Собираемся в отпуск?
gazeta 9-12-2013, 10:34 0 Пытайцеся—адказваемДалёка не кожны чалавек, працаўладкаваўшыся ў дзяржаўную ці прыватную ўстанову або арганізацыю і сумленна выконваючы ўскладзеныя на яго службовыя абавязкі, добра ведае пры гэтым шматлікія правы і гарантыі, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам павінны прадастаўляцца яму на рабочым месцы. Каб запоўніць прабелы грамадзян у прававых пытаннях, рэдакцыя газеты адкрывае новы праект "Працоўныя аспекты ", дзе будуць давацца кансультацыі спецыялістаў і юрыстаў і адказы на пытанні нашых чытачоў, звязаныя з прыёмам на работу, аховай працы, прадастаўленнем ільгот і гарантый.
Мяркуем, што такі ўсенавуч будзе карысным. Чакаем пытанняў на гэтую тэму. Калі вас цікавяць умовы прыёму на работу і звальнення, заключэння кантрактаў і працоўных дагавораў, прадастаўлення працоўных і сацыяльных водпускаў, ільготы для маладых спецыялістаў, правільнасць налічэння камандзіровачных і іншыя пытанні, тэлефануйце ў рэдакцыю на нумар 4-12-57. А ў падрыхтоўцы адказаў на іх мы разлічваем на дапамогу спецыялістаў аддзела па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, інспекцыі па ахове працы і іншых кампетэнтных служб. У новым праекце будуць прапанаваны і агляды анлайн-канферэнцый, праводзімых Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. А наша першая публікацыя тычыцца некаторых пытанняў прадастаўлення працоўнага водпуску.
— Дырэкцыя прадпрыемства адмаўляецца прадастаўляць водпуск у адпаведнасці з зацверджаным графікам. Ці правамерныя такія дзеянні?
— Чарговасць прадастаўлення работнікам працоўных адпачынкаў устанаўліваецца (згодна з часткай першай артыкула 168 Працоўнага кодэкса) адпаведна складзеных графікаў, якія зацвярджаюцца наймальнікамі па ўзгадненні з прафсаюзам ці з самім работнікам, калі прафсаюза няма. Адпаведна і водпуск прадастаўляецца ў вызначаны тэрмін. Магчымы адпачынак і ў іншы перыяд, але гэта дапушчальна толькі пры дасягненні такой дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам.
Непрадастаўленне наймальнікам працоўнага водпуску ў запланаваны графікам тэрмін (пры адсутнасці згоды работніка на змяненне перыяду адпачынку) з'яўляецца парушэннем правоў работніка і ён можа звярнуцца з адпаведнай скаргай у тэрытарыяльныя падраздзяленні дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ці ў прафсаюз, суд.
Змяніць перыяд прадастаўлення працоўнага водпуску ў аднабаковым парадку наймальнік можа толькі ў выпадках, прадугледжаных артыкулам 172 Працоўнага кодэкса: пры нечаканым прыпыненні работы ў сувязі з аварыяй, стыхійным бедствам, незабеспячэннем энергарэсурсамі, сыравінай і па іншых выключных і непрадбачаных абставінах.
— Ці мае права кіраўнік арганізацыі настойваць на прадастаўленні работніку водпуску часткамі?
— Адказ на гэтае пытанне дае частка першая артыкула 174 Працоўнага кодэкса: па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам працоўны водпуск можа быць падзелены на дзве часткі, калі іншае не прадугледжана калектыўным дагаворам, пагадненнем. Пры гэтым адна частка павінна быць не менш за 14 каляндарных дзён . Рашэнне аб падзеле адпачынку на часткі не можа быць прынята ў аднабаковым парадку наймальнікам. Адмова наймальніка ў прадастаўленні работніку водпуску поўнай працягласці — неабгрунтаваная.
— Падчас працоўнага водпуску давялося трапіць у бальніцу. Ці падоўжаць мне перыяд адпачынку?
— Абавязкова. Будуць улічаны дні часовай непрацаздольнасці, на якія выдадзены бальнічны лісток, і водпуск падоўжыцца.
— Такія ж умовы захоўваюцца і пры знаходжанні работніка ў сацыяльным водпуску?
— А вось сацыяльны водпуск па "бальнічным лістку" не пераносіцца і не прадаўжаецца ў сувязі з надыходам часовай непрацаздольнасці работніка (артыкул 171 Працоўнага кодэкса). Пасля закрыцця лістка непрацаздольнасці работніку можа быць прадастаўлены чарговы сацыяльны адпачынак ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
— Маладому спецыялісту, накіраванаму пасля заканчэння вучобы на работу, прадастаўляецца права на месячны адпачынак?
— Выпускнікам, якім прадастаўлена месца работы па размеркаванні, гарантуецца адпачынак працягласцю трыццаць адзін каляндарны дзень (у адпаведнасці з артыкулам 48 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі). Права на адпачынак рэалізуецца выпускніком ў перыяд пасля заканчэння навучання і да працаўладкавання.
— А калі ён падчас вучобы ўжо працаваў і, атрымаўшы дыплом, прадоўжыў работу на ранейшым месцы?
— У такім выпадку працоўныя адносіны паміж работнікам і наймальнікам рэгулююцца Працоўным кодэксам. Маладому спецыялісту, накіраванаму на работу ў арганізацыю, у якой ён ужо з `яўляецца работнікам, наймальнік можа даць толькі працоўны ці сацыяльны водпуск ва ўстаноўленым заканадаўствам аб працы парадку.
— У мой водпуск "уціснуліся" два святочныя дні. Я магу ў сувязі з гэтым выйсці на працу пазней?
— Згодна з часткай першай артыкула 147 Працоўнага кодэкса ў дзяржаўныя святы і святочныя дні, устаноўленыя і аб'яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нерабочымі, праца не выконваецца. А ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 151 такія дні, калі прыпадаюць на перыяд працоўнага водпуску , у лік водпуску не ўключаюцца і не аплачваюцца. Іх можна "адгуляць".
— Ці магу я адначасова падаць заяву і на чарговы працоўны водпуск і на звальненне?
— Па пісьмовай заяве работніка нявыкарыстаныя асноўны і дадатковыя водпускi могуць быць прадастаўлены яму з наступным звальненнем (акрамя выпадкаў звальнення за вінаватыя дзеянні). Пры гэтым днём звальнення лічыцца апошні дзень адпачынку.
— У якім памеры выплачваецца грашовая кампенсацыя за нявыкарыстаны працоўны водпуск пры звальненні?
— Пры звальненні работніку , які не выкарыстоўваў або выкарыстаў не цалкам працоўны водпуск, выплачваецца грашовая кампенсацыя.
Грашовая кампенсацыя за поўны працоўны водпуск выплачваецца, калі да дня звальнення работнік адпрацаваў поўны працоўны год (12 месяцаў мінус сумарная працягласць працоўнага водпуску, на якую работнiк мае права).
Калі ж да дня звальнення работнік прапрацаваў толькі частку працоўнага года, то грашовая кампенсацыя выплачваецца прапарцыянальна адпрацаванаму часу.
Грашовая кампенсацыя за нявыкарыстаны працоўны водпуск пры звальненні выплачваецца ў дзень звальнення.
(Адказы падрыхтаваны на аснове Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі).
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.