калі гэта маё – буду спрабаваць. Хачу развівацца ў сферы прыгажосці. Але спачатку ў планах атрымаць адукацыю, неабавязкова па профілі. Ужо потым ісці да сваёй мары.
Рада, што праект прыехаў у Міёры, гаспадыня “Мацейкавай сялібы” Галіна Паўлоўская:
– Тут шукаю новыя крэатыўныя ідэі для сваёй аграсядзібы. Майму бізнесу дзевяць гадоў. Пачыналі з невялікай вясковай хаткі, прапаноўвалі гасцям начлег. Цяпер наладзілі сямейны адпачынак са шматлікімі заняткамі. Хачу развівацца далей.
Распачаць сваю справу – пытанне не аднаго дня і нават тыдня. Мала распрацаваць канцэпцыю, неабходна прадумаць дэталі, знайсці пастаўшчыкоў, памяшканне, распрацаваць бізнес-план. Пры тым улічыць асаблівасці сферы, у якой плануеце дзейнічаць. І нават гэта не гарантуе стопрацэнтны поспех. Але адмоўны вынік – таксама каштоўны вопыт. У гэтым запэўнілі галоўныя гераіні канферэнцыі.
З правінцыі – у вялікі бізнес
Арганізатар праекта – ураджэнка райцэнтра, індывідуальны прадпрымальнік Вераніка Шэнда. Студэнткай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, дзе вывучала англійскую і нямецкую мовы, працавала ў міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Карытас”. У яе абавязкі ўваходзіла распрацоўваць ідэі праекта і шукаць фінансы на іх ажыццяўленне. Прыцягвала інвестыцыі замежных партнёраў з Бельгіі, Аўстрыі, Германіі.
Пасля заканчэння ўніверсітэта стажыравалася ў Германіі. Вярнулася ў Беларусь і стала намеснікам дырэктара “Карытас”. З новай пасадай павялічыліся і маштабы дзейнасці. На змену адраснай дапамозе канкрэтнаму чалавеку прыйшлі буйныя праекты на нацыянальным узроўні. Закончыла бізнес-школу. Адчула, што хоча развівацца ў іншым накірунку. Вырашыла адкрыць міні-кавярню. Паколькі вопыту ў гэтай сферы не было, звярнулася да франшызы. За паўтара месяца наладзіла першую кропку. Аднак папаўся нядобрасумленны партнёр.
– Высвятленне адносін каштавала шмат часу і нерваў, – сведчыць Вераніка. – Але гэта таксама вопыт, які загартаваў. Цяпер для мяне не праблема кантактаваць з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, адстойваць свае інтарэсы. Аказалася, каб быць на плаву ў кафейным бізнесе, неабходна літаральна “хварэць” кавай. Зразумела: не маё. Цяпер хачу развівацца ў IT-сферы.
З сёлетняга лютага развівае ўласны праект “Вдохновитель”. Мэта мабільнага дадатку – псіхалагічная падтрымка. Чалавек у стане дэпрэсіі піша, што яго трывожыць. Штучны інтэлект аналізуе інфармацыю і выдае каардынаты адрасата, які перажыў аналагічную праблему. Дадатак не замяняе чалавека, а толькі дапаўняе яго.
Вераніка Шэнда ўпэўнена: за поспех неабходна плаціць. Але перш-наперш трэба вызваліцца ад унутраных комплексаў. Па-другое, кантактаваць з аднадумцамі і абавязкова дзяліцца вопытам. І станоўчым, і адмоўным. Хоча стварыць у Міёрах клуб ініцыятыўных. Магчыма, гэта натхніць кагосьці на вялікія здзяйсненні.
Шлях у кулінарны турызм
Алена Ясюкайтэнэ рэалізавала праект па арганізацыі фермерскіх абедаў на прыродзе. Акрамя трапезы з 10 – 12 страў гасцям прапаноўваюць майстар-класы, кулінарныя батлы, фотазоны. Урачыстасці прымяркоўваюць да Нараджэння Хрыстова, Масленіцы, Вялікадня, Купалля.
Жаданне трымаць усё ў сваіх руках пачалося з непаразуменняў з кіраўніцтвам. Працавала ў сферы прыгажосці. Наступны этап – адкрыццё сэканд хэнда. Магазін з’явіўся следам за ідэяй. Першыя поспехі акрылілі. Аднак бізнес аказаўся сезонным, а гандаль – не тым, дзе хацела сябе рэалізаваць. Пасля закрыцця магазіна вучылася на повара і выплачвала даўгі па арэндзе.
Алена ўпэўнена, што неабходна выбіраць правільных партнёраў. Прымаць абдуманыя рашэнні. Вучыцца трэба ў лепшых. І дзякаваць тым, хто сваім недаверам робіць нас мацнейшымі.
Хачу пайсці ў IT!
Выпускніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Ксенія Сідаровіч займалася праектам “Гэта Беларусь, дзетка!”, сацыяльнымі сеткамі, крауд-кампаніяй, прыдумвала ідэі, працавала над партнёрствам з іншымі праектамі. Яна не мае спецыяльнай тэхнічнай адукацыі, а шлях у сферу высокіх тэхналогій пачала са стажыроўкі ў Вялікабрытаніі. Вярнуўшыся на радзіму, задумалася: чым заняцца? IT. Выбрала для сябе бізнес-аналітыку, прайшла курсы.
Галоўнае ў яе прафесіі – кантакты з людзьмі. Неабходна даносіць да распрацоўшчыка інфармацыю пра прадукт, які хоча атрымаць заказчык. Не баяцца задаваць няёмкія пытанні і пастаянна вучыцца.
Справу жыцця – напалову
Прадпрымальнік Вольга Пракоп’ева сутыкнулася з небяспекай весці сумесны бізнес з мужам. Яе кампанію па афармленні памяшканняў Prokopiev Catering давялося дзяліць напалову пры разводзе. Цяпер Вольга ўпэўнена, што лепш зрабіць стаўку на сваю справу, а не на роднага чалавека. Такім чынам не давядзецца апраўдваць чыесьці чаканні і расчароўвацца. Навучышся разлічваць толькі на сябе. З часам бізнэс-лэдзі стварыла сваю фірму і склала канкурэнцыю былому мужу.
Да прадпрымальніцтва праз мацярынства
Мінчанка Юлія Тамчук не думала, што мацярынства заахвоціць яе да ўласнай справы. Пастаянная стомленасць і патрэба ў самарэалізацыі выліліся ў сацыяльны праект “Матуліны памочнікі”. Валанцёры займаюцца з дзецьмі, каб адпусціць жанчын па справах.
Юлія – заснавальнік і кіраўнік “Жаночай школы-акселератара “Самарэалізацыя”. Дапамагае матулям у дэкрэтным адпачынку не выпасці з прафесіі, набыць новыя навыкі, распачаць уласную справу. Адзначае, што самае галоўнае – выдаткоўваць час і на бізнес, і на сям’ю.
Кавярня – для шчасця
Пяць гадоў таму Юлія Цярэнцьева разам з сям’ёй пераехала з Мінска ў Браслаў. Вырашыла змяніць шумную сталіцу на ціхую правінцыю і адкрыць утульную кавярню. Быў і партнёр, які пасля папярэдняй дамоўленасці знік. Разам з мужам – практыкуючым адвакатам – крок за крокам рабілі рамонт у памяшканні, куплялі мэблю. Памылак было шмат. Цяпер да ўсяго ставіцца па-філасофску, дапамагае ўсім, хто спрабуе сябе ў бізнесе. Раіць папярэдне падрыхтаваць глебу, і мяняць профіль, калі справа не ідзе.
Рэальнасць
Заняць сваю нішу ў маленькім гарадку куды прасцей, чым у мегаполісе. Па-першае, патрэбны нязначны стартавы капітал. Па-другое, меншая канкурэнцыя. Па-трэцяе, падтрымка дзяржавы ў выглядзе субсідый і дапамог. Спікеры нефармальнай канферэнцыі падвялі вынікі і вылучылі некалькі ідэй менавіта для Міёршчыны. Наша багацце – балота Ельня. Адпачынак на прыродзе, экскурсіі неабходна прапагандаваць. Але турыстам трэба дзесьці прыпыніцца, а на сайтах некаторых аграсядзіб няма нават фотаздымкаў.
Патрабуе насычэння і сфера паслуг: у райцэнтры не хапае ўтульнага кафэ, кавярні, дастаўкі ежы. Можна працаваць на аддаленым доступе ці паспрабаваць сябе ў сеткавым бізнесе.
Неабавязкова адкрываць Амерыку і ствараць уласны прадукт. Як варыянт – узброіцца гатовай ідэяй і адаптаваць яе да мясцовых умоў. Нягледзячы на вытворчыя рызыкі, страх няўдачы і грамадскае асуджэнне.
Фота аўтара.
Алена ВАРОНІНА.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.