15 Февраля 2022

Прыклад афіцэра

gazeta
  • 514
Жалобная вестка гэтага тыдня: на 82-ім годзе пайшоў з жыцця былы шматгадовы кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Бяспальчанка.

Уладзімір Сяргеевіч нарадзіўся ў Харкаўскай вобласці Украіны. Там прайшлі яго дзіцячыя гады. Юнаком асвоіў няпростую спецыяльнасць токара і дасягнуў высокага майстэрства ў выкананні складаных заданняў. Павышаў кваліфікацыю ў вучылішчы, а ў 1958 годзе быў прызваны на службу. Лёс звязаў яго з флотам – мараком стаў у Калінінградзе. Наступнай прыступкай армейскага росту аказалася Варонежскае ваеннае вучылішча, дзе стаў спецыялістам па самалётах і рухавіках. Тэхнікам-механікам прадоўжыў службу на марской авіябазе зноў у Калінінградзе, прайшоў шлях ад матроса да старшага лейтэнанта.
Потым камандаванне накіравала афіцэра камандзірам роты ў горад Остраў, затым – камандзірам батальёна ў Быхаў. У 1979-ым месцам службы сталі нашы Міёры. Тут выслужыў устаноўлены тэрмін і ў званні маёра звольніўся ў запас. Адзначаны шматлікімі медалямі і ордэнам «За службу Радзіме» трэцяй ступені.

Аднак яшчэ хапала сіл і энергіі для мірнай працы. У райцэнтры некалькі гадоў узначальваў добраахвотнае пажарнае таварыства, а потым быў абраны старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі. Гэта ў пэўнай ступені грамадскае даручэнне ўспрыняў напачатку як часовае, аднак аддаў яму 16 гадоў жыцця. Не толькі прымаў удзел у розных мерапрыемствах і арганізоўваў кампаніі, але і клапаціўся, каб ветэраны актыўна ўдзельнічалі ў жыцці Міёршчыны, займаліся патрыятычным выхаваннем моладзі. І сам часта сустракаўся з моладдзю, школьнікамі. Перад кіраўніцтвам раёна ставіў пытанні аб канкрэтнай дапамозе састарэлым. Сам не пераставаў займацца любімай рыбалкай і майстраваць тэхніку для дома.

З’яўляўся дэлегатам першага Усебеларускага народнага сходу.
У памяці ветэранаў Уладзімір Сяргеевіч застанецца інтэлігентным, добразычлівым і вясёлым чалавекам, заўсёды гатовым дапамагчы і падтрымаць. Гэтыя якасці дазвалялі яму знаходзіць падтрымку ў райвыканкаме, сярод кіраўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый. Ён цесна супрацоўнічаў і з рэдакцыяй раённай газеты. Таму і я разам з пакаленнем старэйшых жыхароў Міёршчыны шчыра смуткую з нагоды вялікай страты і перадаю спачуванні сям’і і блізкім.

Леанід МАТЭЛЕНАК,былы рэдактар раённай газеты «Міёрскія навіны»

← Предыдущая

Председатель Витебского облисполкома Александр Рогожник подробно доложил главе государства о ситуации в регионе

Назад к списку
Следующая →

На Миорщине стартовало досрочное голосование на референдуме

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]