Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Актуально: Александр Жук провел встречу с коллективом детского сада №2
Актуально: Александр Ярохнович: в вопросах безопасности мелочей не бывает
Культура: Миорский район представил свою экспозицию на «Славянском базаре»
Актуально: Валерий Драбо обсудил вопросы безопасности с коллективом «Металлопрокатной компании»
Актуально: Единый день информирования прошел в трудовом коллективе ООО «Немстрой»
На Миорщине не осталось ветеранов Великой Отечественной войны. Осталась память о них. Она живет в фотографиях и газетных статьях, бережно хранящихся в семейных архивах, в воспоминаниях, передаваемых через поколения. Жительница райцентра Тамара Слюсарь поделилась материалами о своем отце-ветеране Великой Отечественной войны Николае Моисеевиче Слюсаре.
На Міёршчыне не засталося ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Засталася памяць пра іх. Яна жыве ў фотаздымках і газетных артыкулах, што беражліва захоўваюцца ў сямейных архівах, ва ўспамінах, што перадаюцца праз пакаленні. Жыхарка райцэнтра Тамара Слюсар падзялілася матэрыяламі пра свайго бацьку – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Маісеевіча Слюсара.
У свой час Мікалая Слюсара ў Міёрах ведалі многія. Быў галоўным заатэхнікам раённага зямельнага аддзела, старшынёй калгаса «Праўда», працаваў ветурачом на мясакамбінаце, а на заслужаным адпачынку ўзначальваў савет ветэранаў прадпрыемства.
На Міёршчыну Мікалай Маісеевіч трапіў пасля вайны. Пра Беларусь ураджэнец Вінніцкай вобласці Украіны шмат пачуў у 1942 годзе ў шпіталі ад франтавога сябра. Ужо пасля дэмабілізацыі вырашыў наведаць яго бацькоў у вёсцы Маёраўшчына (сучасны Новапагосцкі сельсавет. – Заўвага аўтара). Прыехаў у госці – і застаўся ў нашым раёне. Адыграла ролю патрэбная для сельскай гаспадаркі спецыяльнасць ветурача, якую меў украінскі афіцэр-франтавік.
Вялікую Айчынную вайну Мікалай Слюсар прайшоў ад першага да апошняга дня. Сустрэў яе на Львоўшчыне ў 99-м палку 3-й кавалерыйскай дывізіі імя Катоўскага, куды прызвалі на службу ў 1939-м. Вясной 1941 года вайскоўцам паведамілі, што іх дывізія будзе ўдзельнічаць у манеўрах. Ужо тады трывожылі весткі пра канцэнтрацыю нямецкіх войск на граніцы, да якой 10 – 15 кіламетраў.
Вось як успамінаў Мікалай Маісеевіч пра першы дзень вайны ў інтэрв’ю карэспандэнту раённай газеты:
«22 чэрвеня – нядзельны дзень. Салдаты маглі паспаць да сямі гадзін раніцы. У пачатку пятай гадзіны я выйшаў на двор. Убачыў чорнуў хмару. Узняўся вецер, замільгацелі маланкі, загрымеў гром. Кажу днявальнаму, што быццам стрэлы з дальнабойных гармат. Той у адказ, маўляў, было паведамленне аб моцнай навальніцы. Праўда пага-
дзіліся, што маглі пачацца манеўры. А неўзабаве каманда «Пад’ём!» Страху не было. Мы ўнутрана былі падрыхтаваны да нечаканасцяў. Атрымалі ўсё неабходнае для вучэнняў і пачалі пакідаць размяшчэнне сваёй часці. Наўздагон новая каманда: вярнуцца. Пачалі выдаваць новую зброю, перавязачны матэрыял, дайшло і да касак. Навошта каскі? Самі пытаемся і адказваем. Напэўна, адны падраздзяленні нашых войск будуць у касках, а другія ў фуражках, каб лепш арыентавацца камандаванню. Пра вайну ніхто ані слова.
Зноў каманда на марш. Над калонамі праляцеў фашысцкі самалёт. Прагрымелі выбухі. Зразумелі: вайна. Насустрач – жанчыны. Лямантуюць «Куды ж вы, дзетачкі, на смерць ідзяце? Там вашы таварышы склалі галовы».
Узрушэнне перадалося ўсім. Акрыліла вестка, што нашым палкам удалося адбіць атаку праціўніка і адступіць да старой граніцы. Абмяркоўваць падзеі не было часу. Прагучала каманда заняць абарону.
Першы бой. Ён быў зацятым і працягваўся гадзіны дзве. Пасля невялікага перапынку зноў сутычка. Падбілі некалькі танкаў. Шмат фашыстаў палягло пад нашым агнём.
Даводзілася манеўраваць. Пад вечар абарону занялі ўжо ў трэцім месцы. Вораг насядаў на флангі, абыходзіў пазіцыі». («Сцяг працы», № 59 за 22 чэрвеня 1991 года).
Наперадзе чакала яшчэ шмат цяжкіх баёў. Удзельнічаў Мікалай Маісеевіч у бітве за Сталінград, дзе быў паранены. Вярнуўся на фронт пасля некалькіх месяцаў у шпіталі. Прымаў удзел у вызваленні Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Давялося служыць у складзе Войска Польскага. Яго вайна скончылася 8 мая 1945-га ў Празе, а вайсковая служба – у 1947-м.
Фашызм = бесчалавечнасцьМікалай Слюсар адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Сярод іх медалі «За абарону Сталінграда», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў», ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэн Чырвонай Зоркі. Разам з імі на ўсё жыццё засталіся ўспаміны пра вайну, якую называў незагойнай ранай. Прыгадваліся шыбеніцы ў вёсках Арлоўшчыны, на якіх віселі старыя, жанчыны. У некаторых былі выкалаты вочы, на спінах выразана ласкутамі скура. На трэці дзень пасля вызвалення Мікалай Маісеевіч наведаў канцэнтрацыйны лагер Майданак на ўскрайку польскага Любліна. Пра ўбачанае расказваў:
«…Баракі, абнесеныя калючым дротам. Яны разбіты былі на секцыі. Усюды бачны вышкі, з якіх наглядалі за вязнямі. За баракамі – печы крэматорыя. Каля печаў стаяў стол, а на ім – бутэлькі з пітвом. У печах было шмат попелу. Гэта тое, што заставалася пасля спальвання людзей. Побач з печамі размяшчаліся газавыя камеры, дзе зняволеных атручвалі газам. У газавых камерах былі зроблены ілюмінатары. Відаць, фашыстам было прыемна назіраць за пакутамі людзей.
Непадалёку знаходзіліся склады. Там ужо адсартаваным захоўвалася адзенне вязняў, іх абутак. Нават пратэзы для ног былі пакладзены асобна.
А далей уразіла капуснае поле. Качаны вялікія, чорныя. Аказваецца, у якасці ўгнаення выкарыстоўваўся чалавечы попел. Ён і пафарбаваў качаны ў колер смерці.
Шмат трупаў закапвалі ў яму. У адным месцы яшчэ не паспелі нават прысыпаць зямлёй. Бачу, ляжыць мёртвая жанчына. Валасы доўгія, чорныя. Рукой абдымае дзяўчынку гадкоў пяці. Вось што такое фашызм». («Сцяг працы», № 59 за 22 чэрвеня 1991 года).
Мікалая Слюсара не стала ў 2002 годзе. Фотаздымкі і ўзнагароды беражліва захоўвае дачка Тамара Мікалаеўна. Прыведзеныя вышэй успаміны з газетнага артыкула сталі асновай даследчай работы, якую напісаў праўнук Максім – вучань адной са сталічных гімназій. У ёй распавядае пра франтавы шлях свайго прадзядулі і падкрэслівае, што ў сям’і беражліва захоўваюць памяць пра яго і пра вайну, убачаную яго вачыма.
Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял з архіва Тамары СЛЮСАР.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.