Предпенсионное волнение

Предпенсионное волнение

Выплата пенсіі пачынаецца пасля дасягнення пэўнай узроставай мяжы, і чым бліжэй работнікі набліжаюцца да яе, тым больш у іх хвалявання і, як сцвярджаюць спецыялісты органаў сацыяльнага забеспячэння насельніцтва, яно бывае небезпадстаўным. На жаль, не ўсе задумваюцца пра тое, што прыйдзе ўзрост, калі давядзецца спадзявацца не на ўласныя сілы і асабісты заробак, а на дзяржаўную падтрымку ў выглядзе штомесячнай грашовай выплаты, памер якой "фар-міруецца" на працягу многіх гадоў. Некаторым грамадзянам, якія ўжо атрымліваюць пенсію, прыгадваюцца ранейшыя памылкі і пралікі, але выправіць іх ужо нельга. У складанай сітуацыі аказваюцца і тыя, хто мала працаваў, і хто шчыраваў у поце і атрымліваў немалы заробак, але не турбаваўся пра належнае афармленне працоўных адносін і пералічэнне ўзносаў у Фонд сацыяльнага страхавання. Узнікае праблема з падлікам працоўнага стажу і ў некаторых рамантыкаў-вандроўнікаў, якія часта мянялі месца работы і жыхарства ў межах многіх краін былога СССР.

 

Калі набліжаецца пенсійны ўзрост, работнікі ўстаноў і арганізацый, індвідуальныя прадпрымальнікі звяртаюцца ў "райсабес" за кансультацыямі па розных пытаннях. На некаторыя з іх сёння на старонках газеты дае адказ намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Ірына Баляславаўна Іванова.

 

 — З 1995 да 2000 года займалася індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, рэгулярна і своечасова плаціла падаткі, але гэты перыяд чамусьці не ўключаны ў стаж пры налічэнні пенсіі. Ці правільна гэта?

 

 — Найперш патлумачу, што падаткі да ўзносаў сацыяльнага страхавання не прыраўноўваюцца. А перыяд прадпрымальніцкай дзейнасці залічваецца ў працоўны стаж на падставе артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб пенсійным забеспячэнні" толькі пры ўмове выплаты абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Калі ж прадпрымальнік такіх адлічэнняў не рабіў, то няма падстаў залічваць перыяд з 1995 да 2000 года ў працоўны стаж пры назначэнні пенсіі.

 

 — Ці ўлічаць у стаж перыяд навучання ў вышэйшай навучальнай установе, калі я вучобу не закончыў?

 

 — Перыяд вучобы на дзённай форме атрымання адукацыі будзе залічаны ў стаж, нават калі Вы не завяршылі навучанне. У якасці дакумента неабходна прадаставіць даведку, выдадзеную ВНУ ці архіўнай установай.

 

 — У 2005-ым пераехала ў Беларусь з Украіны, дзе адпрацавала шмат гадоў. Ці ўлічаць мне гэты стаж работы?

 

 — Пытанні пенсійнага забеспячэння грамадзян, якія працавалі ва Украіне, рэгулююцца Урадамі Беларусі і Украіны пагадненнем аб гарантыях правоў грамадзян у галіне пенсійнага забеспячэння ад 14 снежня 1995 года. Адпаведна гэтага дакумента пытанне аб прызначэнні пенсіі разглядаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы, у якой цяпер пражывае грамадзянін. Пры гэтым у стаж залічваюцца гады работы на тэрыторыі абедзвюх краін (у тым ліку і за перыяд да распаду СССР), але пры ўмове выплаты з заробку ўзносаў у пенсійныя фонды гэтых дзяржаў.

 

 — Ці ёсць у беларусаў льготы па ўліку стажу за работу ў раёнах Крайняй Поўначы?

 

 — Пенсійнае заканадаўства нашай рэспублікі не ўтрымлівае норм аб льготным вылічэнні стажу ў перыяд работы ў раёнах Крайняй Поўначы і ў прыраўнаванай да яе мясцовасці.

 

 — Стаяла на "біржы працы", атрымлівала дапамогу на працягу 9 месяцаў, а "райсабес" залічыў у стаж толькі 6. Чаму?

 

 — У стаж працы для прызначэння пенсіі залічваецца перыяд атрымання дапамогі па беспрацоўі працягласцю не больш за 6 месяцаў.

 

 — Працоўны стаж у мяне меншы за 25 гадоў (мужчына). Ці атрымаю я пенсію па старасці?

 

 — Для прызначэння поўнай працоўнай пенсіі па ўзросце мужчынам патрэбны стаж работы не меншы за 25 гадоў (жанчынам — 20), з іх 10 гадоў — з выплатай страхавых узносаў. У тым выпадку, калі стаж меншы за 25 гадоў, пенсія разлічваецца прапарцыянальна наяўнаму стажу работы. Такім чынам, калі мужчына адпрацаваў 10 гадоў з выплатай страхавых узносаў, то яму будзе прызначаная працоўная пенсія па ўзросце, а пры меншым стажы прызначаць сацыяльную пенсію. Гэтае новаўвядзенне дзейнічае са студзеня 2014 года, у ранейшы перыяд працоўную пенсію па ўзросце маглі атрымліваць грамадзяне, якія мелі 5 гадоў стажу з выплатай узносаў.

 

Падрыхтавала Эліза БЛАЖЭВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.