Степан Секацкий - артиллерист, герой, учитель

gazeta
  • 65563


Радавое дрэва сваёй сям’і складае мінчанін Павел Рудзь. У пошуках звестак пра прадзядулю па мамінай лініі Сцяпана Сякацкага, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, звярнуўся ў рэдакцыю. Сваякі і знаёмыя расказвалі, што пра яго продка некалькі разоў пісала раённая газета. На Міёршчыну Сцяпан Сякацкі  трапіў ужо ў пасляваенны час. Пэўную інфармацыю праўнук знайшоў на сайце «Памяць народа», захавалася аўтабіяграфія прадзядулі, які марыў напісаць кнігу.

Нарадзіўся Сцяпан Сякацкі 10 жніўня 1913 года ў вёсцы Новыя Чамаданы Шклоўскага раёна ў сялянскай сям’і. У школу пайшоў амаль у 11 гадоў. Умеў чытаць, пісаць і лічыць, таму адразу стаў другакласнікам. Восенню 1927 года паступіў у Гарадзішчанскую сямігодку за дванаццаць кіламетраў ад дома. У сям’і было трынаццаць душ, таму зняць кватэру і забяспечыць харчаванне не мелі магчымасці. Хадзіў пешшу.

«Мне і самому неяк не верыцца, што я за сваё жыццё прайшоў дзясяткі тысяч кіламетраў. Не лічачы франтавых дарог. Настаўнікі мяне жартам празвалі Ламаносавым (хаця я кропля ў моры ў параўнанні з ім)», – пісаў у аўтабіяграфіі Сцяпан Венядзіктавіч.

У маі 1930-га Сцяпан Сякацкі разам са старэйшымі братамі ўступіў у калгас, працаваў па ліквідацыі няграматнасці ў сваёй вёсцы, стаў камсамольцам. Неўзабаве яго накіравалі на гадавыя педагагічныя курсы. Пасля іх працаваў у Прудаўскай пачатковай школе, завочна вучыўся ў Магілёўскім педінстытуце на літаратурным аддзяленні рускай і беларускай мовы. Вучобу перарвала Вялікая Айчынная вайна.

У чэрвені 1941 года Сцяпан Венядзіктавіч з’явіўся ў Шклоўскі райваенкамат, праз некалькі дзён яго разам з іншымі мужчынамі накіравалі капаць супрацьтанкавыя рвы паміж вёскай Плешчыцы і Магілёвам, дзе стаяла 172-я стралковая дывізія генерала Раманава. Рабілі гэта пад абстрэлам нямецкіх кулямётаў.

«Уявіце сабе: стальны вялізны маторны «Юнкерс» бамбіць горад Магілёў. Некаторыя нашы зенітчыкі выйшлі са строю прамым пападаннем бомб… Раптам з-за воблакаў наш знішчальнік, пікіруе, прама на хвост «Юнкерсу» і адрывае яму хвост. «Юнкерс» упаў недалёка ад нас і выбухнуў, толькі адзін лётчык паспеў спусціцца на парашуце, увесь экіпаж загінуў», – сведчыў удзельнік вайны і ўзгадваў, як фашысцкі лётчык прасіў паказаць чалавека, які яго збіў, каб паціснуць яму руку (той прайшоў першую сусветную вайну, прабамбіў усю Еўропу).

Да 11 ліпеня салдаты рылі акопы, супрацьтанкавыя рвы і ўмацоўвалі бліндажы. 25 сутак Магілёў змагаўся. Толькі 28 ліпеня фашысты завалодалі горадам. Пры наступленні было знішчана звыш 20 фашысцкіх танкаў, заколаты дзясяткі ворагаў. Тыя ў сваю чаргу спалілі зажыва больш за 300 цяжкапараненых чырвонаармейцаў, зачыніўшы іх на таку.

Восенню 1941 года Сцяпан Сякацкі разам з сям’ёй – жонкай і двума дзецьмі – перабраўся ў вёску Ніжнія Пруды да сваякоў жонкі. Збіралі на месцы былых баёў з маладымі хлопцамі, у тым ліку яго былымі вучнямі, тол, патроны, міны, знайшлі нават у падбітым танку спраўны кулямёт і схавалі ўсё ў лесе. У гэты час многія чырвонаармейцы выходзілі групкамі з лесу, змянялі ваенную форму на грамадзянскую, аб’яўляліся як людзі, «вызваленыя нямецкай арміяй», уладкоўваліся на работу да немцаў і працавалі падпольна супраць фашыстаў. Былі і судзімыя пры савецкай уладзе за растраты і махінацыі – яны адразу ішлі служыць у паліцыю.

Па ўспамінах Сцяпана Сякацкага, летам 1942 года ў навакольных лясах з’явіліся невялікія партызанскія атрады. Знаёмы параіў яму працаўладкавацца ў школу і быць сувязным. Займаўся зіму 1942-1943 гг. з вучнямі. У яго быў пропуск у камендатуру. Праз перакладчыцу даведваўся, куды паедуць карнікі і апавяшчаў пра гэта партызан.
Летам 1943-га карны атрад акружыў вёску Ніжнія Пруды. Сцяпана Венядзіктавіча разам з іншымі схапілі, прасядзеў у гестапа амаль месяц. Затым маці прынесла даведку, што яго бацька і брат забраны па лініі НКУС (пазней іх апраўдалі. – Заўвага аўтара), і яго адпусцілі, калег расстралялі. Падчас яшчэ адной аперацыі, калі карнікі палілі вёску, жонка з дзецьмі ледзьве паспелі збегчы, як і многія іншыя жыхары. У маі 1944 года Сцяпан Сякацкі быў схоплены ў ліку моладзі з мэтай сагнаць яе ў фашысцкае рабства, але іх вызвалілі нашы байцы.

«15 ліпеня мабілізаваны (па сваёй згодзе) весці барацьбу з фашыстамі да Дня Перамогі. Спачатку быў у запасным палку, у горадзе Казельску, а затым сувязістам у 1137-м лёгка-артылерыйскім палку 14-й Берлінскай дывізіі ля Мінска, які фарміраваўся. Праходзіў падрыхтоўку па сувязі, тапаграфіі. Восенню 1944 года наш полк быў перакінуты пад Варшаву. Паўднёва-ўсходней Варшавы мы капалі пад абстрэлам праціўніка траншэі, умацаванні, рыхтаваліся да наступлення», – пісаў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

12 студзеня на світанні пасля цяжкай артылерыйскай падрыхтоўкі пачалося імклівае наступленне, у якім удзельнічаў і 1137-ы артполк. Нашы войскі не давалі ворагу спыніцца, лінія нямецкай абароны была спынена магутным ударам. Рухаліся па вуліцах Варшавы, якія абстрэльваліся цяжкай артылерыяй. Іх вітала польскае насельніцтва, вызваленае з фашысцкага рабства.

«Наш баявы шлях ляжаў ад Варшавы праз г. Венгера – Лодзь – Познань – Памеранію на Кюстрын. На цэлінскім плацдарме наш 1137-ы артполк адным з першых высадзіўся 3 лютага 1945 года пад абстрэлам праціўніка. Лёд быў узламаны, і мы, сувязісты, пад абстрэлам праціўніка пракладвалі сувязь, замацаваўшы кабель на жалезных шостах на ўсходнім, затым на заходнім беразе Одэра па насціле дошак (на ледзяных трасах) мы ўручную пераправілі ноччу дзве батарэі 76-мм гарматы 1-га дывізіёна, якія былі адразу ўсталяваны на агнявыя пазіцыі, а 4 лютага былі перапраўлены ўсе гарматы. Давялося адбіваць гарматамі па 5-6 танкавых атак праціўніка. Фашысты імкнуліся скінуць нас у Одэр. Больш за месяц мы адбівалі атакі, і толькі 12 сакавіка быў штурмам узяты горад-крэпасць Кюстрын. Тут былі падземныя ваенныя заводы. У цахах стаялі новыя танкі, кулямёты, мінамёты, аўтаматы, міны, фауст-патроны, снарады. Пасля ўзяцця Кюстрына паўночна-заходней ад яго была акружана звыш васьмітысячная групіроўка фашыстаў, што імкнулася прабіцца да Берліна», – распавядаў салдат.

Па яго ўспамінах, 25 сакавіка хадзілі ў разведку і ўзялі «языка», які даў каштоўныя паказанні пра намер групіроўкі прабіцца да Берліна. У ноч на 30 сакавіка яна ажыццявіла задуманае. Камандзіра ўзвода цяжка паранілі, а Сцяпан Сякацкі прадоўжыў кулямётны агонь па фашыстах. Быў кантужаны, да 15 красавіка праляжаў у санроце, а затым зноў трапіў ва ўзвод кіравання разведчыкаў-сувязістаў.

«16 красавіка ўдзельнічаў у наступленні на Берлін, 20 красавіка нашы пушкі стралялі па Берліне. 22-25 красавіка мы ўдзельнічалі ў вулічных баях за Берлін.., – пісаў Сцяпан Венядзіктавіч. – У канцы красавіка нашым некаторым байцам былі дадзены сцягі для размяшчэння над купалам Рэйхстага, але нас апярэдзілі Ягораў і Кантарыя».
Пасля Берліна полк у складзе 5-й ударнай арміі рухаўся да Эльбы. Баі скончылі 8 мая ля горада Гетынгена на Эльбе. Пасля Перамогі дывізія перабазіравалася на сядзібу графа фон-Адніма.

У лістападзе Сцяпан Сякацкі трапіў у першую дэмабілізацыю. Працаваў дырэктарам, а пасля настаўнікам беларускай і рускай мовы ў школе, дзе калісьці вучыўся. Пазней быў пераведзены ў Шаркаўшчынскі, а затым і Міёрскі раён.

З 1962 года працаваў у Любіноўскай, а з 1964-га – ва Узмёнскай васьмігадовай школах. Аднак кантузія нагадала пра сябе, узніклі праблемы са зрокам, таму давялося пакінуць выкладанне. Працаваў загадчыкам склада на сенабазе, а затым у калгасах «Праўда» і «Гігант» на розных работах.

Зрэдку па просьбе вучняў выступаў у Павяцкай школе, расказваў пра свой жыццёвы шлях і подзвігі байцоў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Меў шэраг узнагарод, у тым ліку медалі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй», юбілейныя ў сувязі з перамогай над Германіяй і гадавін стварэння Узброеных Сіл СССР. Атрымаў ордэн Айчыны і быў прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі.

***

Разам з унукам удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Паўлам перагледзелі шэраг падшывак раённай газеты за 1970-1980-я гады і знайшлі адну з публікацый – нататку пра сустрэчу Сцяпана Сякацкага з аднапалчанінам Рыгорам Кабошкам (на фота), з якім разам змагаліся ў 1137-м артылерыйскім палку 169-й брыгады 5-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронту.

– Мне і гэтага дастаткова. Недарэмна прыехаў, – узрадаваўся мужчына.

Вось так, па кропельках, аднаўляецца сямейная гісторыя пра ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, героя. Складаецца радавое дрэва.

Падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.

← Предыдущая

В Миорах прошел митинг-реквием, посвященный 84-й годовщине расстрела нацистами евреев в городе и его окрестностях

Назад к списку
Следующая →

Радуницу: помним имена, лица, дела

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]