07 Августа 2023

Універсальныя салдаты з "Мерыцы"

gazeta
  • 539

 З раніцы некалькі разоў прайшоў спорны дождж і абазначыў для камбайнераў планы на рабочы дзень. Засталі іх на машынным двары ля сваіх палявых караблёў. Гавораць, і тут клопатаў хапае.

– Як ля камбайна папрацуеш, так і будзеш убіраць, – падкрэслівае Іван Курыловіч.

– Тэхніка патрабуе ўвагі, таму і ў дождж без справы не застаёмся, – дапаўняе калегу Андрэй Язёнак.

– Мой камбайн КЗС-10 самы новы. Пяты сезон на ім убіраю. Любой тэхніцы патрэбны пастаянны кантроль і абслугоўванне, – пацвярджае Пётр Аніська. 

У гаспадарцы вакансіі загадчыка майстэрні, інжынера, токара, слесара. Абслугоўваннем і рамонтам камбайнаў і іншай замацаванай за імі тэхнікі механізатары займаюцца самі. Даводзіцца праяўляць кемлівасць і знаходлівасць, шукаць аптымальныя варыянты.

– Мяняю кола. Заўважыў, што корд ад дыска пачаў адставаць, – расказвае Іван Іосіфавіч і на маё здзіўленне наконт самастойнага рамонту мудра заўважае: – Жыццё многаму навучыць. І з вопытам усё прыходзіць.

У мінулую нядзелю Івану Курыловічу споўнілася 58 гадоў, можна ісці на льготную пенсію. Жартуе, што калі не прагоняць, яшчэ папрацуе. У сельскай гаспадарцы з 1989 года. Вярнуўся з сям’ёй у родныя мясціны з Полацка, дзе быў заняты на заводзе шкловалакна. Спачатку працаваў у калгасе імя Чапаева з цэнтрам у Латышах. Пасля сельгаспрадпрыемства аб’ядналі з «Мерыцай».

Пачынаў у чапаеўскай гаспадарцы Андрэй Язёнак, куды прыйшоў трактарыстам пасля службы ў арміі.

Пётр Аніська кагорту аграрыяў папоўніў у 1999-м. Таксама мясцовы, родам з Чурылава.

– На трактары працаваў, затым другі далі. Цяпер і кашу, і сею, і ўбіраю. За мной тры адзінкі тэхнікі. Не паспяваю з адной на другую перасаджвацца, – расказвае суразмоўнік.

З настальгіяй прыгадваюць механізатары часы, калі гаспадарка не мела праблем з кадрамі, больш моцнай была матэрыяльная база.

– Сучасная моладзь у сяло не імкнецца. Калі хто прыходзіць на працу, як правіла, надоўга не застаецца, – ледзь не ў адзін голас заўважаюць хлебаробы.

Самі яны, як салдаты, стойка і мужна пераносяць складанасці сельскай працы. Падымаюцца рана – летам рабочы дзень з сямі раніцы. У спрыяльнае надвор’е гадзін да дзесяці – адзінаццаці завіхаюцца ля камбайнаў. Пасля выязджаюць на палеткі, дзе курсіруюць да вячэрняй расы з перапынкамі на абед і падвячорак, што дастаўляюць на месца. Увечары трэба пачысціць тэхніку ад пажніўных рэштак і прыгнаць на машынны двор.

– Палі кампактна размешчаны. Да самага дальняга крыху больш за дзесяць кіламетраў. Таму на пераезд шмат часу не затрачваем, – гавораць камбайнеры.

Пасля работы чакаюць хатнія клопаты. Напрыклад, на падворку Івана Курыловіча дзве каровы. Трымаюць гаспадарку і яго калегі. Сон летнімі начамі ў сельскіх працаўнікоў кароткі. Гадзін шэсць – і зноў за справы.

Сельская праца, як і армейская служба, загартоўвае, патрабуе вынослівасці і ўзаемападтрымкі. На полі камбайнеры трымаюць адзін аднаго ў полі зроку і пры неабходнасці спяшаюцца на дапамогу.

На іх памяці розныя сітуацыі, з якімі сутыкаліся падчас уборачнай.

– Не раз здаралася, што камбайны ў полі буксавалі, – гаворыць Іван Іосіфавіч. – Аднак такога, каб з вясны і амаль два месяцы лета даждоў не было, не прыгадаю.

Капрызы надвор’я і напружаная праца з усімі яе складанасцямі не пазбавілі працаўнікоў сяла добразычлівасці, бадзёрасці духу і пачуцця гумару. Дасціпныя жарты пастаянна гучалі падчас непрацяглай размовы. Надоўга затрымліваць хлебаробаў не выпадае. Падчас уборачнай кожная хвіліна каштоўная. Нават у пахмурны дажджлівы дзень.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Семинар по кормозаготовке прошел в аг. Повятье

Назад к списку
Следующая →

На Міёршчыне пад азімы рапс адвялі 110 гектараў супраць 100 мінулагодніх

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]