03 Июля 2023

На Міёршчыне прайшлі святочные мерапрыемства прысвечанныя Дню Незалежнасці і Дню вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

gazeta
  • 744

 79 гадоў Беларусь жыве пад мірным небам. Трэцяга ліпеня адзначала сваё галоўнае свята – Дзень Незалежнасці і Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта сімвал адзінства народа, аснова міру і стабільнасці на зямлі. Прайшлі святочныя мерапрыемствы на Міёршчыне.

Распачаўся святочны дзень на плошчы Леніна ў райцэнтры. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў, госці і гараджане ўзгадалі загінулых на палях бітваў і тых, хто пайшоў з жыцця ў мірны час. Усклалі кветкі да ратонды ў гонар герояў, што аддалі свае жыцці ў імя выратавання Айчыны, і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. Пасля ўрачыстай калонай скіраваліся на плошчу Памяці загінулых барацьбітоў.

Дзень Незалежнасці – гэта наша даніна гераізму і стойкасці беларускага народа ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, заўважыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба:

– 79 гадоў таму на нашу зямлю прыйшоў мір. Цяжка далася нам гэтая перамога: доўгія тры гады акупацыі, зверствы фашыстаў, тысячы расстраляных жыхароў. Яна кавалася на франтах, у партызанскім руху, ля станкоў заводаў. Нашы заходнія саюзнікі адцягвалі адкрыццё другога фронту і толькі 6 чэрвеня 1944 года, калі канчаткова стала зразумела, што пераможа Савецкі Саюз, і была вызвалена практычна ўся яго тэрыторыя, зрабілі гэта. Мы перамаглі, мы выстаялі!

Тры мільёны беларусаў загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Кожны чацвёрты, а можа нават і трэці аддаў свае жыцці за мірнае неба ў сваёй краіне. Не меншы подзвіг зрабілі і тыя, хто аднаўляў Беларусь з руін. Валерый Анатольевіч заўважыў: усё тое, што сёння маем, – заслуга нашых дзядоў і прадзедаў. Міёршчына жыве і развіваецца. У райцэнтры набліжаецца здача ў эксплуатацыю новага дзіцячага сада, працуе самы сучасны ў свеце металапракатны завод, вырас новы мікрараён па вуліцы Я. Томкі.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў заклікаў землякоў умацоўваць незалежнасць Беларусі справамі. У нашай краіне ў кожнага ёсць магчымасць атрымліваць адукацыю, працаваць і выхоўваць дзяцей. Сучаснікі павінны захаваць і памножыць набыткі беларускай дзяржаўнасці. Словы ўдзячнасці старэйшаму пакаленню, якое адстаяла для нашчадкаў мір і спакой на роднай зямлі, перадала прадстаўніца БРСМ, маладая ўрач Марыя Северына.

Раённы ваенны камісар Сяргей Пунтус запэўніў, што Узброеныя Сілы гатовы пры неабходнасці так жа самааддана стаць на абарону свайго народу, як нашы дзяды і прадзеды.

Пра шчасце жыць пад мірным небам гаварылі выхаванцы дзіцячага садка № 1.

На важнасць пошукавай работы звярнуў увагу наш зямляк, член саюза пісьменнікаў Беларусі Славамір Даргель. У брацкай магіле на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў знайшлі вечны спачын больш за 200 салдат. На жаль, імёны каля 80-ці з іх невядомы.

 Героі ў страі памяці

Дзякуючы пошукавай рабоце вярнулі ў строй памяці звыш 200 чалавек ва Узмёнскім сельсавеце. На яго тэрыторыі праходзілі асноўныя дзеянні па вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уздоўж ракі Заходняя Дзвіна ад Дзісны да вёскі Слабада рухаліся палкі 270-й стралковай дывізіі і іншых падраздзяленняў. Калі супраціўленне ворага было зломлена і горад вызвалілі 4 ліпеня 1944 года, то бой за вышыню 135,9 працягваўся больш за тыдзень. Яна ў ваенны час мела стратэгічнае значэнне і прыкрывала адыход нямецкіх войскаў на захад.

Па словах старшыні сельвыканкама Браніслава Невяроўскага, пра гераізм тых, хто змагаўся на гэтай зямлі, сведчыць той факт, што толькі ў 270-й дывізіі было ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза дзевяць чалавек, яшчэ восем сталі поўнымі кавалерамі Ордэна Славы. 9 Мая спіс папоўніўся шасцю імёнамі воінаў-вызваліцеляў. Сярод іх чырвонаармеец Сцяпан Бабылёў, які загінуў пры вызваленні Міёрскага раёна.

На мітынг ля брацкай магілы ў Лявонпалі з Расійскай Федэрацыі прыехаў яго праўнук Аляксандр Шмялёў. Лёсам свайго продка зацікавіўся, калі разам з маці знайшлі ў фотаальбоме здымак з подпісам «Дарагія мае, не забудзьцеся пра мяне!» Пошук працягваўся з 2006 года. Аляксандр Віктаравіч падзяліўся гісторыяй сваёй сям’і:

– Мой прадзед пайшоў на фронт у 1941-м, у яго засталіся тры дачкі і сын. Жылі на Смаленшчыне ў горадзе Хіславічы. Там таксама ішлі жорсткія баі. Сцяпан Дзмітрыевіч загінуў ля вёскі Гагаліньшчызна Узмёнскага сельсавета. 4 ліпеня адбілі каля шасці атак праціўніка і самі тры разы наступалі. Прадзядуля ўзяў аўтамат і пайшоў у атаку, знішчыў дзесяць фашыстаў і загінуў смерцю храбрых. Пасмяротна ўзнагароджаны Ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені. Пасля вайны ў 50-х гадах яго сям’я пераехала ў Кемераўскую вобласць. Прабабуля пражыла яшчэ 25 гадоў і памерла ў той жа дзень, што і яе муж, – 4 ліпеня.

Вайна не абышла, бадай, ні адну савецкую сям’ю. Памяць пра подзвіг дзядоў і прадзедаў назаўсёды ўпісана ў гісторыю кожнай з іх. Шануюць герояў землякі і тыя, каму жыць і працаваць на вольнай і мірнай зямлі.

Рознакаляровым россыпам клаліся кветкі на бетонныя пліты, пульсавала ў скронях кроў падчас хвіліны маўчання. Са словамі ўдзячнасці звярнуліся да пакалення пераможцаў вучні Узмёнскай базавай школы. У песнях дзякавалі за мірнае неба і заклікалі памятаць пра подзвіг артысты цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Мацукова і Валерыя Паўлоўская. Верш Петруся Броўкі прачытаў Дзмітрый Матусевіч, ён заканчваецца словамі:

– А хіба ёсць, што забываюць

Выратавальніка свайго?

 Назіраючы за ўдзельнікамі мітынгу, мясцовая доўгажыхарка Ніна Фёдараўна Шук заўважыла:

– Колькі пакут і нягод выпала на долю старэйшага пакалення?! Мая маці парадавалася б, калі б убачыла, як добра ў нас сёння. Ціха і мірна. Вы маладыя, вам жыць на гэтай зямлі. Моцна трымайце нашу Беларусь!

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Визит представительниц БСЖ во Дворец Независимости: впечатления и эмоции

Назад к списку
Следующая →

 Ліпень у Міёрах пачаўся са свята горада

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]