Галоўная > Пытайцеся—адказваем > Чым у цэнтры шкодны “Вегас”?

Чым у цэнтры шкодны “Вегас”?


13-03-2012, 11:06. размясціў: gazeta

Чем в центре вреден "ВЕГАС"? Пісьмо ў рэдакцыю даслалі індывідуальныя прадпрымальнікі, што працуюць у павільёнах на плошчы ў райцэнтры. Пяць чалавек выказвалі сваё нездавальненне паводзінамі наведвальнікаў і дзейнасцю залы гульнявых аўтаматаў “Вегас”. Год таму яны звярталіся да мясцовых структур з аналагічнай просьбай навесці парадак, аднак разбіральніцтва закончылася толькі пісьмовымі адказамі. Пра ўсе акалічнасці падрабязней.

 

З 2010 года ГДА “Віт-Гейм” арандуе павільён плошчай па вонкаваму боку 48 кв. м, які не з’яўляецца капітальным будынкам. Хаця ў Палажэнні п. 7 аб рэалізацыі дзейнасці ў сферы гульнёвага бізнесу (у рэдакцыі Указа ад 19.11.2010 №599): “гульнявая ўстанова можа размяшчацца толькі ў капітальных будынках…, займаць гэтыя будынкі цалкам або іх ізаляваныя памяшканні”. Да таго ж, плошча павінна быць не менш 100 кв. м. У каментарыі да Указа ўдакладняецца, што для гульнявых устаноў, якія размешчаны на 1.01 2011 года ў месцах, што не адпавядаюць указаным патрабаванням, устаноўлены пераходны перыяд, і ім прадастаўлена права рэалізоўваць сваю дзейнасць да тэрміну дзеяння спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) без права яго падаўжэння, але не пазней 1 ліпеня 2012 года.

 

Цікавяцца прадпрымальнікі, ці мае права “Вегас” на існаванне ў райцэнтры, пры тым, што капітальным збудаванне не з’яўляецца? Аказваецца, тэрмін дзеяння ліцэнзіі якраз і доўжыцца да гэтай даты, што пацвярджаецца дакументальна. Намеснік старшыні райвыканкама А. І. Баданін адзначае, што паколькі змены ў ліцэнзію ў чэрвені 2011 года ўнесены не былі, то з 1 ліпеня 2012 года не мае права “Вегас” размяшчацца ў цяпер арандуемым павільёне. Працягваць сваю дзейнасць “Віт-Гейм” зможа толькі пры выкананні ўсіх патрабаванняў заканадаўства.

 

“Вегас” працуе кругласутачна. Вось тут і ўзнікае непрыемная акалічнасць. Справа ў тым, што некаторыя “ігракі” так заседжваюцца за гульнявым аўтаматам, што пасля не абцяжарваюць сябе дыстанцыяй ў 100 метраў да бліжэйшай прыбіральні, што знаходзіцца праз дарогу, за гасцініцай, а спраўляюць патрэбу за вуглом павільёна ці нават на ганку суседняга. І гэта ў цэнтры горада! Санітарная служба ўнесла прапанову аб будаўніцтве новай добраўпарадкаванай прыбіральні для жыхароў горада і работнікаў павільёнаў, пытанне вывучалася амаль год. Звароты паступалі і ў РАУС, аддзел хадайнічаў перад райвыканкамам, аб чым паведамляецца ў адказе намесніку міністра Міністэрства па падатках і зборах ад 5.09.2011г.: “дадзенае хадайніцтва разгледжана не было, у сувязі з чым праблема да гэтага часу не вырашана. Аднымі мерамі, прынятымі РАУС, дадзенае пытанне вырашыць не ўяўлялася магчымым”; і нарэшце 14.02.2012 г.  А. І. Баданін паведамляе наступнае: “На пасяджэнні райвыканкама ад 27.01.2012 г. даручана УП ЖКГ (У. І. Мяцеліца) сумесна з аддзелам архітэктуры і будаўніцтва (Ж. Д. Падаляка) у тэрмін да 1 сакавіка вызначыць месца пад будаўніцтва грамадскай прыбіральні, а да 1 мая выканаць работу”.

 

Дваістае ўражанне складваецца наконт “Вегаса”, калі размова ідзе пра камеры відэаназірання, якія ўстаноўлены ўнутры і звонку будынка. Менавіта па запісах можна было б высветліць парушальнікаў грамадскага парадку. Што ж тут? Калі ў мінулым годзе са скаргай прадпрымальнікі звярталіся ў райвыканкам, то пры сустрэчы ўласнікаў гандлёвых павільёнаў з работнікамі раённых служб і адказнымі за гульнявую залу “Вегас” 10 лютага была дамоўленасць, што “Віт-Гейм” прадаставіць запісы вонкавага і ўнутранага відэаназірання. Аднак гэта і да сённяшняга дня не зроблена. Неаднаразовыя напаміны плёну не прынеслі. 8 лютага сёлета райвыканкам ў адрас ГДА “Віт-Гейм” накіраваў пісьмо, дзе выкладзены азначаныя факты. 14 лютага адказу яшчэ не было. 

 

Першы намеснік начальніка РАУС С. П. Кісляк даслаў у рэдакцыю копію адказу Міністэрству па падатках і зборах ад 14.09.2011 г., у ёй згадваецца, што дазвол на ажыццяўленне дзейнасці залы гульнявых аўтаматаў раённым аддзелам унутраных спраў не выдаваўся, бо гэта не ўваходзіць у яго кампетэнцыю. “Віт-Гейм” перад пачаткам сваёй дзейнасці ў Міёрах толькі запытваў даведку аб стане тэхнічнай умацаванасці памяшкання, якое арандуе. Адказ атрымалі станоўчы пасля абследавання. Пазней, у 2011 г., у адпаведнасці з загадам МУС №63 ад 21.02.2011 г. супрацоўнікі РАУС сумесна з “Аховай” абследавалі ахоўную сігналізацыю, а таксама сістэму відэаназірання.  Непасрэдна ў адказе, адрасаваным  рэдакцыі, удакладняецца, што ў дачыненні да “Вегаса” скаргаў і заяў ад жыхароў райцэнтра не паступала, а толькі ад індывідуальных прадпрымальнікаў. Адпаведныя праверкі праводзіліся. Штат супрацоўнікаў РАУС не дазваляе на плошчы па вул. Камуністычнай выставіць пастаянны пост, таму ахова правапарадку ажыццяўляецца ў працэсе патрулявання. З пачатку гэтага года выяўлена 5 правапарушэнняў, з іх па 3-ох вінаватыя ўстаноўлены пры дапамозе сістэмы відэаназірання. Непаўналетніх у якасці наведвальнікаў залы не выяўлена.

 

Затое п’яны чалавек знаходзіўся за гульнявым аўтаматам, гэта зарэгістравана ў кнізе заўваг і прапаноў “Вегаса” 21 лютага мінулага года. Сын аднаго з уладальнікаў суседніх павільёнаў тады выклікаў міліцыю, якая склала пратакол “за спраўленне патрэбы” ў неналежным месцы адным з ігракоў. У адказ на гэта 4 сакавіка з’явіўся запіс: “З мэтай захавання ўказаных нормаў заканадаўства работнікі залы гульнявых аўтаматаў не прапускаюць наведвальнікаў у п’яным выглядзе”. Вось такая супярэчлівасць атрымалася.

 

Частка заробленых сродкаў ад раённага суботніка, што праводзіўся вясной, і  добраахвотныя складкі прадпрымальнікаў у мінулым годзе дазволілі добраўпарадкаваць гандлёвую плошчу. Ці ўдзельнічаў у гэтым “Вегас”? На гэтае пытанне аддзел эканомікі райвыканкама адказвае: “На тэрыторыі плошчы размешчаны 21 павільён, 15 іх уладальнікаў пералічылі грашовыя сродкі на добраўпарадкаванне, 1 — не ў поўным аб’ёме, а 6 — увогуле не пералічылі, у тым ліку і Н. Н. Шокель, які здае ў арэнду свой павільён пад “Вегас” і “Віт-Гейм”. Сярод уладальнікаў павільёнаў не зрабілі добраахвотныя ўзносы, або зрабілі гэта не ў поўным аб’ёме і тыя, хто падпісаўся ў звароце ў рэдакцыю 26.01.2012 г.”  

 

“Падаткі ад ажыццяўлення дзейнасці залы гульнявых аўтаматаў “Вегас” ГДА “Віт-Гейм” спраўна плаціць ў раённы бюджэт”, — паведамляе начальнік інспекцыі па падатках і зборах М. В. Лакотка. Між іншым, таксама выконваюць гэты абавязак і іншыя індывідуальныя прадпрымальнікі.

 

Прадпрымальнікі прапанавалі лепш асвятліць гандлёвую плошчу, каб папярэдзіць супрацьпраўныя дзеянні. Толькі як гэта зрабіць і за чый кошт? А. І. Баданін па магчымасці рэкамендуе ўладальнікам павільёнаў замяніць шыльды на канструкцыі рэкламнага характару з падсветкай або са святлодыёдамі. Інакш за ўстаноўку слупоў і ліхтароў трэба плаціць бюджэту. А ён не бяздонны.

Па ўсяму бачна, што недарэчнасці ў цэнтры райцэнтра 1 ліпеня разам з “Вегасам” не закончацца.

 

Падрыхтавала Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.


Вярнуцца назад