Кожны суразмоўца атрымаў адказ на цікавячае яго пытанне, а для раённай газеты кіраўнік асноўнай палівазабяспечвальнай на Міёршчыне арганізацыі падрыхтаваў наступнае паведамленне:
—У гэтым годзе ў пытаннях забеспячэння палівам для жыхароў раёна асаблівых змяненняў не адбылося. Мы працягваем кіравацца пастановай Савета Міністраў №1028 ад 9.11.2012 г., якой устаноўлены межавыя нормы водпуску насельніцтву па фіксаваных рознічных цэнах на працягу года на домаўладанне аднаго з наступных відаў паліва: торфабрыкету—3,5 тоны, дроў—4,9 кубічнага метра. Іх маюць права набываць грамадзяне, якія пастаянна жывуць ў Рэспубліцы Беларусь і зарэгістраваны па месцы жыхарства ў жылым доме, у якім ёсць пячное (вадзяное, паравое) ацяпленне, і які не падключаны да сістэмы цэнтралізаванага цеплазабеспячэння.
Спажыўцы, якія маюць паліўныя кніжкі, заказваюць патрэбны від паліва па тэлефоне 4-04-17, спасылаючыся на нумар гэтай кніжкі.
Для льготнай катэгорыі грамадзян—вяскоўцаў для атрымання паліва штогод патрэбны даведка сельвыканкама, а для гараджан—з УП ЖКГ, копія адпаведнага пасведчання і заява.
Цяпер дзяржава аплачвае значную частку паліва для насельніцтва. Кошт торфабрыкету на заводзе складае 685 тыс. рублёў за тону, а мы прадаём яго спажыўцу за 241 тысячу, ільготнікам—нават за 120500 рублёў; дровы купляем у лясгасе па 260 тыс. рублёў за кубічны метр, рэалізуем за 86 тысяч бярвеннямі. Папілаваныя—4,9 кубаметра—каштуюць без дастаўкі 800 тыс. рублёў, шчапаныя—1100 тысяч.
У насельніцтва вялікім попытам карыстаецца торфабрыкет з-за вялікай цеплааддачы пры згаранні—4000-4200 ккал/кг (параўнайце: ў дроў 1800-2200 ккал/кг). Якасць гэтага паліва яшчэ больш павысіцца, бо торфабрыкетны завод "Браслаўскі" вядзе капітальную рэканструкцыю вытворчасці, практычна гэта будзе новае прадпрыемства.
Каб не ствараць ажыятаж з набыццём паліва ў летне-асеннія месяцы, прапаную насельніцтву пачаць клапаціцца пра заказ брыкету на наступны ацяпляльны сезон ужо цяпер. Тым больш, што кошт энергарэсурсаў можа павялічыцца.
Аднак у цэлым сітуацыя з забеспячэннем палівам сёлета чакаецца лепшая, чым у папярэднія гады. У кожнага жыхара Міёршчыны ёсць магчымасці мець цяпло ў жыллі.
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.