У мінулы аўторак прадстаўнікі раённай улады, благачыння Міёрскай акругі, устаноў аховы здароўя, упраўлення па працы і сацыяльнай абароны, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, загса, рэдакцыі райгазеты прынялі ўдзел у ІІ Рэгіянальных Калядных чытаннях у Глыбокім.На духоўна-асветніцкі форум з'ехаліся дэлегаты з усіх 11 адміністрацыйных цэнтраў, што ўваходзяць у склад Полацкай епархіі. У ліку шаноўных гасцей—старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама Міхаіл Даніленка.
Калядныя чытанні арганізаваны дзякуючы блаславенню і пры падтрымцы архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія. Перад пачаткам добрай справы ён узначаліў малебен пры саслужэнні благачынных епархіі ў Глыбоцкім кафедральным саборы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Менавіта з тых хвілін пачаўся глыбокі роздум пра жыццёвыя прыярытэты, каштоўнасці і арыенціры, як стаць дабрэйшым і духоўна багацейшым, што рабіць, каб лепшае памнажалася, а дрэннае не паўтаралася, як аб'яднаць намаганні маладых нясмелых і мудрых рашучых у супрацьстаянні негатыўным праявам часу. Пытанні духоўнага здароўя нацыі, шляхі маральнага ўдасканалення асобы абмяркоўваліся на пленарным пасяджэнні і ў рабоце пяці секцый.

Тэма рэгіянальных Калядных чытанняў "1917-2017. Праваслаўе ў гісторыі і культуры Беларусі: вынікі стагоддзя" вельмі глабальная, патрабуе глыбокага і ўдумлівага асэнсавання падзей. Гісторыю судзіць складана. У кожнага пакалення свая праўда, але вынік, які можна зрабіць, пачуўшы публічныя выказванні на пленарным пасяджэнні пра тое, што мы павінны вучыцца на тых уроках, рабіць вывады, каб больш не дапусціць памылак.
Фундаментальным стала выступленне архіепіскапа Феадосія. Карціну мінулага стагоддзя, далёкіх падзей ён адлюстраваў багатай палітрай фарбаў, якімі паслужылі канкрэтныя факты, падзеі, перажытыя самім і яго продкамі. Уладыкай заўважана, што ёсць перыяды духоўнага росквіту і духоўнага заняпаду, і яны цыклічныя. Усё астатняе-палітыка, эканоміка, соцыум-вытворныя духоўнага стрыжня, што пацвярджае гісторыя.
У 20-х гадах мінулага стагоддзя Расійскую імперыю насяляў глыбока веруючы народ. У кожнай навучальнай установе, пачынаючы з прыхадской школы, выкладаўся Закон Божы. Усіх дзяцей без выключэння хрысцілі, акты грамадзянскага стану складала царква. Яна ў тыя часы з'яўлялася непасрэднай удзельніцай дзяржаўнага працэсу. І на сяле жыццё працякала пад яе апякунствам. У храмы наведваліся рэгулярна, шанавалі рэлігійныя святы, захоўвалі пасты. Царква выхоўвала патрыётаў, вучыла вылучаць правільныя ісціны і накірункі. Па запаведзях Божых, у дысцыпліне і строгасці гадавалі дзяцей. Існавалі бездакорны аўтарытэт дарослых, любоў без скажэнняў да малодшых. З сям'і выходзілі ў свет асобамі з трывалым духоўным стрыжнем.

Калі Феадосій выкладаў у Духоўнай семінарыі, часта працаваў з архіўнымі крыніцамі. Неяк натрапіў на справаздачу сацыяльнай службы Тульскай губерніі. У год на яе тэрыторыі ўчынялася адно крымінальнае злачынства, скасоўваліся адзін-два шлюбы, не здаралася ніводнага суіцыду-такое сацыяльнае аблічча ўсёй Расійскай імперыі.
Наша цяперашняе зусім адрознае. Імклівы бег часу, развіццё тэхналогій, адкрытасць і даступнасць разнастайнай інфармацыі. Але трэба памятаць, што за ўсімі працэсамі навукі і тэхнікі, стабільнасці грамадства стаіць чалавек: разумны, адукаваны, з высокімі маральнымі якасцямі. Фундаментамі гэтых прынцыпаў у ідэале павінны быць хрысціянскія каштоўнасці.
-Тое, што ў наш час адраджаюцца духоўныя традыцыі, будуюцца храмы-цудоўна, гэта ёсць царкоўнае і рэлігійнае адраджэнне, а пра духоўнае гаварыць яшчэ ранавата, -заўважыў Уладыка. -Чалавек не моліцца, не захоўвае патрабаванні паста, у царкву прыходзіць толькі каб узяць ваду ці асвяціць куліч, да таго ж, асуджае акружаючых, жадае дрэннага ўслед, брыдкасловіць, маніць, учыняе і большыя грахі. Калі мы не спавядаемся, значыць, не задумваемся пра дрэнныя ўчынкі, не раскайваемся. Па часцінках гэта назапашваецца і цяжарам кладзецца на душу, ад чаго і яна з цягам часу камянее. Ці можна такога чалавека называць духоўнай асобай? Пра якраз час задумацца, -разважаў Феадосій. -Патрэбна праца над ачышчэннем сваёй душы ад заган і дрэнных звычак, неабходныя намаганні для набыцця станоўчых навыкаў і памнажэння добрых спраў. Кожны чалавек-гэта адна кропелька ў моры чалавецтва. Мяцеж у душы аднаго-уздрыгвае свет.

Тое, што справа духоўнага адраджэння пачынаецца з сябе, пацвердзіў і вядучы тэлеканала АНТ, старшы выкладчык Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кіраўнік прэс-клуба "Аксіён эстын" пры Мінскім духоўным вучылішчы Алег Лепяшанкоў. Якія нашы думкі і памкненні, такое і наша жыццё. Тое, што вера мяняе светапогляд чалавека, адраджае душу і цела на ўласным прыкладзе ўпэўніўся кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры філасофіі і метадалогіі навукі БДУ Аляксандр Цітавец. Звярнуцца да Бога яго змусіла хвароба, цяпер з ім у сэрцы назаўжды.
На пленарным пасяджэнні неаднойчы заўважалася, наколькі значныя сумесныя намаганні органаў улады і царквы, накіраваныя перш за ўсё на ўмацаванне ў грамадстве агульнахрысціянскіх каштоўнасцей, на ўдасканаленне духоўна-маральнага выхавання. Як адзначыў старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, у цяперашнім інфармацыйна-залежным грамадстве важна выразна акрэсліць станоўчыя арыенціры. Менавіта такім маяком з'яўляецца Царква, закліканая стаць тым духоўным стрыжнем, які будзе выхоўваць новае пакаленне ў духу патрыятызму і грамадзянскасці, павагі да гісторыі, гераічных і працоўных традыцый продкаў.

Напрыканцы жніўня ў аблвыканкаме падпісана Праграма мер па выкананні "Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой" у Віцебскай вобласці на 2016-2020 гады. На пленарным пасяджэнні старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў звярнуў увагу, што дакумент накіраваны на захаванне духоўнай спадчыны, умацаванне інстытута сям'і, дасягненне высокіх гуманных ідэй. Брашура з акрэсленымі задачамі ўручыста перададзена Уладыку Феадосію.
Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі прывёз на форум унікальную духоўную і гістарычную рэліквію-Евангелле Хрыстова 1622 года выдання. Ён засведчыў, што прысутнасць гэтай святыні сярод нас-нагляднае пацверджанне пераемнасці пакаленняў, захаванне духоўнай спадчыны. Значыць, Бог міру і любові па-ранейшаму з усімі намі.
Не звярнуць увагу на словы ісціны, якія западалі ў душу, і не ўзяць карыснае, неабходнае для сябе, сям'і, працоўнага калектыву, з Калядных чытанняў немагчыма. У тым значнасць мерапрыемства. Вынікам выступленняў стала рэзалюцыя, якую агучыла кіраўнік аддзела па ўзаемадзеянні Царквы і грамадства Іна Шаховіч.
Яшчэ большай духоўнасці форуму надала творчая праграма, у якой прыняў удзел лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, вядучы тэлепраграмы "Подых струн" у Мінску Анатоль Длусскі, актэт балалаек "Віцебскія віртуозы", народны камерны хор Глыбоцкага Дома культуры.
Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.