Кладбище: нормы и правила

Могілкі: нормы і правілы

 

Многія нашы родныя і блізкія знаходзяць тут апошняе супакаенне, ды і нашым канчатковым прытулкам стануць могілкі. Рады пахаванняў, помнікі, агароджы, насаджэнні, праезды і дарожкі... Усё гэта мы нярэдка бачым, але амаль ніколі не ўспрымаем як не надта просты гаспадарчы аб’ект. А дарэмна. Не выпадкова Міністэрства аховы здароўя пастановай ад 20 снежня 2008 года №222 зацвердзіла санітарныя нормы, правілы і гігіенічныя нарматывы па размяшчэнні, уладкаванні і ўтрыманні месц пахавання. Каменціруе гэты дакумент намеснік галоўнага санітарнага ўрача, загадчык аддзела гігіены райЦГЭ Т. М. Скавародка.

 

Тамара Міхайлаўна, пачнем гутарку з вызначэння, што такое могілкі?

— Санітарныя правілы адзначаюць, што могілкі — гэта размешчаны на адведзеным ва ўстаноўленым парадку зямельным участку аб’ект, прызначаны для пахавання цел (астанкаў) і праху (попелу) памерлых у зямлю (магілу, склеп), а таксама размяшчэнне сцен смутку (калумбарыяў).

 

Якія агульныя патрабаванні прад’яўляюцца да арганізацыі месц пахаванняў?

— Адвод зямельных участкаў для могілкаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з зацверджанай горадабудаўнічай дакументацыяй і правіламі забудовы населеных пунктаў з улікам геолага-гідралагічных умоў, прыроднай абароненасці падземных вод, асаблівасцяў рэльефу мясцовасці і грунту. Велічыня ўгоддзяў на гэтыя мэты залежыць ад колькасці жыхароў у населеным пункце.

 

Размяшчэнне, праект, увод у эксплуатацыю месц пахавання ўзгадняюцца з мясцовымі Саветамі ці выканкамамі, інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзяржсаннаглядам, некаторымі іншымі органамі пры станоўчым заключэнні дзяржаўнай экалагічнай і санітарна-гігіенічнай экспертызы.

 

Перанос існуючых пахаванняў магчымы толькі ў выпадку пагрозы іх пастаяннага затаплення ці іншых надзвычайных сітуацый. Прытым былыя могілкі можна выкарыстоўваць толькі пад зялёныя насаджэнні праз 20 гадоў пасля іх закрыцця. Узвядзенне будынкаў і іншых збудаванняў на гэтай тэрыторыі забаронена.

Санітарна-абаронная зона могілкаў плошчай менш 20 га складае 300 метраў, а закрытых месц пахавання і сельскіх могілкаў — 50 м. У ёй забаронена ўзвядзенне жылых і грамадскіх будынкаў. Прытым самі такія зоны нельга мяняць.

 

Дзе нельга размяшчаць могілкі?

— У зонах санітарнай аховы водных крыніц і водазабораў, нават перспектыўных, водаахоўных зонах рэк, азёраў і іншых адкрытых вадаёмаў, у нізінах, дзе блізкія грунтовыя воды. Больш таго, праз месцы пахавання забаронена пракладваць трубы цэнтралізаванага гаспадарча-пітнога водазабеспячэння.

 

Якія яшчэ патрабаванні варта ўлічваць?

— Участак, выдзяляемы пад могілкі, агароджваецца, ён не павінен мець ухілу ў бок населенага пункта і адкрытых вадаёмаў, перашкод для пад’езду. Патрабуецца, каб цэнтральны праезд праходзіў праз цэнтр тэрыторыі, у яго пачатку размяшчаецца рытуальная пляцоўка. Ля ўваходу прадугледжваецца месца для інфармацыйнага шчыта з распарадкам работы, правіламі для наведвальнікаў, схемай пахаванняў, побач павінна быць аўтастаянка.

 

Праект могілкаў павінен прадугледжваць праезды і пешаходныя дарожкі з асфальтавым ці гравійна-пясчаным пакрыццём, пляцоўкі для збору смецця, асвятленне, прыпынкі для грамадскага пасажырскага транспарту, сцежкі да водных крыніц, грамадскіх туалетаў.

 

Зялёныя насаджэнні могуць займаць не менш 20% агульнай плошчы могілкаў. Агароджы дапускаюцца і жывыя, зялёныя, але па ўсяму перыметру, вышынёй не менш метра.

Для перавозкі памерлых забараняецца выкарыстоўваць транспарт, на якім у іншы час дастаўляюцца харчовыя прадукты ці харчовая сыравіна.

 

Хто адказвае за ўтрыманне могілкаў?

— У сельскай мясцовасці гэтая задача ўскладзена на сельскі Савет, сельвыканкам. Яны вызначаюць парадак пахаванняў памерлых, утрымання могілкаў, помнікаў і іншых аб’ектаў, добраўпарадкавання месц агульнага карыстання, збору смецця, яго вывазкі. Больш таго — нават закрыцця. На закрытых месцах пахаванняў павінны заставацца ў поўнай недатыкальнасці ўсе збудаванні і зямельны покрыў, трэба падтрымліваць належны парадак. Пахаванні на закрытых могілках забараняюцца, за выключэннем свабодных месц ля сямейных магіл у межах агародж. Падзахаванні урн з прахам можна рабіць пры наяўнасці пісьмовага дазволу сельскага Савета ці сельвыканкама.

 

Гутарыў Л. МАТЭЛЕНАК.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.