Зіма сёлета нібы крыху спазнілася, але яе непрадказальны нораў памятаецца не толькі па казках. Вось і пытанне праз рэдакцыю да дарожных служб аб тэрмінах ачысткі дарог ад снегу: хто і ў якія тэрміны павінен гэтым займацца?
Галоўны інжынер ДРБУ-203 Сяргей Сяргеевіч ПАНІЗНІК тлумачыць: — Дзве асноўныя магістралі раёна Полацк-Міёры-Браслаў і Верхнядзвінск-Шаркаўшчына-Каз'яны абслугоўвае ЛДД-342, астатнія — ДРБУ-203, вуліцамі гарадоў і прасёлкамі займаецца УП ЖКГ.
У звычайных умовах, пры невялікіх снегападах і завеях, яны павінны прыступаць да справы адразу пасля спынення непагадзі і ліквідоўваць яе наступствы на асноўных дарогах за 8 гадзін, на астатніх — за 16 гадзін, для экстрэмальных умоў гэты час павялічваецца адпаведна да 15 і 22 гадзін.
Заўважу, што экстрэмальнымі ўмовамі лічацца такія, калі інтэнсіўны снегапад павялічвае слой снегу больш за 5 сантыметраў у гадзіну або снегапад працягваецца больш за 6 гадзін; узнімаецца завея пры хуткасці ветру больш за 14 метраў у секунду; тэмпература паветра 10 градусаў марозу і ніжэй трымаецца больш за двое сутак. Нагадаю пра неабходнасць асцярожнага руху на заснежаных і слізкіх зімовых дарогах, а пры экстрэмальных умовах лепш не скіроўвацца на легкавой аўтамашыне ў далёкі шлях без крайняй на тое патрэбы.