При какой толщине льда можно выходить на водоёмы?

При какой толщине льда можно выходить на водоёмы?—Хачу дакладна ведаць пры якой таўшчыні лёду можна выходзіць на вадаёмы? Адны сцвярджаюць, што бяспечнай лічыцца покрыў у 7 сантыметраў. Другія арыентуюць на 10-12 сантыметраў. А мой сусед крочыць у магазін напрасткі праз возера, калі вада прамярзае на 5 сантыметраў.
Сяргей К.

За тлумачэннямі мы звярнуліся да начальніка Міёрскай станцыі выратавання на водах Алега Рубаніка.
 
Нямала дзівакоў, якія спрашчаюць шлях ці выходзяць на рыбалку, калі на вадаёмах яшчэ толькі пачынаецца ўтварэнне ледзянога покрыва. Паводле звестак АСВОДа за мінулы год (дадзеныя на 31.12. 2015 г.) у Беларусі вада "забрала" жыццё 421 чалавека, у Віцебскай вобласці—76. У грамадзян, якія ігнаруюць правілы бяспекі, ёсць шмат шанцаў папоўніць колькасць ахвяр. 

Магчыма, "смелага суседа", пра якога ўзгадаў у сваім пытанні Сяргей К., вытрымае і пяцісантыметровы лёд, бо трываласць яго залежыць не толькі ад таўшчыні, але і ад нагрузкі. Калі на глыбокае возера збіраецца рыбалоў, вага якога больш за 100 кілаграмаў, то яму лепш пачакаць пакуль лёд "нарасце" да 10 сантыметраў. 

Напэўна, многім даводзілася бачыць, як праз міёрскае возера зімой людзі ідуць  парамі. Агульная вага дваіх складае каля 140-150 кілаграмаў, а можа і больш, адпаведна павялічваецца і нагрузка на лёд, які пры 7-сантыметровай таўшчыні добра трымае аднаго чалавека з сярэдняй вагой і небяспечны для дваіх. 

Абавязкова трэба памятаць пра падводныя імклівыя цячэнні, якія з'ядаюць вадзяное покрыва ці наогул не даюць замерзнуць вадзе на сярэдзіне вадаёмаў. А ля берагоў лёд іншы раз завісае над вадой, трэскаецца, што таксама  небяспечна. Трываласць яго залежыць і ад структуры.

Пры якой мінімальнай таўшчыні дазваляецца грамадзянам рухацца пешшу па лёдзе? 
У адпаведнасці з Правіламі аховы жыцця людзей на водах Рэспублікі Беларусь, якія зацверджаны Пастановай Савета Міністраў 11.12.2009 г. №1623, выхад на вадаёмы "…забараняецца падчас ледаставу, пакуль таўшчыня лёду не дасягне 7 сантыметраў, а таксама ў перыяд інтэнсіўнага яго таяння і разбурэння (глава 6; пункт 50). 

Узгаданая таўшчыня лёду з'яўляецца мінімальнай. Несумненна, па 10-сантыметровым зімовым покрыве рухацца больш бяспечна. Дарэчы, раней адпаведна Правілаў дазваляўся выхад на лёд, калі ён прамярзаў да 7-10 сантыметраў.  Цяпер толькі—не менш за 7 см.
Дапамогуць пазбегнуць трагедый і наступныя важныя пункты Правіл аховы жыцця людзей на водах:

- пераходзіць вадаёмы па лёдзе варта ў месцах,абсталяваных перапраў. Пры іх адсутнасці да пачатку руху па лёдзе неабходна пераканацца ў яго трываласці, што правяраецца пешней або калом. Калі пасля першага ўдару лёд прабіваецца і на ім з'яўляецца вада, варта неадкладна спыніцца і рухацца назад па сваіх слядах, пры гэтым першыя крокі трэба рабіць не адрываючы падэшвы ад лёду. Правяраць трываласць лёду ўдарамі ног забараняецца (пункт 51);
- пры руху па лёдзе ўважліва сачыце за яго паверхняй, абыходзьце небяспечныя і падазроныя месцы: упадзенне ручаёў, выхад грунтовых водаў і крыніц, скід прамысловых і сцёкавых водаў, умёрзлыя кусты асакі, травы, выкалкі лёду. Не рэкамендуецца выходзіць на лёд у завею і цёмны час сутак (пункт 52);
- пры групавым пераходзе варта рухацца на адлегласці 5-6 метраў адзін ад аднаго і ўважліва сачыць за ідучым наперадзе (пункт 53);
- катацца на каньках дазваляецца толькі на спецыяльна абсталяваных катках. Абсталяванне каткоў на вадаёмах дазваляецца на мелкаводдзі, дзе адсутнічае хуткая плынь, пасля дбайнай праверкі трываласці і таўшчыні лёду (не менш за 10 - 12 сантыметраў). Масавыя катанні дазваляюцца пры таўшчыні лёду не менш за 25 сантыметраў (пункт 54);
- пераходзіць вадаёмы на лыжах рэкамендуецца па пракладзенай лыжні. У выпадку пераходу па цаліне ў мэтах забеспячэння бяспекі варта адшпіліць мацаванне лыжаў, зняць петлі палак з кісцяў рук, заплечнік (рэчавы мяшок ці сумку) трымаць на рамяні на адным плячы. Адлегласць паміж лыжнікамі павінна складаць 5—6 метраў, пры гэтым той, хто ідзе наперадзе, ударамі палак правярае трываласць лёду і сочыць за ёй (пункт 55);
- у час падлёднай рыбалкі не рэкамендуецца прабіваць шмат лунак на блізкай адлегласці, скакаць і бегаць па лёдзе, збірацца вялікімі групамі.

Кожнаму рыбалову рэкамендуецца мець з сабой выратавальную камізэльку і лінь (вяроўку) даўжынёй 15 - 20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам вагой 400 - 500 грамаў-на другім (пункт 56).
Мяркую, што адказ на пытанне Сяргей К. атрымаў падрабязны. Начальнік Міёрскай выратавальнай станцыі са шкадаваннем адзначыў, што іх арганізацыя не мае паўнамоцтваў прыцягваць парушальнікаў Правілаў аховы жыцця людзей на водах да адміністрацыйнай адказнасці. Рашэнне павінна быць прынята выканаўчай уладай. Неабходнасць у гэтым ёсць, бо на працягу года даводзіцца рабіць папярэджанні грамадзянам. Штрафаванне непаслухмяных "шукальнікаў трагічных здарэнняў" дапамагло б павысіць іх адказнасць за ўласную бяспеку. Аднак самая высокая цана за паводзіны на вадаёмах—уласнае жыццё.  

Гутарку запісала Эліза БЛАЖЭВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.