Авторизация
 

У Дзісне пенсіянеры засталіся без цырульніка

 Раз на месяц у Дзісне чакаюць цырульніка з Міёрскага КБА. У снежні і ў студзені не дачакаліся. 

 

Згодна з графікам, цырульнік з райцэнтра прыязджае ў Дзісну ў другую сераду кожнага месяца. У снежні гараджане засталіся без яго паслуг. Чакалі ў сераду, 13 студзеня, і зноў дарэмна.

 
– Нас не папярэдзілі, што цырульнік не прыедзе. Спрабавалі даведацца самі, набіралі нумары дырэктара КБА і касы, пачулі толькі музыку ў трубцы, – расказвае засмучаная гараджанка. – Так, у Дзісне ёсць прыватная цырульня, аднак знаходзіцца яна ў раёне пасёлка ЛВДС. Як туды дайсці пенсіянеру, напрыклад, з вуліцы Пушкіна, што ўздоўж берага Заходняй Дзвіны? Майстар з КБА прымае ў адным з памяшканняў гарадской лазні, што значна бліжэй. Ведаем, што ў Міёрах працуе цырульня ў тэрытарыяльным цэнтры. У нашым горадзе таксама ёсць аддзяленні гэтай установы. Чаму б тут не аказваць цырульніцкія паслугі пенсіянерам?

 
Наконт цырульні ТЦСАН у Дзісне пагутарылі з дырэктарам установы Аленай Шамёнак. Яна заўважыла, што гэтае пытанне абмяркоўвала раней з загадчыкам аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Наталляй Кураш. Вывучалі магчымасці арганізаваць дзейнасць сацыяльнага работніка па аказанні цырульніцкіх паслуг інвалідам і пажылому насельніцтву горада.

 
– Перш-наперш для гэтага патрэбен мясцовы спецыяліст, – заўважае Алена Венядзіктаўна. – Выезд работніка з Міёр не практыкуецца, ён абслугоўвае дома толькі маламабільных жыхароў райцэнтра. На цяперашні момант аказваць паслугі цырульніка на базе аддзялення ў Дзісне немагчыма з-за складанай эпідсітуацыі. Калі яна палепшыцца, мы вернемся да гэтага пытання.

 
Што да работы ў Дзісне цырульніка з КБА, дырэктар прадпрыемства Віктар Батура патлумачыў:
– З сярэдзіны лістапада мы перасталі практыкаваць выезды цырульнікаў у населеныя пункты раёна. У тым ліку і ў Дзісну. Звязана гэта з тым, што нашы работнікі – а цяпер у КБА ўсяго чатыры цырульнікі – пэўны час не маглі выходзіць на працу па стане здароўя. Пра часовую адсутнасць цырульніцкіх паслуг у раёне мы папярэджвалі праз аб’явы. Дарэчы, на іх размяшчалі нумары для даведак, у тым ліку і майго мабільнага тэлефона. Я на сувязі пастаянна. Аднавіць выезды на раён плануем з лютага.

 
Што рабіць жыхарам Дзісны цяпер? Прасіць знаёмых навесці на галаве парадак, звяртацца да прыватнікаў у сваім горадзе, ехаць у цырульню ў суседнія райцэнтры. Напэўна, моладзь і гараджане сярэдняга ўзросту так і робяць. Для маламабільных пенсіянераў атрымаць паслугі цырульніка пакуль праблемна.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 2 марта 2021
Михаил, Николай, Павел, Порфирий, Роман, Федор, Анна, Мария, Марианна

Именины 1 марта 2021
Даниил, Илья, Макар, Павел, Памфил, Порфирий, Самуил, Юлиан

Госці краін

free counters
Партнеры сайта