132 нумары, а гэта тры важкія тамы амаль на паўтары тысячы старонак, тысячы знаходак, мноства сяброў і памочнікаў, сотні гасцей з розных куточкаў нашай краіны і замежжа.
Такія набыткі газеты «Міёрская даўніна», якая зараджалася пад статусам школьнай, але даўно ўжо выйшла за гэтыя рамкі.З гісторыяй «Міёрскай даўніны» пазнаёмілі вучні СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Гэта інфармацыя пра дзейнасць школьнага музея і гуртка «Арганаўты мінулага». Першы нумар газеты пабачыў свет у 2011 годзе. Выходзіць штомесяц у друкаваным і электронным выглядзе. Знайсці ўсе нумары можна на сайтах школы sch3-miory.vitebsk.by і музея museum-ssch3.by/be/.
Ініцыятарамі стварэння газеты сталі настаўнік гісторыі Вітольд Ермалёнак і бібліятэкар Дзіяна Варона. Вярстаў яе настаўнік гісторыі Антон Ермалёнак, з часам даверыў гэта калегу Максіму Філіповічу. Важную ролю ў інфармацыйным напаўненні адыграў колішні выпускнік, а цяпер супрацоўнік музея ў Заслаўлі, Ігар Кандратовіч. Рэдагуюць матэрыял бібліятэкар Дзіяна Варона і карэктар Антон Бубала – супрацоўнік музея ў Верхнядзвінску, краязнаўца, філолаг, пісьменнік і паэт.
Рэдакцыйная калегія што- дзень збірае матэрыял, рэдагуе яго, рыхтуе да друку, падбірае і апрацоўвае фотаздымкі. Прычым газета выдаецца за яе ўласныя сродкі. Год яе фінансаваў праект «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» пры падтрымцы Еўрасаюза.
Можна займацца творчасцю, вывучаць розныя навукі і шмат ведаць. Важна таксама дзяліцца ведамі з акружаючымі. Дзякуючы актыўнасці і запалу педагога і краязнаўцы Вітольда Ермалёнка школьную газету ведаюць і чытаюць не толькі ў Беларусі. У ліку сяброў «Міёрскай даўніны» – жыхары Германіі, Польшчы, Канады, ЗША, Аргенціны і многіх іншых краін. Многія пабывалі ў музейным аб’яднанні.
Вітольд Антонавіч правёў віртуальную экскурсію па старонках газеты.
– Што стала нагодай для стварэння выдання? Імкненне, каб інфармацыя пра нашу дзейнасць, гісторыю роднага краю, музеі захавалася на доўгія часы, – апавядаў Вітольд Антонавіч. – Каб наступныя пакаленні ведалі, чым мы жылі.
Газетны кантэнт разнастайны, пастаянныя рубрыкі: «Навіны», «Экскурсіі», «Канферэнцыі», «Конкурсы», «Юбілеі», «Знаходкі» і інш. Усе дасягненні, набыткі, удзел гурткоўцаў у конкурсах занатоўвае газета. З яе старонак даведваемся пра паходы арганаўтаў. Напрыклад, па «Славутасцях Пагосцкага краю» выдадзена кніга. Пазнавальным было наведванне Дрысенскага ўмацаванага лагера, што знаходзіўся ў нашым раёне. Нядаўня адбылася цікавая вандроўка на Браслаўшчыну.
У ліку ўнікальных экспанатаў – турэцкая літаўра з бітвы пад Венай, якой 300 гадоў. Іх перадаюць у фонд музея так званыя «рупліўцы». Шмат знаходак на рахунку нашага земляка, пісьменніка з Белеўцаў Славаміра Даргеля. Найбольш актыўны збіральнік – Мікола Паўловіч, што жыве ў Бельгіі. На пастаяннай аснове папаўняе фонды музея Ігар Кандратовіч. Яго знаходка – рэч чараўніка, вясковага шаптуна. Цэлы скарб перадалі ў музей з Чэрасаў, манетам 350 гадоў. З Дубашынскага Двара прыехалі цікавыя фотаздымкі. З Польшчы даслалі фота пагосцкай пажарнай аховы 1935 года. Маюцца і фотаздымкі Перабродскай школы таго ж перыяду. У ліку самых маленькіх памочнікаў – гурткоўцы-пяцікласнікі.
Пра навінкі кнігадрукавання расказвае рубрыка «Новыя выданні». На старонках газеты прэзентавалі «Бярозу над затокай» Антона Бубалы.
Раздзел «Pro memoria» ўзгадвае пра тых, каго ўжо няма сярод нас. Памяць пра прафесара Анатоля Грыцкевіча з Санкт-Пецярбурга, пісьменніка Мікалая Даргеля з Маладзечна, дзісненскага збіральніка і калекцыянера Мікалая Панкрата жыве на старонках газеты.
Кожны першы нумар года дорыць нам юбілейныя даты: узнікнення паселішчаў, храмаў, нараджэння знакамітых людзей. Летась адзначыў 75-годдзе былы рэдактар раённай газеты, «Заслужаны журналіст», узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, Леанід Матэленак. Ён пазнаёміў прысутных з закуліссем работы журналістаў. У свой час сярод пазаштатных карэспандэнтаў было нямала вучняў СШ № 3. І сённяшнія юныя журналісты дасылаюць свае артыкулы. Леанід Аляксандравіч выказаў надзею на далейшае супрацоўніцтва. Заўважыў, што Вітольд Ермалёнак таксама пачынаў сваю кар’еру краязнаўцы ў раёнцы, напаўняючы ўведзеную ў 1976 годзе рубрыку «Адчыненая кніга Міёршчыны». Многія публікацыі леглі ў аснову раённай кнігі «Памяць». Журналіст запрашаў вучняў пісаць у раённую газету, з гэтага пачынаецца шлях у прафесію, якая для кагосьці можа стаць справай жыцця.
Напрыканцы сустрэчы Вітольд Ермалёнак правёў віктарыну. Найлепшаму знаўцу «Міёрскай даўніны» ўручыў сувенір.
Які юбілей без падарункаў? Вось і сёлета фонд музея папоўніўся новымі экспанатамі. Падборку кніг, пачынаючы ад 18 стагоддзя, падарыў Леанід Матэленак. Супрацоўніца раённай бібліятэкі Іна Януковіч прынесла экспанат, знешне падобны на жаночы абцас-шпільку. Вітольд Антонавіч распазнаў у ёй ножку ад патэльні, якой каля 400 гадоў. У месцы, дзе была знойдзена, знаходзілася паселішча Міёр 16-17 стагоддзяў. Дырэктар бібліятэкі Таццяна Цыцыліна падарыла музею гадзіннік, каб час працы арганаўтаў доўжыўся бясконца.
Працаваць пад эгідай прафесіяналаў – шчасце. Яно выпала вучням СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Пашыраюцца шэрагі ўдзельнікаў клуба «Арганаўты мінулага», памочнікаў газеты «Міёрская даўніна». За гэта дзякавалі кіраўніку Вітольду Ермалёнку. Жадалі новых творчых знаходак і поспехаў у працы. Пра іх раскажа газета, якая калісьці была толькі школьнай.
Алена ВАРОНІНА
Фотоматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА