Историей своих родных дядей-фронтовиков поделилась миорчанка Светлана Белевич

gazeta
  • 65256


У ліпені 1944 года дваіх сыноў праводзілі на фронт Канстанцін і Вера Зінкевічы з вёскі Крукаўшчына. Мікалай дайшоў да Берліна і вярнуўся дадому. Уладзімір прапаў без вестак. Гісторыяй сваіх родных дзядзькаў-франтавікоў падзялілася міярчанка Святлана Бялевіч.

– Усяго ў дзядулі з бабуляй было чатыры сыны і дачка. Мікалай і Уладзімір – старэйшыя дзеці ў сям’і. Мікалай 1921 года нараджэння. Уладзімір – 1926-га, яму было 18, калі пайшоў ваяваць, – расказвае Святлана Вітальеўна. – Мой тата 1931 года нараджэння, у вайну падлеткам быў. Пра гэты час не расказваў. Заўважаў толькі, што ў дзяцінстве недаядаў. У 1941 годзе ў іх у доме стаяла карова, яна карміцелькай для сям’і была.

Як выглядаў дзядзька Уладзімір, Святлана не ведае. Захаваўся толькі адзін здымак, дзе ён малы сядзіць у маці на каленях. Доўгі час родныя не ведалі, што з ім стала. Пахаронку так і не атрымалі. На шматлікія запыты бацькі ў Чырвоны Крыж прыходзіў адказ – знік без вестак.

– Каля дзесяці гадоў таму адшукалі інфармацыю на партале «Памяць народа». Указана, што радавы Ула-дзімір Канстанцінавіч Зінкевіч служыў у трэцім гвардзейскім стралковым палку 90-й стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту, – заўважае Святлана Вітальеўна. – Тата неяк узгадваў, што яго маці Уладзіміру курыцу ў Латвію насіла. Дзядзька гаварыў, што брат у Латвіі ў балоце ляжыць. Магчыма, загінуў ён у Курляндскім катле ў раёне Ліепаі. Але гэта толькі меркаванне.

Старэйшы Мікалай служыў тэлефаністам у 298-м мінамётным Дрэздэнскім Чырванасцяжным ордэна Чырвонай Зоркі палку. У складзе 1-га Украінскага фронту ўдзельнічаў ва ўзяцці Берліна, вызваленні Прагі. Узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй», ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Усё яго мірнае жыццё прайшло ў роднай Крукаўшчыне. Тут стварыў сям’ю, у якой нарадзілася трое дзяцей. Пайшоў з жыцця ў 2001-м за два месяцы да свайго 80-годдзя.

Вясной 2020-га – у 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі – родных Мікалая Канстанцінавіча чакаў сюрпрыз. Дачка Таццяна вырашыла змяніць старую пацертую паперу з тыльнага боку іконы Святога Мікалая, што дасталася ёй ад бацькоў. Пад ёй аказаліся два фотаздымкі і татава пісьмо-трохкутнік, адпраўленае з фронту дадому 1 сакавіка 1945 года. У лісце франтавік цікавіцца здароўем бацькоў і бабулі, паведамляе, што жывы і здаровы, што вайна падыходзіць да канца, пытаецца, калі будзе свята Уваскрасення Хрыстова, перадае прывітанне ўсім родным. Вестку ад сына маці схавала ў ікону яго святога ахоўніка. Так франтавое пісьмо Мікалая Зінкевіча дайшло да яго дзяцей, унукаў і праўнукаў. Гісторыя пра знойдзены ліст з фронту і баявы шлях салдата за подпісам яго сына Анатоля, які жыве ў Калінінградскай вобласці, тры гады таму была апублікавана ў мясцовым перыядычным выданні. Газетны артыкул таксама папоўніў сямейны архіў. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з архіва Святланы БЯЛЕВІЧ.
← Предыдущая

В Миорах прошел митинг-реквием, посвященный 84-й годовщине расстрела нацистами евреев в городе и его окрестностях

Назад к списку
Следующая →

Радуницу: помним имена, лица, дела

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]