Газовые котлы: эксплуатация без проблем

Нядаўна тэлефонную размову з жыхарамі раёна праводзіў дырэктар філіяла РВУ "Міёрырайгаз" А. Э. Фяцковіч. Да яго звярталіся пераважна ўладальнікі газавых катлоў, якія працуюць на прыродным газе. З чым гэта звязана?

 

— Прыродны газ прыйшоў на Міёршчыну больш за 6 гадоў таму. За гэты час для абагрэву і гарачага водазабеспячэння індывідуальных жылых дамоў устаноўлена больш за 970 ацяпляльных газавых апаратаў. Больш таго, імі жадаюць карыстацца жыхары бліжэйшых да райцэнтра вёсак, — адзначыў Аляксандр Эдмундавіч. — У эксплуатацыю часцей за ўсё ўводзяцца сучасныя, з добрай аўтаматыкай ацяпляльныя катлы замежных і беларускіх вытворцаў, якія забяспечваюць эканамічную і бяспечную эксплуатацыю.

 

— Што цікавіла вашых суразмоўцаў?

 

— У мяне пыталіся, якія газавыя катлы лепш набываць і дзе зрабіць пакупку?

Каб не мець потым лішніх клопатаў, пры набыцці газавага абсталявання, перш за ўсё трэба звяртаць увагу менавіта на магчымасці яго сэрвіснага абслугоўвання, на наяўнасць і кошт запасных частак. Немалаважна і тое, які час такое абсталяванне эксплуатуецца ў Беларусі.

 

Зразумела, што кожны вытворца ў рэкламе імкнецца паказаць сябе з лепшага боку. Асобныя вартасці іх абсталявання спакушаюць пакупнікоў. Вось і атрымалася, што ў раёне па аднаму катлу ўстаноўлена з чатырох фірм, іншыя прадстаўлены 3-12 апаратамі. А ўвогуле, толькі ў райцэнтры эксплуатуецца больш за 20 марак газавых катлоў. Гэта стварае цяжкасці з забеспячэннем іх запаснымі часткамі і абслугоўваннем: рэгламентныя работы для кожнага апарата маюць свае асаблівасці. Сама больш газавага абсталявання сумесна беларуска-італьянскай вытворчасці "Альфа-Калор".

 

Цяпер набыць газавыя катлы можна без цяжкасцяў у райцэнтры ці любым горадзе рэспублікі. Непасрэдна апараты "Альфа-Калор" рэалізуюцца ў нашым РВУ "Міёрырайгаз" (вул. Кірава, 3а). Перш чым зрабіць пакупку, пераканайцеся, што прадавец прадаставіць вам разам з сертыфіцыраваным апаратам пашпарт на зразумелай вам мове і дагавор з УП "Віцебскаблгаз" на сэрвіснае гарантыйнае абслугоўванне, засведчаны круглай пячаткай фірмы, ад якой рэалізуецца абсталяванне. У дакуменце разам з абавязацельствамі па гарантыйным абслугоўванні могуць прадугледжвацца ўмовы абслугоўвання па заканчэнні тэрміну гарантыі. Хаця для гэтага можа заключацца асобны дагавор.

 

Калі набудзеце апарат без дагавора (скажам, на нейкім рынку), атрымаеце дадатковыя клопаты, якія звязаны з неабходнасцю звароту ў адпаведную фірму для заключэння дагавора, інакш райгаз не дасць дазвол на эксплуатацыю ўстаноўленага катла.

 

— Што дае дагавор на тэхнічнае абслугоўванне?

 

— З ім спажывец  атрымлівае якасны сэрвіс з прамыўкай цеплаабменнікаў (пры неабходнасці) і выпраўленнем любой няспраўнасці ў ацяпляльны перыяд на працягу сутак з моманту атрымання заяўкі. Па жаданні заказчыка спецыялісты адрэгулююць кацёл, наладзяць яго суадносна сістэмы ацяплення і водазабеспячэння. Пры гэтым патрабаванне да ўладальніка адно:захаванне ўсіх вызначаных правіл бяспекі. А ў першую чаргу ён абавязаны забяспечыць правядзенне сезоннага тэхнічнага абслугоўвання не радзей разу на працягу года перад пачаткам ці пасля ацяпляльнага сезона. Менавіта гэта забяспечвае надзейнасць работы абсталявання.

 

— Іншы раз уладальнікі заўважаюць, што прыехаў спецыяліст па абслугоўванні, крышку пакорпаўся і сказаў, што ўсё ў парадку…

 

— На абслугоўванне аднаго катла патрабуецца ад 1,6 да 3,5 гадзіны, гэта залежыць ад мадэлі. Рэгламентныя работы ўключаюць у сябе вымярэнне напругі электрасеткі і праверку электраабароны; агляд і ачыстку топкі і гарызантальнай часткі дымахода; наладку гарэлкі, праверку электродаў распальвання; замер ціску газу ў магістралі; рэгуліроўку ціску ў расшыральным баку, праверку цыркуляцыйнага насоса і папераджальнага клапана; вымярэнне і рэгуліроўку параметраў работы катла (ціск на ўваходзе ў гарэлку, настройка сістэмы бяспекі), пры неабходнасці — прамыўка цеплаабменніка.

 

— Зразумела, што кожны ўладальнік газавага абсталявання жадае забяспечыць яго абслугоўванне без лішніх праблем. Як гэта зрабіць?


— Цяпер упраўленне "Міёрырайгаз" абслугоўвае газавыя катлы маркі "Арыстон", "Іммергаз", абсталяванне расійскай і беларускай вытворчасці. Пажадана яго і набываць. Па ўсіх пытаннях іх абслугоўвання звяртайцеся непасрэдна ў райгаз (вул. Кірава, 3а) ці па тэлефонах 4-94-57 (майстры); 4-21-43 (галоўны інжынер). Мы зробім усё, каб ваш кацёл служыў надзейна і доўга.

Паслугі па сэрвісным абслугоўванні абсталявання іншых замежных вытворцаў на дагаварной аснове пакуль прадастаўляюць толькі спецыялісты фірм-прадаўцоў, з якімі ўладальнік заключыў дагавор на абслугоўванне, і якія маюць на гэта спецыяльны дазвол.

Яшчэ раз напомню, што газавыя катлы павінны быць абслужаны да 15 кастрычніка, да пачатку ацяпляльнага сезона. Паспяшайцеся гэта зрабіць, каб сэрвісная арганізацыя паспела пацвердзіць правядзенне рэгламентных работ.

 

Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.