06 Июня 2025

Отстаивает интересы людей и создает условия для достойной работы председатель районной организации профсоюза работников АПК Валентина Борок

gazeta
  • 1061

Важный вклад в обеспечение продовольственной безопасности региона и страны вносят аграрии Миорщины. А кто заботится о них? Отстаивает интересы людей и создает условия для достойной работы районная организация профсоюза работников АПК. Портрет ее председателя Валентины Борок занесен на отраслевую Доску почета Витебской области.

Важны ўнёсак у забеспячэнне харчовай бяспекі рэгіёна і краіны робяць аграрыі Міёршчыны. А хто клапоціцца пра іх? Адстойвае інтарэсы людзей і стварае ўмовы для годнай працы раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК. Партрэт яе старшыні Валянціны Барок занесены на галіновую Дошку гонару Віцебскай вобласці.

Цікавімся ў Валянціны Ананьеўны, як наладжана работа з людзьмі.

– Праца аграрыяў цяжкая і вельмі важная. Кожны з іх дастойны ўзнагароды. Менавіта таму падчас асноўных сельскагаспадарчых кампаній ладзім працоўнае спаборніцтва. Вызначаем найлепшых на сяўбе збожжавых і зернебабовых культур, рапсу, а таксама на корманарыхтоўцы, жніве, – падкрэслівае суразмоўніца. – Гэтымі днямі мы падводзім вынікі вясенне-палявых работ.

Прамежкавыя паказчыкі чытачы раёнкі бачаць у рубрыцы «Дошка гонару». Па выніках спаборніцтва найлепшымі сталі: у падрыхтоўцы глебы – Сцяпан Станкевіч з СУП «Цітова», які ўзараў 757 га, вызначыліся на сяўбе Аляксандр Каснікоўскі з СУП «Цітова», Аляксандр Прашкевіч з ААТ «Туркова» і Уладзімір Сіўко з філіяла «Павяцце», што загарнулі ў зямлю насенне на 749, 594 і 578 га адпаведна. На ўнясенні мінеральных угнаенняў лідзіравалі Міхаіл Маскалькоў з СУП «Чэрасы», Алег Друз з ВУПКУ «Міёрскі» і Анатоль Сачыўка з СУП «Цітова» з вынікамі ў 1 655, 1 561 і 1 529 га. На хімапрацоўцы пасеваў шчыраваў Яўген Шаўлюга з СУП «Чэрасы», які апрацаваў 740 га.

Найлепшых на сяўбе кукурузы вызначаць пазней, паколькі работы зацягваюцца ў сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я. Разам з тым пачалася корманарыхтоўка.

– Вызначалі лідараў па некалькіх групах, тэхніку падзялілі на звычайную і энерганасычаную, бо працуюць людзі ў абсалютна розных умовах, – тлумачыць. – Крыўдна, калі агульны вынік залежыць не толькі ад механізатара. У многіх гаспадарках адчуваецца недахоп кадраў, таму іх перакідваюць з адной работы на іншую. У такім выпадку стаць найлепшым не атрымаецца. Але ж чалавек у гэтым не вінаваты, таму імкнёмся улічыць усе нюансы. Ці, напрыклад, ёсць розніца, адзін ці некалькіх пасяўных агрэгатаў у гаспадарцы. Канешне, той, хто адзін выконвае гэтую работу, будзе ў пераможцах. Вызначыць лідараў цяжка.

Заслужаныя ўзнагароды ўручаюць на рабочым месцы – у полі. Заахвочваюць і тых, хто быў заняты на многіх работах і выканаў значны аб’ём. Гэта значыць, што цяпер ацэньваюць іх унёсак у сельгасвытворчасць, а вынікі сельскагаспадарчага года падвядуць на Дні работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Падтрымліваюць пераможцаў іх калегі і кіраўніцтва гаспадаркі. Нярэдка акрамя прафсаюзных узнагарод яны дораць падарункі ад сябе, што яшчэ раз пацвярджае карысць здаровага саперніцтва. Дырэктары сельгаспрадпрыемстваў самі ініцыююць узнагароджанне работнікаў.

– Вітаю, калі кіраўнік стаіць гарой за сваіх людзей – і спецыялістаў, і работнікаў. Гэта правільна, – аналізуе прафсаюзны лідар. – Напрыклад, Іван Юрашак, калі ўзначальваў ААТ «Туркова», імкнуўся заахвоціць як мага больш старанных работнікаў, той жа пазіцыі прытрымліваецца і цяпер у якасці начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

Прафсаюзы – злучальнае звяно паміж наймальнікам і работнікам. Старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў работнікаў АПК трымае на кантролі ўмовы працы аграрыяў. У першую чаргу надае ўвагу бяспецы на рабочым месцы, а таксама правярае, як выплачваецца заробак, нала- джаны гарачае харчаванне занятых на сельгасработах і быт маладых спецыялістаў. Маніторыць налічэнне да мінімальнага заробку, даплаты за звышурочную работу, шкодныя ўмовы працы.

Па словах Валянціны Барок, прыклад таго, як трэба клапаціцца пра сваіх работнікаў, паказвае СУП «Цітова». Круглы год тут працуе сталовая, не ўзнікае пытанняў з забеспячэннем спецадзеннем. Падобная сітуацыя ў ААТ «Туркова». Аднак, па яе словах, клопат пра людзей не заўсёды мае на ўвазе наяўнасць фінансавых сродкаў. Гэта яшчэ і ўзаемаадносіны ў калектыве, уменне адміністрацыі выслухаць праблемы, унікнуць у сітуацыю і дапамагчы. А з боку работніка – жаданне падтрымаць кіраўніцтва.

На жаль, не ўсюды складваюцца добрыя адносіны з маладымі спецыялістамі. За імі неабходна замацоўваць настаўніка, які падтрымае і падкажа. Нярэдка моладзь і сама задае тон у калектыве. Лёгка і проста працаваць з маладым галоўным эканамістам з ААТ «Узмёнскі край» Ільёй Жаброўскім.

Яшчэ адзін аспект работы прафсаюзаў – санаторна-курортная работа. Валянціна Барок заўважае, што вяскоўцы не вельмі ахвотна скіроўваюцца на адпачынак, аднак карыстаюцца папулярнасцю туры выхаднога дня.

Удзячна старшыням пярвічак за тое, што адгукаюцца на ўсе прапановы, далучаючы да ўдзелу ў конкурсах членаў сваіх сем’яў. Нядаўна дзеці малявалі на тэму «За бяспечныя ўмовы працы». Усіх узнагародзяць.

– Хочацца дапамагчы кожнаму, усіх заахвоціць, для гэтага выкарыстоўваем розныя формы і метады работы, – падсумоўвае і дадае: – Трымаю на кантролі выкананне заканадаўства ў часці выплаты заработнай платы, бо чым яна вышэй – тым больш у нас магчымасцей заахвоціць чалавека працы. 

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва рэдакцыі.

← Предыдущая

Визит представительниц БСЖ во Дворец Независимости: впечатления и эмоции

Назад к списку
Следующая →

Накануне профессионального праздника корреспонденты газеты окунулись в рабочий процесс предприятия "Витебчанка" в Дисне

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]