У сувязі з нездавальняючай сітуацыяй па траўматызме пры выкананні шынамантажных работ Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы на працягу 2012-2014 гадоў у адрас рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага ўпраўлення і іншых арганізацый накіраваў 5 інфармацыйных лістоў па недапушчэнні парушэнняў бяспекі працы. Пры высвятленні абставін няшчасных выпадкаў выяўляецца, што некаторыя пацярпелыя нават не ўяўлялі пра пагрозу. У большасці наймальнікамі і работнікамі не забяспечваліся, а часта і проста ігнараваліся патрабаванні па захаванні тэхналагічных працэсаў, не адпавядала вытворчасці абсталяванне, не забяспечвалася належнае аснашчэнне працоўных месц, як патрабуюць нарматыўныя прававыя акты і правілы бяспекі.
Напрыклад, сёлета ў жніўні чатыры работнікі філіяла "Жодзішкі" УВП "Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў" выконвалі зварачныя работы на дыску кола камбайна, не ўлічыўшы, што шына напампавана паветрам і знаходзіцца пад ціскам. У выніку адбыўся моцны выбух, траўмаваны 4 чалавекі, з іх трактарыст-машыніст і электрагазазваршчык—з цяжкім зыходам.
Больш за 66 % сёлетніх няшчасных выпадкаў адбылося па віне наймальнікаў. Да бяды прывяло безадказнае стаўленне кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый да аховы працы і неналежны кантроль за захаваннем вытворчай дысцыпліны.
Адпаведна патрабаванняў нарматыўных прававых і тэхнічных актаў, да шынамантажных работ маюць допуск толькі асобы з належнай кваліфікацыяй, якія прайшлі спецыяльнае навучанне, інструктаж і праверку ведаў па ахове працы. Разам з тым, сёлета з 11 цяжкатраўмаваных работнікаў тры наогул не мелі прафесійнай падрыхтоўкі па шынамантажы, не праінструктаваны, не пратэсціраваны. У ліку такіх і трактарыст-машыніст СВК "Агра-Ліпнікі" Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці, які не зрабіў ачыстку вобада дыска бартавога кальца ад іржы, што стала прычынай няправільнай пасадкі яго на дыск кола і неспадзяванага зрыву. Парушальнікам бяспекі працы прызнаны загадчык рамонтнай майстэрні. Цяжкую траўму атрымаў слесар па рамонце аўтамабіляў з РДБВУП "Жлобінская ПМК-71". Пры выкананні работ па дэмантажы здвоеных колаў з задняй восі "МАЗ 555102" адбылося раз'яднанне здымных дэталяў вобада ўнутранага кола, з шыны якога папярэдне не спусцілі паветра. У выніку работнік атрымаў асколачны адкрыты са значным змяшчэннем пералом правай вялікай бярцовой косткі і адкрыты пералом правага надкаленніка. У ходзе расследавання прычын няшчаснага выпадку ўстаноўлена, што на правядзенне такога віду рамонтных работ не былі распрацаваны тэхналагічныя карты, і работнікаў, якія здымалі колы масай больш за 20 кг, не забяспечылі спецыяльнымі прыладамі. Пацярпеламу дапамагаў калега, які не прайшоў праверку ведаў і інструктаж па ахове працы. Вінаватыя—намеснік дырэктара па механізацыі, загадчык гаража і сам пацярпелы.
Каб не здараліся падобныя выпадкі:
-нельга дапускаць да выканання шынамантажных работ працаўнікоў без адпаведнай кваліфікацыі, праверкі ведаў і інструктажу па тэхніцы бяспекі;
-мантаж і дэмантаж шын дазваляецца праводзіць толькі пры дапамозе спецыяльных прылад, абсталявання, прыстасаванняў і інструментаў;
-трэба забяспечыць кантроль за захаваннем патрабаванняў Міжгаліновых правіл па ахове працы на аўтамабільным і гарадскім электрычным транспарце;
-на ўсе віды рамонтных работ неабходна распрацаваць тэхналагічныя карты з патрабаваннямі бяспекі;
-не дапускаць зняцце напампаваных паветрам колаў з разборнымі абадамі; дэмантаж з абадоў шын, якія знаходзяцца пад ціскам; ручное перакачванне з аднаго месца ў другое колаў, дыскаў і шын.
Юрый ДЗЯЖУРНЫ, галоўны дзярж-інспектар
Полацкай міжраённай інспекцыі працы.