Новое в регулировании обращений

Новае ў рэгуляванні зваротаў

Рэдакцыя змясціла два невялікія матэрыялы гэтай тэматыкі. Рэакцыя чытачоў адназначная: нюансаў шмат, трэба больш падрабязна. Таму сёння прапануем інтэрв’ю з галоўным спецыялістам сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Таццянай Рыгораўнай Зарудніцкай.

 

Уступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. А што з іншымі заканадаўчымі актамі ў гэтай сферы? 

—Яны ў большасці страцілі сілу, бо новы закон закліканы стаць комплексным заканадаўчым актам, які рэгулюе парадак падачы і разгляду зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, у тым ліку заўваг і прапаноў, унесеных у кнігу заўваг і прапаноў.

 

Хто можа звяртацца ў інстанцыі? 

—Права на звароты прадастаўлена грамадзянам, індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам. Пры гэтым аб’ём правоў названых суб’ектаў адрозніваецца. Так, грамадзяне могуць звяртацца ў арганізацыі шляхам падачы пісьмовых заўваг ці прапаноў, электронных або вусных, да індывідуальных прадпрымальнікаў—шляхам унясення заўваг ці прапаноў у адпаведную кнігу. Юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі звяртаюцца ў арганізацыі пісьмова, вусна або па электроннай пошце.

 

Хто разглядае звароты? 

—Дзяржаўныя органы і арганізацыі, іншыя арганізацыі, незалежна ад формы ўласнасці, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі. Закон не прадугледжвае ў абавязковым парадку разглядаць электронныя звароты арганізацыям прыватнай формы ўласнасці. Нарэшце, індывідуальныя прадпрымальнікі выступаюць суб’ектамі разгляду толькі заўваг і прапаноў, уносімых у адпаведную кнігу.

 

Што новага прадугледжана пры асабістым прыёме грамадзян? 

—Асабісты прыём грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў праводзіцца дзяржорганамі і іншымі арганізацыямі не радзей аднаго разу ў месяц ва ўстаноўленыя дні і гадзіны. Адказныя асобы, якія вядуць прыём, не могуць адмовіць звярнуцца да іх людзям па пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі гэтых арганізацый, хаця ёсць выключэнні. Адмоўлена можа быць у тым выпадку, калі заяўніку ў ходзе асабістага прыёму ўжо быў дадзены вычарпальны адказ на яго пытанне, перапіска з гэтым заяўнікам была спынена. Рашэнне аб адмове ў асабістым прыёме прымае той, хто вядзе прыём.

Пры правядзенні асабістага прыёму па рашэнні кіраўніка дзяржаўнага органа ці іншай арганізацыі могуць прымяняцца тэхнічныя сродкі, аб чым заяўнік павінен быць праінфармаваны перад пачаткам размовы.

 

Форма падачы і парадак разгляду звароту. 

—Звароты падаюцца заяўнікамі ў пісьмовай або электроннай форме ці тлумачацца вусна. Пры гэтым прадугледжаны канкрэтныя спосабы падачы кожнага віду звароту. Калі яны падаюцца іншым спосабам, то могуць не разглядацца. Напрыклад, пісьмовыя звароты падаюцца па пошце, кур’ерам, у ходзе асабістага прыёму, шляхам запісу ў кнігу заўваг і прапаноў. Не з’яўляюцца пісьмовымі зваротамі і не належаць разгляду факсы, тэлефонаграмы.

 

Тэрміны разгляду зваротаў. 

—Калі ў арганізацыю паступае пісьмовы зварот, пытанні ў якім не адносяцца да яе кампетэнцыі, то на працягу 5 дзён зварот накіроўваецца ў арганізацыю з адпаведнай кампетэнцыяй і пра гэта паведамляецца заяўніку. Можа быць другі варыянт, калі зварот не разглядаецца па сутнасці, а заяўніку паведамляюць, у якую арганізацыю і ў якім парадку неабходна звярнуцца па яго праблеме. Гэта правіла мае два выключэнні. Пісьмовыя звароты, у якіх абскарджваюцца судовыя пастановы, не пазней 5 дзён вяртаюцца заяўнікам з тлумачэннем ім парадку абскарджання. У сваю чаргу звароты, якія ўтрымліваюць інфармацыю аб падрыхтоўцы або ўчыненым злачынстве ці правапарушэнні, не пазней 5 дзён накіроўваюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, у якія яны паступілі, у адпаведныя праваахоўчыя ці іншыя дзяржорганы.

Пісьмовыя звароты, у тым ліку заўвагі і прапановы, якія ўнесены ў адпаведную кнігу, павінны быць разгледжаны не пазней 15 дзён, а звароты, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі,—не пазней 1 месяца, калі іншы тэрмін не ўстаноўлены заканадаўчымі актамі.

У выпадку, калі ў названыя тэрміны немагчыма вырашыць узнятыя праблемы, заяўніку ў 5-дзённы тэрмін пра гэта паведамляецца, называюцца прычыны і тэрміны разгляду зваротаў па сутнасці.

У законе ёсць норма пра тое, што адказы павінны давацца на мове зваротаў.

—Калі зварот на рускай мове, то адказ даецца таксама на рускай мове, калі на беларускай, то і адказ пішацца па-беларуску.

Законам прадугледжана магчымасць не накіроўваць у некаторых выпадках пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты.

—Пры адсутнасці ў зваротах якіх-небудзь рэкамендацый, патрабаванняў, хадайніцтва, паведамленняў аб парушэнні заканадаўства, недахопах у рабоце арганізацыі, або пры наяўнасці ў іх толькі падзячных слоў такія звароты прымаюцца да ведама і адказы на іх не накіроўваюцца. Адказ не накіроўваецца і тады, калі для вырашэння ўзнятых праблем зроблены пэўныя дзеянні (выкананы работы або аказаны паслугі) у прысутнасці заяўніка.

Ёсць адрозненні ў абскарджванні адказаў?

—Новы закон не прадугледжвае неабходнасці ва ўсіх адказах на звароты тлумачыць парадак абскарджванняў. Рабіць гэта неабходна ў адносінах тых адказаў, у якіх утрымліваюцца рашэнні аб поўнай або частковай адмове ў задавальненні зваротаў.

Асаблівая ўвага ў законе ўдзяляецца новаму віду зваротаў—электроннаму. Якія патрабаванні павінен выканаць той, хто звярнуўся да такой формы?

—Электронны зварот юрыдычнай асобы павінен утрымліваць назву і адрас арганізацыі або пасаду асоб, якім накіроўваецца зварот, яго сутнасць, прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка або асобы, якая ўпаўнаважана ва ўстаноўленым парадку падпісваць звароты, адрас электроннай пошты юрыдычнай асобы. Прадугледжваецца, што электронныя звароты накіроўваюцца ў дзяржаўныя органы і іншыя дзяржарганізацыі пры дапамозе глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт на адрас іх электроннай пошты і размяшчаюцца ў спецыяльнай рубрыцы на іх афіцыйных сайтах. На звароты, размешчаныя на форумах, у розных “няпрофільных” рубрыках і г. д., дзеянне закона не распаўсюджваецца. Электронная форма і адказаў.

Тым не менш, на электронныя звароты накіроўваюцца пісьмовыя адказы?

—У тым выпадку, калі заяўнік у сваім электронным звароце просіць накіраваць пісьмовы адказ, і калі ў электронным звароце адсутнічае адрас электроннай пошты.

Зразумела, што ўстаноўлены патрабаванні да электронных адказаў на электронныя звароты. Тут трэба кіравацца п. 1 арт. 18 закона, а таксама ўказваць прозвішча, імя, імя па бацьку, або ініцыялы кіраўніка дзяржаўнага органа ці асобы, якая ўпаўнаважана іх падпісваць. Такім чынам, па сэнсу закона не патрабуецца сканіраванне бланка або подпісу асобы, упаўнаважанай падпісваць адказы на звароты.

Як правільна наймальніку зрабіць змяненні ў інструкцыі па справаводстве?

—Парадак разгляду электронных зваротаў можа быць зафіксаваны ў загадзе кіраўніка, можна ўнесці змяненні ва ўжо існуючыя лакальныя акты, напрыклад, у тую ж інструкцыю па справаводстве. Можна запісаць, што на электронныя звароты даюцца пісьмовыя адказы або рашэнне па кожнаму прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку кіраўніком і г. д.

Падрыхтаваў

Л. КАСАТЫ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.