19 Апреля 2026

Четыре истории жизни: Малолетние узники фашизма на Миорщине

gazeta
  • 10115


11 КРАСАВІКА - МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ВЫЗВАЛЕННЯ ВЯЗНЯЎ ФАШЫСЦКІХ КАНЦЛАГЕРАЎ

На Міёршчыне засталіся чатыры малалетнія вязні фашызму. Гісторыя кожнага з іх вучыць верыць у лёс. Здавалася б, шанцаў выжыць няма. Аднак ім было наканавана жыць. 

Старэйшая з былых вязняў – міярчанка Уладзіслава Станіславаўна Томка. 9 мая ёй споўніцца 98 гадоў. У канцлагер у Франкфурт-на-Майне з родных Марцінаўцаў яна трапіла 13-гадовым падлеткам. «Тэрыторыя вялікая. Людзей шмат. У дзяцей кроў бралі. Пасля іх, нібы смецце, з машыны выгружалі. Я толькі аднойчы на такую працэдуру трапіла. Галадалі. Калі што дадуць паесці, а калі і днямі без ежы», – расказвала Уладзіслава Станіславаўна падчас інтэрв’ю ў 2019 годзе. Наглядчык лагера пасля забраў дзяўчыну да сябе, даглядала яго дзяцей. Дазваляў насіць ежу брату-франтавіку, што таксама знаходзіўся ў палоне ў Франкфурце-на-Майне. Яшчэ ў лагеры цыганка сказала Уладзе, што і яна, і брат вернуцца дадому ў адзін дзень. Так і адбылося. Пешы шлях у родны край для дзяўчыны доўжыўся тры месяцы.

«Кідай яе, жыць усё роўна не будзе, а нас крыкам выдасць», – раілі жанчыне, якая нарадзіла чацвёртую дзяўчынку. Жыхары тагачаснага Асвейскага раёна, якім удалося ўцалець пасля карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва», хаваліся ў ваколіцах. У зямлянцы паблізу Каханавіч 16 студзеня 1944 года з’явілася на свет Дзіяна Іосіфаўна Крук. Уратавацца ад ворагаў яе сям’і не ўдалося. На мяжы Беларусі і Латвіі трапілі ў рукі латышскім карнікам. Сям’ю раздзялілі. Дзве старэйшыя сястры засталіся працаваць у латышоў, яшчэ адну адправілі ў Германію. Бацькі з немаўляці аказаліся ў канцлагеры. Выжылі ўсе. Мірнае жыццё пачалі на Міёршчыне. Наш райцэнтр стаў родным для Дзіяны Іосіфаўны. «Маленства ў холадзе і няволі з часам адбіліся на здароўі. Але ўжо тое, што я тады выжыла – Божы цуд», – заўважала яна напярэдадні свайго 80-годдзя.

7 мая 1944 года – дзень нараджэння Людмілы Іванаўны Бялевіч з Чапукоў. Перамогу яе маці сустракала з маленькай на руках у Германіі, куды цяжарнай была вывезена на прымусовыя работы ў 1943-м. Спачатку працавала ў гаспадара, пасля нараджэння дзіцяці ўдалося ўладкавацца санітаркай у шпіталь. «Я была так змёрзшы, што давялося скуру на левым баку перасаджваць… Я ў шпіталі як донар была. Дзеці там ад немаўлят да дзесяці гадоў знаходзіліся», – расказвала Людміла Іванаўна сваю гісторыю, якую ведае ад маці.

Самая малодшая сярод малалетніх вязняў – Валянціна Мацвееўна Гугала з вёскі Маляўкі Міёрскага сельсавета. Нарадзілася 2 студзеня 1945 года ў Германіі, куды восенню 1943-га вывезлі яе сям’ю. Бацькам па-свойму пашчасціла: трапілі не ў канцлагер, а ў прыватную гаспадарку. Але і там было зусім не салодка. «Мама казала, яны з татам кароў у гаспадара даглядалі. Кармілі работнікаў дрэнна, баландай нейкай. Ратаваліся тым, што малака свежага папіць маглі. У лазні мыцца не дазвалялі. Нават цяжарная маці да апошняга даіла кароў», – распавядала Валянціна Мацвееўна.

Трое з чацвярых малалетніх вязняў фашызму пра сваё маленства веда- юць ад бацькоў. Іх памяць не захавала асабістых успамінаў. Аднак у падсвядомасці трывала замацавалася разуменне каштоўнасці міру. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял з архіву рэдакцыі.
← Предыдущая

Тростенец и Озаричи: символы ужаса на белорусской земле

Назад к списку
Следующая →

Радуницу: помним имена, лица, дела

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]