"Прадедушка Федор – счастливый человек» - рассказывает миорчанка Ольга Ветюгова

gazeta
  • 472

 Падзеі Вялікай Айчыннай вайны ўспрымаюцца па-іншаму – больш блізка, балюча і асэнсавана, калі пра іх распавядаць на прыкладзе сваёй сям’і. Так лічыць юрысконсульт ТЦСАН Вольга Вецюгова. З пакалення ў пакаленне ў іх сям’і перадаюцца гісторыі пра продкаў, у чые лёсы ўпісала чорныя радкі вайна. Для кагосьці яны сталі апошнімі. Каму пашчасціла выжыць, той назаўсёды ўсвядоміў каштоўнасць мірнага неба.

У Смаленскай вобласці знаходзіцца горад Духаўшчына. Цяпер райцэнтр, а раней гэта была вёска. Жыў тут са сваёй сям’ёй, у якой выхоўвалася чацвёра дзяцей, Фёдар Фролавіч Макеенкаў. Сам працаваў конюхам у калгасе, жонка Феадосія Пятроўна даглядала дзетак, спраўлялася з клопатамі па хаце і дамашняй гаспадарцы. Незадоўга да вайны Макеенкавы пабудавалі новую хату – самую прыгожую ў вёсцы.

Гаспадар – на фронт, сям’я – у канцлагер

– Фёдар Фролавіч Макеенкаў – мой прадзядуля. На жаль, жывым яго не застала. Пра ваеннае мінулае ведаю ад сваёй маці, яго ўнучкі, таксама адшукалі інфармацыю на сайце «Памяць народа», – расказвае Вольга Вецюгова. – На фронт Фёдар трапіў у ліпені 1941 года. Яго жонка Феадосія з чатырма дзецьмі, малодшаму з якіх – майму дзядулю – было чатыры гады, апынулася ў адным з канцлагераў на тэрыторыі Беларусі. У іх новай хаце ў Духаўшчыне размясціўся нямецкі штаб.

На працягу ўсёй вайны Фёдар Фролавіч не ведаў, дзе яго сям’я і што з імі. Яго ваенныя дарогі ішлі шляхамі Сцяпнога і Варонежскага франтоў, у складзе 1-га і 2-га беларускіх франтоў вызваляў Беларусь, Польшчу. Быў узнагароджаным медалём «За вызваленне Варшавы». Падчас наступальных баёў за ўкраінскі Ковель фарсіраваў раку, перавозячы на конях у тым ліку сродкі сувязі, што не была ні на хвіліну перарвана. Усё даставіў своечасова і без страт. За гэтую аперацыю атрымаў медаль «За баявыя заслугі».

– Нам вядома толькі пра гэтыя дзве баявыя ўзнагароды прадзядулі. Верагодна, іх было больш, аднак пакуль у інтэрнэт-крыніцах адпаведнай інфармацыі не адшукалі, – заўважае Вольга Іванаўна. – Яшчэ ў пачатку вайны – у жніўні 1941-га – Фёдар Фролавіч быў цяжка паранены ў баі. У лёгкім назаўсёды застаўся аскепак. Перамогу сустрэў у Берліне, пакінуў свой подпіс на будынку Рэйхстага.

 Ліст знайшоў адрасата 

Сям’я Фёдара Макеенкава да вызвалення Беларусі знаходзілася ў канцлагеры. Яны таксама не ведалі, дзе іх муж і тата. Усе: і жонка, і дзеці – вытрымалі пакуты ў нечалавечых умовах.

– Маленькія дзеці падпаўзалі пад калючы дрот і паўзлі на поле за памерзлымі буракамі, якія збіралі для ежы. Малое есці захоча, а маці яго паб’е, каб сплакалася і есці не прасіла. Мне пра гэта пасля дзядулевы сёстры расказвалі, яны старэйшыя былі, больш памяталі, – распавядае суразмоўніца. – Бабуля Таццяна заўсёды казала: «Дзякаваць Богу, дзетачкі, што няма вайны. Няхай я кавалачак хлеба буду есці, абы толькі вайны не было».

Пасля вызвалення вязняў канцлагера пасадзілі ў поезд, якія ехаў па Беларусі. Людзі выходзілі на прыпынках. Феадосія Пятроўна з дзецьмі вырашыла выйсці ў Шаркаўшчыне. Адтуль у Духаўшчыну напісала мужу са спадзяваннем, што ліст знойдзе адрасата.

Фёдар Фролавіч пасля вайны вярнуўся дадому. Салдата чакала спаленая вёска. І сяльчанін, які жыў у зямлянцы і захоўваў пісьмы, што накіроўвалі ў Духаўшчыну колішнія жыхары, якіх адсюль забрала вайна. Прачытаўшы ліст ад жонкі, Фёдар скіраваўся да родных у Шаркаўшчыну.

Назад у Духаўшчыну сям’я Макеенкавых ужо не вярталася. Відаць, не бачылі сэнсу ехаць на попелішча, тым больш у Шаркаўшчыне атрымалі дом. Сталі тут працаваць і наладжваць мірнае жыццё.

 З пашанай да тых, хто мір падарыў

– Свайго прадзядулю Фёдара Фролавіча я лічу шчаслівым чалавекам: яго шасцёра родных братоў загінулі на фронце, а ён адзіны прайшоў усю вайну і пражыў 70 гадоў з аскепкам у лёгкім, вярнулася з канцлагера ўся яго сям’я. Нашага сына мы таксама назвалі Фёдарам, – заўважае Вольга Іванаўна.

Адзінаццацікласнік Фёдар Вецюгоў гісторыю свайго продка з пакалення пераможцаў ведае ад бацькоў. Разам з імі штогод у Дзень Перамогі наведвае магілу Фёдара Фролавіча, які пахаваны ў Шаркаўшчыне. Ускладае кветкі да абеліска ў вёсцы Більдзюгі Шаркаўшчынскага раёна, дзе значыцца імя яшчэ аднаго продка-воіна Івана Адольфавіча Ермаловіча.

– Гэта родны брат майго дзядулі па лініі таты. 18-гадовым хлопцам яго прызвалі на фронт з Більдзюг у ліпені 1944 года. У красавіку 1945-га знік без вестак. Прадзядуля па татавай лініі – ураджэнец Магілёўскай вобласці Станіслаў Сцяпанавіч Бучынскі – пайшоў ваяваць у пачатку вайны, трапіў у палон і знік без вестак у канцлагеры ў 1941 годзе. Да гэтага часу не адшукалі пра яго ніякай інфармацыі, – расказвае Вольга Іванаўна. – Нашы дзеці павінны ведаць пра ўсе жахі ваеннага ліхалецця, каб у іх фарміравалася правільнае ўяўленне пра тое, кім і якой цаной была здабыта Перамога. На жаль, сучасная моладзь трапляе пад дэструктыўнае ўздзеянне асобных інтэрнэт-крыніц. Каб папярэдзіць гэты негатыўны ўплыў, у кожнай сям’і важна перадаваць з пакалення ў пакаленне гісторыі сваіх родных, якія прайшлі праз вайну і падарылі нам мірнае неба.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з архіва Вольгі ВЕЦЮГОВАЙ.

 

← Предыдущая

В Миорах прошел митинг-реквием, посвященный 84-й годовщине расстрела нацистами евреев в городе и его окрестностях

Назад к списку
Следующая →

С партизанскими историями продолжают знакомится ученики Дисненской школы

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]