Комплекс прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні крадзяжоў з удзелам непаўналетніх праходзіць на тэрыторыі раёна з 29 лістапада па 11 снежня.
Крадзеж маёмасці – адзін з найбольш распаўсюджаных відаў злачынстваў. Нярэдка суб’ектамі такіх супрацьпраўных учынкаў становяцца непаўналетнія.
На тэрыторыі раёна з пачатку года не выяўлена фактаў крадзяжоў, учыненых непаўналетнімі. З дзевяці падлеткаў, што знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, крадзеж учыніў адзін у снежні мінулага года.
Крымінальная адказнасць за крадзеж, вымагальніцтва, рабаванне, разбой, крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі, згон транспартнага сродка або маламернага судна наступае з 14 гадоў.
Варта адзначыць, што першаступенную ролю ў фарміраванні здаровай асобы падлетка адыгрываюць бацькі. Своечасова праведзеныя гутаркі могуць папярэдзіць учыненне падлеткам незаконных дзеянняў.
Таксама ў полі зроку інспектараў ІСН курэнне вэйпаў на тэрыторыі і ва ўстановах адукацыі раёна. Гэты супрацьпраўны учынак цягне адміністрацыйную адказнасць.