Беломышечная болезнь

—Двойчы на маім падворку цяляты гінулі ад беламышачнай хваробы, хаця мы рабілі ім ін’екцыі селенам. Такая ж бяда раней здаралася і ў іншых аднавяскоўцаў. Хутка пачнуцца масавыя цяленні кароў і хочацца зберагчы маладняк. Падкажыце, чаму найчасцей падзёж “сасункоў” адбываецца зімой, а не летам, і чаму прафілактычнае “абколванне” медпрэпаратамі не заўсёды дапамагае іх зберагчы?

 

За адказам на гэтае пытанне мы звярнуліся ў райветстанцыю. Тлумачэнні даў ветурач Васіль Яўгенавіч Лапіцкі:

 

— Найперш патлумачу, што хвароба гэта не інфекцыйная, хаця і распаўсюджана ва ўсіх краінах свету. Яна характарызуецца глыбокімі парушэннямі абмену рэчываў, агульным таксікозам, дэгенератыўна-запаленчымі працэсамі ў арганізме і цяжка падаецца лячэнню. Асноўная прычына яе ўзнікнення — недахоп у кармах селену, адсутнасць якога і вядзе да дысфункцыі абменных працэсаў і глыбокіх марфалагічных змяненняў ў арганізме.

 

Сапраўды, хвароба найчасцей рэгіструецца ў стойлавы перыяд, што звязана з непаўнацэнным, аднатыпным кармленнем сцельных кароў, недахопам у іх рацыёнах бялкоў, мінеральных рэчываў, вітамінаў. Дарэчы, селенавая недастатковасць рэзка павышаецца пры дэфіцыце вітаміну Е, на які багатая свежая трава. Зразумела, што пры захоўванні сена, пры сіласаванні зялёнай масы і іншых апрацоўках кармоў узровень вітаміну Е у іх істотна зніжаецца. Да таго ж, зімой сцельныя каровы на падворках вяскоўцаў рэдка калі выганяюцца на вуліцу, на свежае паветра. А гэта таксама адбіваецца адмоўна.

 

Як сведчаць праводзімыя ветспецыялістамі на фермах гаспадарак раёна аналізы крыві БРЖ, у другой палове зімы і пачатку вясны ў арганізме сцельных кароў не хапае мікра і макраэлементаў, што прыгнячае іх стан і пагражае здароўю будучага маладняку. Менавіта таму ў стойлавы перыяд нярэдка і нараджаюцца цяляткі аслабленыя, бо не атрымліваюць яны падчас развіцця ад “матулі” ўсіх патрэбных  рэчываў. У дэфіцыте і селен, адсутнасць якога правакуе ўзнікненне беламышачнай хваробы.

 

Дарэчы, гэты элемент нават пры ін’екцыйным увядзенні праз кароткі прамежак часу расходуецца арганізмам і трэба дадаткова “сілкаваць” ім сцельных кароў. Каб мець здаровы маладняк і не дапусціць яго гібелі з-за беламышачнай хваробы, рэкамендуецца за 1,5-2 месяцы перад цяленнем каровам двойчы рабіць падскурныя ці ўнутрымышачныя ін’екцыі селенітам натрыю. Цяляткам  таксама ўводзяць гэты элемент сумесна з вітамінам Е на першы-другі дзень пасля нараджэння і паўторна — праз 10 дзён.

 

Калі прытрымлівацца такіх мер прафілактыкі і забяспечваць паўнацэннае кармленне кароў, належныя ўмовы іх утрымання, то ўдасца пазбегнуць беламышачнай хваробы маладняку. Але хачу падкрэсліць, што селен — таскічнае рэчыва і трэба строга захоўваць рэкамендуемыя дозы пры правядзенні ін’екцый. Асабліва трэба быць асцярожнымі пры ўвядзенні селену дробнай жывёле—ягнятам, казлянятам, парасятам. Можна прымяняць “Селед”, “Селевіт”, “Вітамін Е+селен”, “КМП” і іншыя сродкі.

 

Прыватным гаспадарам папярэдне варта атрымаць кансультацыю ад ветурача, якога, дарэчы, можна запрасіць і на падворак для правядзення ін’екцый статку. У райцэнтры ветэрынарныя паслугі па лячэнні і вакцынацыі жывёлы праводзяць спецыялісты райветстанцыі.

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.