20 Июля 2022

Зона 100%-га камфорту – Слабада

gazeta
  • 538
Беларускі гандбаліст Іван МАЦКЕВІЧ за 12 гадоў спартыўнай кар’еры мог штогод адпачываць на моры. Замест замежных курортаў выбіраў ціхую вёсачку Слабада ва Узмёнскім сельсавеце. Сёлета таксама правёў тут водпуск з сям’ёй. Набіраўся сіл перад паездкай у Грэцыю. На два гады заключыў кантракт з гандбольным клубам «АЕК Афіны».

Родны горад Івана Мацкевіча – Лепель. Апошнія пяць гадоў жыве з сям’ёй у Брэсце. У Слабадзе штолета праводзіў школьныя канікулы ў дзядулі Генадзя Антонавіча і бабулі Марыі Антонаўны. 
– Падабалася адпачываць у вёсцы. Смачна гатавала бабуля, яна працавала поварам у дзіцячым садку. З дзядулем на рыбалку ездзіў, – успамінае суразмоўнік. – З сябрамі, якіх тут сустрэў, да гэтага часу на сувязі. У дзяцінстве не звяртаў увагі на сельскія цішыню і спакой, цяпер гэта асабліва каштоўна. 

Пяць гадоў, як не стала бабулі, яшчэ раней пайшоў з жыцця дзядуля. Іх утульны гасцінны дом не застаўся пуставаць. Прыязджае з Лепеля ў родную вёску тата Івана Міхаіл Генадзьевіч. Сёлета вырашылі зрабіць рамонт. 
– У афармленні памяшканняў выбралі скандынаўскі стыль з уласцівымі яму мінімалізмам і зручнасцю. Пакінулі як памяць круглую печ (у народзе называюць шчыток. – Заўвага аўтара). Яна здзівіла маіх сяброў з Брэста і Мінска, бо такіх не бачылі. Падалі заяўку на электраацяпленне, – расказвае Іван. – Прывёз свае паляўнічыя трафеі, цяпер яны аздабляюць адну са сцен. Захапленне паляваннем таксама бярэ выток са Слабады. Пераняў яго ад дзядулі і таты. 

Знешне вясковы домік нічым не адрозніваецца ад іншых. Знайсці яго проста па высокім старым дубе ў двары. Застаўся дзядулеў яблыневы сад. Агарод цяпер не садзяць. Усім, што вырасла на градках, рады падзяліцца сусед. Вяскоўцы частуюць яйкамі, свежым малаком. Прыносяць спелыя маліны для двайнятак Ані і Веры. Маленькім дзесяць месяцаў, на падворку для іх надзіманы басейн. 
– У вёсцы я не карэнны жыхар, але і госцем сябе не адчуваю. Як свой тут, – гаворыць Іван. – Падабаецца сельскае прыволле жонцы Дар’і, якая родам Брэста. Пазнаёміліся ў рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, яна лёгкай атлетыкай займалася. 
З гандболам Іван пасябраваў у 14 гадоў, да гэтага займаўся футболам. У 15 стаў навучэнцам школы алімпійскага рэзерву ў Наваполацку, праз тры месяцы перавялі ў рэспубліканскае вучылішча. Першая каманда гандбаліста-галкіпера – сталічны «Аркатрон». Выступаў за гандбольны клуб «СКА-Мінск». Два гады правёў у Румыніі ў камандзе клуба «Стяуа» з Бухарэста. Пасля заключыў кантракт з Брэсцкім гандбольным клубам імя Мяшкова. Чарговая старонка спартыўнай кар’еры – «АЕК Афіны» ў Грэцыі. Білет забраніраваны на канец ліпеня. У жніўні прыедзе сям’я. У Слабаду плануюць завітаць на навагоднія святы, і, па традыцыі, наступным летам у водпуск.
– Трэніроўкі, гульні, пераезды і пералёты – гэтым напоўнены будні спартсметаў. Пад канец сезона асабліва адчуваецца стомленасць. Для прафесіянала важна не толькі быць у форме, але і ўмець аднаўляць сілы, – заўважае Іван. – Для мяне ціхая Слабада – зона камфорту на сто працэнтаў.

Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял з архіва сям’і МАЦКЕВІЧ
← Предыдущая

Руководство Миорского района направило поздравление с Днем металлурга

Назад к списку
Следующая →

Наши быстрее всех!

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]