Старшыня райвыканкама І.В. Кузняцоў прадставіў аўдыторыі кіраўнікоў вучэння і пасрэднікаў—адказных работнікаў абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Затым намеснік начальніка гэтага ўпраўлення Д.В. Панцюхоў і начальнік аднаго з аддзелаў І.Я.Лазараў пазнаёмілі з мэтамі і задачамі мерапрыемства.
Падобныя раённыя вучэнні праводзяцца прыкладна праз сем гадоў. Яны маюць на мэце на практыцы адпрацаваць сумесныя дзеянні суб'ектаў гаспадарання па рэагаванні на прыродныя і тэхнагенныя надзвычайныя сітуацыі і іх ліквідацыі ў самыя сціслыя тэрміны. Вось гэта павінна было стаць задачай і адначасова наглядным урокам для мясцовых кіруючых работнікаў, членаў працоўных калектываў і адпаведных служб, нават насельніцтва.

Для пачатку ўдзельнікам вучэнняў прадэманстравалі відэаролік, які даходліва паказаў, што асноўнай праблемай пры прыродных і тэхнагенных надзвычайных сітуацыях з'яўляецца дрэннае веданне людзьмі папераджальных сігналаў і патрабуемых пры гэтам уласных дзеянняў. Начальнік райаддзела МНС С.У. Слізень канкрэтызаваў магчымыя пагрозы для нашай мясцовасці і праінфармаваў пра самыя небяспечныя аб'екты.
І вось старшыня камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме, намеснік старшыні райвыканкама Л.І. Лясовіч аб'яўляе аб пачатку вучэнняў, пераходзе на рэжым павышанай гатоўнасці. Адразу паступае ўводная ад правяраючых: чакаецца вельмі моцны вецер. Леанід Іванавіч дае заданні паведаміць пра небяспеку ўсім суб'ектам гаспадарання, падрыхтаваць да яе адпаведныя службы.
Як будзе рэагаваць на паведамленне раён электрасетак, дакладвае галоўны інжынер Р.І. Сіняўскі: пачынаецца збор звестак пра пашкоджанні на лініях электраперадач, на іх ліквідацыю накіроўваюцца пастаянныя і аварыйная брыгады, пры патрэбе ствараецца дадатковая аварыйная па загадзя распрацаваным алгарытме. Калі пашкоджанні вельмі вялікія, а такое ўжо здаралася, пасылаецца запыт на дадатковую дапамогу ад суседзяў, нават у іншыя рэгіёны. У першую чаргу аднаўляецца электразабеспячэнне лячэбных устаноў, водазабеспячэння, прамысловых прадпрыемстваў і малочнатаварных ферм.

—Рэзервовыя запасы матэрыялаў і сродкаў для непрадбачана вялікіх работ ёсць?—пытанне ад правяраючых.
—Так, створаны аварыйны запас апор, правадоў і іншага.
Ёсць перасоўныя генератары, хаця іх і недастаткова, для аб'ектаў, якія нельга пакідаць без напружання. Калі спатрэбяцца больш магутныя, даставяць з галаўной арганізацыі праз гадзіну-паўтары.
Між тым правяраючыя "абвастраюць" сітуацыю: уводная №2 сцвярджае, што непагадзь разыгралася, вецер паваленымі дрэвамі спыніў рух на дарогах, з'явіліся параненыя і траўміраваныя людзі.
У адказ дырэктар лясгаса І.І. Бачарэнка паведамляе пра сілы, якія будуць кінуты гэтай арганізацыяй на расчыстку завалаў. Выконваючы абавязкі начальніка РАУС І.А. Заяц інфармуе аб магчымых мерах па падтрыманні парадку на дарогах. Галоўны урач ЦРБ А.Ф. Сівая тлумачыць пра арганізацыю прыёму пацярпелых медустановамі. Хаця спачатку яны высвятляюць, як "хуткая" зможа даехаць "у ачаг паражэння".
Калі "пачынаюцца" праблемы з электрасувяззю, аб гатоўнасці іх выпраўляць робіць справаздачу начальнік РВЭС Р.Ф. Пухальскі.
А тут яшчэ "загарэўся" лес на значнай плошчы…
Увогуле ў раённую камісію па надзвычайных сітуацыях адна за другой паступіла пяць уводных. Па кожнай дэманстравалі сваю кампетэнтнасць кіраўнікі адпаведных арганізацый, прадпрыемстваў ці служб. Але гэта толькі пачатак. Бо на наступным этапе вучэнняў падмацоўвалі "веданне тэорыі" практычнымі справамі.

Першым прыняло вучэнні УП ЖКГ, менавіта на базе камунальнай службы размясціўся зводны атрад раёна для рэагавання на надзвычайныя сітуацыі ў асенне-летні пажаранебяспечны перыяд. Так здарылася, што першай у страі тэхнікі знаходзілася машына з абсталяваннем і работнікамі Міёрскага лясніцтва. Правяраючыя пераканаліся, што бензапомпа і бензапіла дзейнічаюць, работнікі ўмеюць абыходзіцца з рукавом для падачы вады, іншым патрэбным пры ліквідацыі НС абсталяваннем.
Далей—трактарная цыстэрна для вады і палівазапраўшчык з райаграсэрвісу, аўтобусы з участка аўтапарка №2, бульдозер, пагрузчык, экскаватар і атрад для пажаратушэння непасрэдна з УП ЖКГ, два экіпажы пажарных машын з РАНС. Ля кожнай групы прыпынак, высвятленне экіпіроўкі, удакладненне ведання абавязкаў, гатоўнасці да выканання пэўных задач.
На РВЭС асноўным было пратэсціраваць здольнасць кіраўніцтва і персаналу забяспечыць устойлівую сувязь нават у аварыйных сітуацыях, за кошт аўтаномных крыніц электразабеспячэння. Магчымасці аднаўлення энергазабеспячэння і наогул дзейнасці сельскагаспадарчага аб'екта правяралася на базе малочнатаварнай фермы "Пад'ельцы" ААТ "Пад'ельцы". Сюды ў тэрміновым парадку энергетыкі нават даставілі магутны перасоўны генератар з Глыбокага. У вёсцы Мельніца аварыйная брыгада газавай службы і разлік пажарнай машыны РАНС пры падтрымцы медыкаў "ліквідоўвалі" надзвычайную сітуацыю, "звязаную з выбухам бытавога газу", потым "выяўлена" рэчыва "невядомага паходжання" ў грамадскіх аб'ектах. І на кожным дэманстравалі веды і неабходныя навыкі пэўныя службы.

Хімічна небяспечным аб'ектам у райцэнтры з'яўляецца мясакамбінат, дзе ў кампрэсарных устаноўках выкарыстоўваецца аміяк. Па ўводнай—адбыўся выбух кампрэсара, абрушыліся канструкцыі, у паветра трапіла 2,8 тоны аміяку, пацярпела 15 чалавек. Вось тут выратавальнікі дэманстравалі ўменне ставіць вадзяную завесу агрэсіўнай вадкасці, а сандружына, розныя пасты і аварыйна-тэхнічнае звяно непасрэдна прадпрыемства паказалі на практыцы, як умеюць арганізаваць эвакуацыю "пацярпелых", выдачу процівагазаў і іншых сродкаў індывідуальнай абароны, вымяраць канцэнтрацыю шкодных рэчываў, ліквідоўваць аварыю.
Ліквідацыя вынікаў дарожна-транспартнага здарэння (па ўводнай—сутыкнуліся аўтобус і бензавоз) на базе райаграсэрвісу была кароткачасовай, але эфектнай, бо пакінула пасля сябе мноства пены. І пры гэтым прадэманстравала ўзгодненасць дзеянняў выратавальнікаў, праваахоўнікаў і медыкаў.
І адразу ж—працяг праверкі ў цэнтральнай раённай бальніцы, куды "паступілі пацярпелыя".
Крыху пазней спецыялісты райветстанцыі пры падтрымцы медыкаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі на малочнатаварнай ферме ААТ "Пад'ельцы" "лакалізоўвалі ачаг эпізаатыі", у выніку якога "загінула 50 галоў буйной рагатай жывёлы". Добрую арганізаванасць прадэманстраваў калектыў камбікормавага завода, які "ратаваў ад пажару выбухованебяспечную вытворчасць". Пасля сігналу аб надзвычайнай сітуацыі хутка праведзена эвакуацыя персаналу, а да справы неадкладна прыступіла добраахвотная пажарная дружына, якая мае неабходнае абсталяванне. Ёй на дапамогу імкліва прыбылі спецыяльныя машыны РАНС. Гатовымі да дзеянняў аказаліся медыкі, калі ўводная паведаміла аб наяўнасці "пацярпелага".
На трэці дзень, 15 красавіка, вучэнні перайшлі на ўзровень грамадзянскай абароны. З раніцы ўводныя атрымліваў штаб ГА пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама І.В. Кузняцова. Яны адрозніваліся тым, што больш жорсткімі сталі ўмовы выканання задач падтрымання жыццядзейнасці насельніцтва. Як тады будзе ажыццяўляцца забеспячэнне магазінаў прадуктамі, гарадоў і іншых населеных пунктаў вадой, у тым ліку бутыліраванай, падтрымлівацца электрасувязь,— далажылі кіраўнікі адпаведных служб. Праверана гатоўнасць запаснога пункта кіравання, сістэмы апавяшчэння насельніцтва аб пагрозе і ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі.
І зноў—увага практычнаму боку ГА, праверка гатоўнасці грамадзянскіх фарміраванняў. Вось на базе ПМК-55 сабралася зводная каманда механізацыі работ. Тут звенні і групы па забеспячэнні пагрузкі і ажыццяўлення аварыйна-тэхнічных работ ад ПМК-55, электратэхнічнае ад РЭС, сувязістаў ад РВЭС і іншыя з неабходнымі спецыялістамі, аўтатрактарнай і іншай тэхнікай. Зноў праверка ўкамплектаванасці, гатоўнасці да яе выкарыстання. На заканчэнне—уводная ў сувязі са знаходжаннем у зоне магчымай аварыі на АЭС і забруджваннем паветра шкоднымі рэчывамі "Газы". Процівагазы аказаліся ва ўсіх удзельнікаў вучэння, яны прадэманстравалі ўмелае карыстанне гэтымі ахоўнымі сродкамі.
У далейшым райспажыўтаварыства разгарнула перасоўны пункт харчавання, УП ЖКГ прадэманстравала гатоўнасць стацыянарнага абмывачнага пункта, паказана разгортванне пастоў радыяцыйнага і хімічнага назірання, праведзены іншыя мерапрыемствы.
І вось падвядзенне вынікаў трохдзённага вучэння. Намеснік начальніка абласнога ўпраўлення Д.В. Панцюхоў падкрэсліў, што вызначаныя праграмай мэты дасягнуты, адпрацаваны 22 уводныя, у тым ліку 16 з іх мелі практычную накіраванасць, як, напрыклад, поўнае аднаўленне энергазабеспячэння малочнатаварнай фермы. Прадэманстравана дзейнасць неабходных фарміраванняў. Штабы па НС і ГА аператыўна рэагавалі на змяненне сітуацыі. А таму агульны вывад—Міёрскі раён гатовы да вырашэння задач па абароне насельніцтва і тэрыторыі ад надзвычайных сітуацый рознага характару.
Прадстаўленне раённаму кіраўніцтву: па выніках вучэння заахвоціць галоўных урачоў ЦРБ і РЦГЭ А.Ф. Сівую і Р.У. Маліноўскага, кіраўнікоў раёна газазабеспячэння К.А. Матэленка і аддзялення "Ахова" М.Ч. Пракопчыка, дырэктара мясакамбіната В.В. Бандарэнку.
Старшыня райвыканкама І.В. Кузняцоў і начальнік РАНС С.У. Слізень выказалі падзяку кіраўнікам арганізацый і іх падначаленым, якія прынялі ўдзел у вучэннях і зрабілі ўсё магчымае для выканання пастаўленых перад імі задач.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.