14 Апреля 2023

У Міёрах прайшоў адкрыты дыялог «Рэха памяці – нашчадкам»

gazeta
  • 518

 У гады Другой сусветнай вайны людзі гінулі не толькі на франтах. Куды больш чалавечых жыццяў забралі лагеры смерці. Пра нечалавечыя пакуты, праз якія давялося прайсці нашым продкам, ішла размова падчас адкрытага дыялогу «Рэха памяці – нашчадкам». Мерапрыемства адбылося ў СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі 11 красавіка – у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Аўдыторыя – старшакласнікі і працоўная моладзь. Менавіта ім захоўваць і перадаваць наступным пакаленням памяць пра перамогу над фашызмам і пра цану мірнага неба, што вымяраецца мільёнамі чалавечых жыццяў. 

«І памятаць страшна, і забыць нельга»

Сведчыць слоган падрыхтаванай бібліятэкарамі выставы тэматычнай літаратуры. Сярод прадстаўленых выданняў кнігі «Генацыд беларускага народа» і «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці». Зборнікі інфармацыйна-аналітычных і дакументальных матэрыялаў выдадзены пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа. У красавіку 2021 года Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Пракурорскія работнікі працягваюць выяўляць новыя, раней не вядомыя факты фашысцкіх злачынстваў. У ходзе папярэдняга следства былі дапрошаны 16 тысяч чалавек, з іх 7 600 – былыя вязні лагераў смерці, агледжана звыш 400 месцаў злачынстваў, заўважыў памочнік пракурора раёна Юрый Кавалёнак. Прывёў жахлівыя лічбы пра ахвяр лагераў смерці на беларускай зямлі. Згодна з абноўленай інфармацыяй, у Трасцянцы загінула не менш за 546 тысяч чалавек, у Мінскім гета знішчылі не менш за 90 тысяч яўрэяў, у лагеры смерці Калдычава Брэсцкай вобласці назаўсёды засталіся 22 тысячы чалавек. Памочнік пракурора падкрэсліў, што памяць пра подзвігі нашых продкаў і пакуты ахвяр вайны – духоўная аснова грамадства. У Беларусі ў 2022 годзе прыняты закон «Аб генацыдзе беларускага народа», у 2021-м – закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». Гэта асабліва актуальна на фоне падзей, што маюць месца ў суседніх краінах. У прыклад Юрый Кавалёнак прывёў маршы нацыстаў у Вільнюсе.

Трагедыя без тэрміну даўнасці

– Урокі, якія сусветная супольнасць вынесла з Другой сусветнай вайны, для многіх прайшлі дарэмна. Нашчадкі тых, хто знішчаў наша насельніцтва, імкнуцца ўзяць рэванш. Аднак нічога ў іх не атрымаецца, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба. – Савецкі Саюз перамог фашызм у страшнай кровапралітнай вайне. Яе трагедыя не мае тэрміну даўніны. Мы ніколі не павінны забыць жахі генацыду ў адносінах да нашага і іншых народаў. Мы абавязаны памятаць і перадаваць гэта будучым пакаленням.

Расказаў Валерый Анатольевіч пра гаспадыню, у якой кватараваў студэнтам. Яна трапіла ў лагер у 17 гадоў. Тройчы яе вялі на смерць, і кожны раз канваір адпускаў маладую дзяўчыну з доўгай касой. Так яна засталася жыць. Родны дзядуля – Пётр Аляксандравіч Драба – тры месяцы правёў у варожым палоне, адкуль удалося ўцячы, у 1944-м падчас атакі страціў нагу.

Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур трымае ў руках гісторыка-дакументальную хроніку «Памяць. Міёрскі раён» (на фота). Тут змешчаны артыкул «Выжыў цудам» пра яго бацьку Станіслава Міхайлавіча, які прайшоў праз тры фашысцкія канцлагеры – Бухенвальд, Натцвайлер, Дахау. Зведаў холад, голад, цяжкую працу, бязлітасныя пабоі. Аднойчы, працуючы на каменяломні, моцна пабіў нагу. Хворых і нямоглых вязняў чакаў крэматорый. Аднак нямецкі ўрач вылечыў параненага. Кіраваў доктарам выключна прафесійны інтарэс: ці выжыве хворы з такой траўмай. Станіслаў Міхайлавіч дажыў да 93 гадоў.

Больш падрабязна ў новым выпуску раённай газеты.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

В Миорах прошел митинг-реквием, посвященный 84-й годовщине расстрела нацистами евреев в городе и его окрестностях

Назад к списку
Следующая →

У ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС удзельнічала каля 600 тысяч чалавек

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]