16 Октября 2026

В числе тысячников на жатве-2026 Валерий Кадушко и Виктор Шиман из СУП «Титово»

gazeta
  • 4829

 

У ліку тысячнікаў на жніве – 2026 Валерый Кадушка і Віктар Шыман з СУП «Цітова». Цяпер заняты іншымі клопатамі ў гаспадарцы. Абодва – пенсіянеры, але развітвацца з працоўнымі абавязкамі не спяшаюцца. Старанна выконваюць звыклую работу і адчуваюць асабістую адказнасць за яе вынік.

Адпачываць не ўмее

З СУП «Цітова» Валерыя Кадушку звязваюць звыш сарака працоўных гадоў. Тут жа былі заняты яго бацькі. Сам у сельскую гаспадарку пайшоў па прапанове колішняга кіраўніка мясцовага калгаса Івана Ерамеевіча Анісімава.

– Вельмі добры ён быў чалавек, – заўважае. – Прапанаваў адвучыцца ці на агранома, ці на тэхніка-механіка. Мне тэхніка бліжэй, таму выбраў другі варыянт.

У гаспадарцы Валерый Вадзімавіч займаўся рознымі работамі. Быў вадзіцелем, аўтамеханікам. Каля 25 гадоў працаваў галоўным інжынерам. На рахунку аграрыя больш за дзесяць уборачных кампаній. На пытанне, якая з сельскагаспадарчых работ найбольш па душы, заўважае:

– Паўсюль трэба працаваць. Прынцып у мяне такі: любую работу трэба або рабіць добра, або не рабіць увогуле.

Засталі Валерыя Вадзімавіча на трамбоўцы сіласнай ямы. Пасля ўборачнай змяніў камбайн на пагрузчык. Таксама на ім грузіць кармы для жывёлы.

Сельскі працаўнік выглядае маладзей за свае пашпартныя 68. Шэсць гадоў, як выйшаў на адпачынак і працягвае працаваць.

– Прапаноўваюць – іду. Ёсць магчымасць падзарабіць на пенсіі, – гаворыць ён. – З красавіка працую, зімой дома буду.

На сваім падворку клопатаў дастаткова. Гадуюць свіней і птушку, даглядаюць сад. Спраўляюцца з хатняй гаспадаркай разам з жонкай, дапамагае дарослы сын.
Як заўважае Валерый Вадзімавіч, адпачываць ён практычна не ўмее.

Уборачная – справа гонару

Для Віктара Шымана сёлетняя ўборачная ў якасці працаўніка СУП «Цітова» першая. Па вяртанні з арміі ў 1987 годзе і да нядаўняга выхаду на адпачынак працаваў у КУП «Язна».

– Тры месяцы на пенсіі пабыў, – усміхаецца суразмоўнік. – Запрасілі на ўборачную – пайшоў. І кукурузу ўбіраць застаўся, заняты на адвозцы.

Гутарым з Віктарам Генадзь- евічам на кукурузным палетку. Побач трактар «Беларус 3022» з прычэпам, куды змяшчаецца 13 тон зялёнай масы.

– У язненскай гаспадарцы на «Беларусе» 14 гадоў адпрацаваў. Вясной і восенню – з плугамі, затым адвозка зялёнай масы, зімой кармы развозіў, – распавядае суразмоўнік. – Але найбольш люблю ўборачную. Сёлета намалаціў звыш тысячы тон на КЗС-1218, які ў справе 14-ы сезон.

Прыгадвае яскравы ўспамін з дзяцінства, калі пасвіў з бабуляй кароў, а побач на поле камбайны прыехалі. Хлапчука паклікалі пакатацца. Вось тады дакладна вызначыўся з будучай прафесіяй і на пытанне: «Кім хочаш стаць?» упэўнена адказваў: «Камбайнёрам!»

На ўборцы зерневых памочнікам камбайнёра працаваў з 14 гадоў. З таго часу, як заўважае Віктар Генадзьевіч, не прапусціў ніводнай уборачнай. За выключэннем трох гадоў тэрміновай службы на марскім флоце ў Эстоніі. Таму ўдзел ва ўборачнай кампаніі для яго – справа гонару.

– Да арміі на трактары ў калгасе быў заняты. Пасля службы думаў у горадзе работу знайсці, але гэта не маё. Ды і бацькам трэба было дапамагаць. Яны таксама ў калгасе працавалі. Увогуле, дзе б ні быў, а хочацца дадому, дзе кожны кавалачак зямлі знаёмы, – расказвае сяльчанін. – Тут ажаніўся. Ад гаспадаркі кватэру атрымалі. З тэхнікі мне даверылі ГАЗ-53 і камбайн «Енісей». Пасля 13 гадоў на «Доне» адпрацаваў. Затым былі «Палессе»: КЗС-7, КЗС-10К, КСЗ-1218.

Акрамя гаспадарчых, чакалі клопаты дома. Спраўляліся разам з жонкай, дапамагалі дачка і сын. Дарослыя дзеці прыязджаюць да бацькоў з Жодзіна і Віцебска. Віктар Генадзьевіч – тройчы дзядуля. Заўважае, унукам, як і яму калісьці, цікава паназіраць за работай камбайнаў у полі.

Сельскі працаўнік прывык, што перыяд для адпачынку – зіма. Вольным часам скіроўваецца на рыбалку. Вось і гэтай зімой плануе адпачыць і не выключае, што вясной вернецца да звыклых клопатаў у сельгаспрадпрыемстве.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

← Предыдущая

Сельхозпредприятия Миорщины подготовились к зимнему периоду

Назад к списку
Следующая →

Вспашка под лен идет на Миорщине

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]