На мінулым тыдні прараб Аляксандр Рубанік яшчэ прыходзіў на будаўнічую пляцоўку на вуліцы Лермантава, 25 у Міёрах з вялікім пакункам праектнай дакументацыі, каштарысаў і іншых надта патрэбных дзелавых папер. І дома была звыклая начная змена па афармленні апошніх працэнтовак, нарадаў, справаздачы аб выкарыстаных матэрыялах. Сёння Аляксандр Пятровіч развітваецца не толькі з гэтым адметным аб’ектам, але і наогул, з прафесіяй, якой аддаў усё жыццё. Наперадзе – заслужаны адпачынак.
Апошнім аб’ектам прараба стаў 40-кватэрны пяціпавярховы жылы дом, у якім запраектаваны два ліфты. Пакуль гэта навіна для падобных будынкаў нашага райцэнтра, але ў далейшым такая зручнасць стане звыклай. Пакуль да ліфтаў далекавата, мантажнікі пры дапамозе вежавага крана заканчваюць укладку на раствор апошніх падмуркавых блокаў і пачынаюць перакрываць плітамі падвальныя памяшканні.
Складаны аб’ект даручаны Аляксандру Рубаніку невыпадкова. Былы кіраўнік асноўнай будаўнічай арганізацыі раёна МПМК-55 (таксама ўжо былой) Валерый Брыль адзначыў: – Для нас працяглы перыяд узвядзенне жылля было асноўным напрамкам дзейнасці, ударным фронтам. На яго акрамя Рубаніка і ставіць было некага. Ён будынкі ўзводзіў, вобразна кажучы, з заплюшчанымі вачыма, бо праекты, чарцяжы ведаў, памеры памятаў і вытрымліваў. Спецыяліст старой загартоўкі, за час маёй працы – найлепшы сярод лінейшчыкаў. Народжаны на будоўлі і для будоўлі. Не ведаю, дзе б ён яшчэ мог знайсці сябе!
выраз «народжаны на будоўлі» ўжыты да месца. Бацька Пётр Ільіч у 1954 годзе закончыў будаўнічы тэхнікум у Друі і адразу быў прызначаны старшынёй толькі створанага ў райцэнтры міжкалгасбуда, у наступным МПМК-29, МПМК-55. У спадарожніцы жыцця выбраў выпускніцу таго ж тэхнікума Валянціну Дзмітрыеўну, з якой пазнаёміўся падчас вучобы. Шлюб зарэгістравалі ў 1957 годзе, а ў студзені наступнага нарадзіўся Саша. Вялікія перамены для сям’і будаўнікоў прынесла неўзабаве смерць дзядулі: Рубанікі вярнуліся ў бацькоўскую хату ў Ідолта. Пётр Ільіч стаў пастаянным прарабам саўгаса «Міёрскі», а яго жонка – майстрам.

у такой сям’і будаўнічыя клопаты ўплывалі на ўсё. Толькі на першым часе яны нібы не закраналі дзяцей (іх стала трое). Вось і Саша вучыўся ў Мілашоўскай васьмігодцы, як і ўсе вясковыя падлеткі, працаваў летам у гаспадарцы на кані, у час жніва – на зернетаку, крыху трактарыстам. Але гэта пазней, пасля Малькаўскай СШ на Браслаўшчыне, якая рыхтавала са сваіх выпускнікоў сельскіх механізатараў.
Потым быў вячэрні факультэт Рыжскага політэхнічнага інстытута. Толькі на «вячэрнікаў» не распаўсюджваліся льготы, і студэнт стаў мараком Паўночнага флоту. Службу пачынаў механікам сувязі на крэйсеры, але хутка адказнаму, граматнаму, з каліграфічным почыркам спецыялісту камандаванне брыгады карабля падабрала іншую справу на беразе.
са службы вярнуўся ў маі 1979-га. На выбар далейшага шляху паўплываў аўтарытэт бацькі. Папрацаваў крыху мулярам МПМК-29, па яе накіраванні паступіў на факультэт прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Наваполацкага політэхнічнага інстытута, каб стаць майстрам агульнабудаўнічых работ.
Аляксандр прадубліраваў бацьку не толькі ў выбары прафесіі. У час вучобы па прапанове сябра пайшоў дапамагаць студэнткам пераносіць шафу і спаткаў будучую жонку Іну Іванаўну.
Набіраўся практычнага вопыту на ўзвядзенні жывёлагадоўчага комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы ў калгасе «Баявы партызан», цяперашнім ААТ «Чэрасы». Навука належнай арганізацыі працы на аб’екце давалася лёгка, прыносіла задавальненне і практычны вынік. Таму быў занесены ў рэзерв кадраў райкама партыі. Калі спатрэбіўся новы кіраўнік для гаспадарчаразліковага прарабскага ўчастка, яго выклікалі ў кабінет другога сакратара РК КПБ. Ва ўладных структурах рашэнне ўжо прынялі, таму прагучала не прапанова, а патрабаванне, ад якога не адмовішся.
Рамбуд – арганізацыя невялікая, са слабай матэрыяльнай базай (толькі сталярня і кузня), зношанай тэхнікай, але вельмі запатрабаваная ў райцэнтры. Заўсёды навідавоку ў насельніцтва і начальства. Там мала было толькі быць арганізатарам вытворчасці і спецыялістам-будаўніком. Аляксандр літаральна «круціўся» адзінаццаць гадоў, каб у 1997-ым зноў вярнуцца ў МПМК-55. Тут было не надта лягчэй з-за пастаяннага дэфіцыту кадраў, матэрыялаў ці сродкаў на іх набыццё, тэхнікі і іншага, аднак для Аляксандра Пятровіча пачаўся самы плённы перыяд. Узгадвае ўзвядзенне жылля ў Мікалаёве і фермы «Супорніца», будаўніцтва домікаў па прэзідэнцкай праграме ў Паташні, Павяцці, Чапуках, Туркове, Ідолта… У райцэнтры пад яго кіраўніцтвам з’явіліся шматкватэрныя дамы на вуліцах Камуністычнай, 350-годдзя Міёр, Ягора Томкі і на Лермантава. Колькі сіл і часу патрабавалі пагранзаставы «Плюсы» на Браслаўшчыне, «Бігосава» на Верхнядзвіншчыне, рэканструкцыя пагранпераходу «Грыгараўшчына» на граніцы з Латвіяй. На яго рахунку шматкватэрны дом у Паставах.
Пра буйныя жывёлагадоўчыя комплексы ў нашым, Верхнядзвінскім і Расонскім раёнах, дзе працаваў Аляксандр Рубанік, нагадвае былы галоўны інжынер МПМК-55 Леанід Касевіч. І сведчыць пра заслугі прараба ў завяршэнні работ на цэнтральнай раённай бальніцы.
Пералік не поўны, бо мноства яшчэ невялікіх пабудоў. Па меркаванні Леаніда Ігнатавіча, справіцца з такім аб’ёмам Аляксандру Пятровічу дапамаглі высокі прафесіяналізм, здольнасць самастойна разбірацца ва ўсіх тонкасцях праектных рашэнняў, умелая арганізацыя тэхналагічнага працэсу, індывідуальны і тонкі падыход да кожнага работніка, акуратнае і поўнае вядзенне ўсяго пакета выканаўчых і абавязковых дакументаў на аб’екце. А яшчэ – патрабавальнасць да сябе і падначаленых, клопат пра дысцыпліну, здольнасць падтрымаць, дапамагчы.
Валерый Брыль адзначае абавязковасць Аляксандра Пятровіча: дамовіліся – будзе выканана. Яго вылучае ўменне знаходзіць агульную мову з прадстаўнікамі служб вытворчага ланцужка, працаваў у цеснай звязцы з галоўным інжынерам Леанідам Касевічам, кіраўніком дапаможнай вытворчасці Вольгай Расейкінай, планава-тэхнічным аддзелам, бухгалтэрыяй. Падкрэслівае, што поспех у справах на будаўнічым аб’екце ў першую чаргу залежыць менавіта ад прараба, яго ўмення арганізаваць працу. У Аляксандра Рубаніка такія здольнасці ёсць, таму падначаленыя яго разумелі і падтрымлівалі.
Спадзяюся, да гэтых слоў далучацца былыя калегі – старшыня савета ветэранаў Мікалай Гагалінскі, галоўны эканаміст Антаніна Сіповіч, будаўнік Уладзімір Чаплеў, брыгадзір аддзелачнікаў Тамара Лісічэнка, многія іншыя.
Памяццю пра дастойны працоўны шлях будуць стос грамат рознага ўзроўню, нагрудны знак «За дасягненні ў будаўніцтве» Саюза будаўнікоў Рэспублікі Беларусь і пабудовы, якія паўсталі дзякуючы намаганням прараба.
Леанід МАТЭЛЕНАК
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА