Митинг, посвященный 81-й годовщине Победы в Великой Отечественной войне, прошел в Миорах

gazeta
  • 59965

 

Штогод 9 мая ва ўсёй нашай краіне людзі ідуць да мемарыялаў, брацкіх магіл, да абеліскаў і помнікаў, каб пакланіцца бессмяротным і бясстрашным, загінулым і жывым. Памяць пра тыя падзеі свяшчэнная і надае асаблівы сэнс нашай сучаснай гісторыі, дазваляе глыбей асэнсаваць, што такое сапраўдны патрыятызм, і што адзінства народа і яго воля да перамогі – нязломныя. У мітынгу на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў, прысвечаным 81-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, моладзь.

Праходзяць гады, змяняюцца пакаленні, а 9 мая 1945 года застаецца сімвалам адзінства народа, воінскай доблесці і працоўнай славы, які навечна ўпісаны ў народную па- мяць і гераічны летапіс нашай краіны, заўважылі вядучыя мітынгу Ігар Мятла і Марына Дзям’янава.

Свяшчэннае для жыхароў Міёршчыны месца – плошча Памяці загінулых барацьбітоў. Са святам Вялікай Перамогі павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба і заўважыў, што тут пахаваны воіны-вызваліцелі не толькі нашага раёна, але і ўсёй краіны, Еўропы, свету. Нагадаў гісторыю, калі 22 чэрвеня 1941 года Германія вераломна напала на Савецкі Саюз, і падкрэсліў, што захопнікі добра падрыхтаваліся да гэтай кампаніі, бо мелі вопыт баявых дзеянняў у Еўропе.

– Данія пратрымалася шэсць гадзін, Люксембург – адзін дзень, Галандыя – шэсць дзён, Югаславія – адзінаццаць, Бельгія – васямнаццаць, Грэцыя – дваццаць чатыры, Польшча – дваццаць сем дзён, Францыя – месяц і дванаццаць дзён, Казахстан – два месяцы, – прывёў факты Валерый Анатольевіч і заўважыў, што незлічоная мабілізацыя дазволіла фашысцкай Германіі будаваць планы захопу Савецкага Саюза, аднак яна не чакала, што сустрэне сур’ёзны адпор.

Па яго словах, асабліва цяжкім быў пачатак вайны. Знішчалася наша авіяцыя, немцы добра валодалі інфармацыяй, нашы войскі адступалі. Аднак гэтыя паражэнні дазвалялі назапашваць баявы вопыт і па крупінках збіраць будучую перамогу. Кіраўніцтва Савецкага Саюза прадпрымала дыпламатычныя намаганні, каб выратаваць мір. Былі эвакуіраваны ўсе прадпрыемствы, што дазволіла захаваць прамысловы патэнцыял і арганізаваць вытворчасць узбраення. Патрабавалася забяспечваць армію ўсім неабходным. Развіваўся партызанскі рух.

Усяго ў гэтай страшнай вайне загінула каля 27 мільёнаў савецкіх грамадзян. А мы ўжо 81 год жывём пад мірным небам.

– Выраслі некалькі пакаленняў, якія не ведаюць праўду пра падзеі, якія праходзілі на гэтай зямлі. Гэта наша вайна. Мы павінны захаваць памяць пра ахвяр, пра подзвігі дзядоў і прадзедаў, – падкрэсліў Валерый Драба.

Мірнага неба жадаў ваенны камісар раёна Сяргей Пляшкоў. Адзначыў, што сучаснікі ўдзячныя пакаленню пераможцаў. Наш народ першы сустрэў ворага, каваў перамогу на фронце, у партызанскіх атрадах і ў падполлі.

Прадстаўнік Маладзёжнага савета пры райсавеце дэпутатаў Дар’я Літвінава запэўніла, што моладзь будзе заўсёды памятаць подзвіг дзядоў і прадзедаў і ў сваю чаргу рабіць унёсак у развіццё і росквіт незалежнай Беларусі.

Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання. Да падножжа помніка леглі вянкі і кветкі як сімвал удзячнасці за магчымасць жыць і працаваць пад мірным небам. 

Алена ВАРОНІНА.
Фотарэпартаж аўтара.
← Предыдущая

В Миорах прошел митинг-реквием, посвященный 84-й годовщине расстрела нацистами евреев в городе и его окрестностях

Назад к списку
Следующая →

Радуницу: помним имена, лица, дела

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]