Яблоневым цветом праздник объединяет. Что значит День Победы для жителей Миорщины

 Вялікая Айчынная вайна крывавай старонкай упісана ў гісторыю кожнай сям’і. Хтосьці страціў у ёй родных і блізкіх людзей, іншыя выжылі, аднак ліхалецце змяніла іх лёс. Святам са слязамі на вачах называюць 9 Мая. Што гэты дзень значыць для кожнага з нас, пацікавімся ў жыхароў раёна.

 Алена ШАМЁНАК,
старшыня раённага аб’яднання «Белая Русь»:

– Перш за ўсё Дзень Перамогі – гэта гордасць за нашых прадзедаў, якія не шкадавалі жыцця дзеля нашай светлай будучыні. А яшчэ – знак удзячнасці ветэранам, якія змагаліся за мір, тым, хто адраджаў краіну з попелу. Наша пакаленне свята захоўвае памяць. Традыцыйна праводзім акцыю «Белая Русь – ветэранам». Асабіста для мяне гэта і дзень памяці пра маіх дзядуляў. Аднаго з іх я ведала толькі па фотаздымках – яго забрала вайна. Успаміны пра другога – малалетняга вязня фашысцкіх канцлагераў – выклікаюць моцныя пачуцці. Дрыжыкі ішлі па целе, калі ён расказваў пра голад і холад, якія былі пастаяннымі спадарожнікамі. Забыць такое немагчыма.

 Яўген БАРАН, старшыня Дзісненскага гарсавета:

– Для мяне 9 Мая было і застаецца сямейным святам. Ваявалі мае дзядулі – і па матчынай, і па бацькавай лініі. Абодва выжылі ў той страшэннай вайне. Пайшлі на фронт у 1941 годзе. Сцяпан Лаўрэнцьевіч Баран удзельнічаў у баях на Курскай дузе, быў цяжка паранены, доўга лячыўся ў шпіталі, пасля камісаваны. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны першай ступені. Іван Мінавіч Баран (абодва з вёскі Бараны і мелі адно прозвішча) атрымаў медаль за перамогу над Японіяй. Часта прыгадваю сваіх гераічных дзядоў. На жаль, адзін з іх памёр яшчэ да майго нараджэння, але памяць пра іх і іх подзвігі жыве. Ад другога дзядулі даведваўся шмат пра Вялікую Айчынную. У гэта светлае і добрае свята мы заўсёды збіраліся сям’ёй. Спачатку хадзілі на мітынгі, потым, калі ўжо не мог іх наведваць, – дома. Важна і сёння ведаць і памятаць пра падзеі 75-гадовай даўніны. Гэтую найвялікшую каштоўнасць перадам сваім дзецям і ўнукам.

 Валянціна Васільеўна РУБІС, пенсіянерка:

– Мне было 11 гадоў, калі прыйшла вайна. Жылі ў вёсцы. Да нас штодзень прыходзілі то немцы, то партызаны. Першыя забіралі ўсе прадукты і жывёлу, што бачылі. Нашы шкадавалі: «пакіньце дзецям». 9 Мая – гэта памяць. Мае ўнукі і праўнукі распытваюць пра ліхалецце, хочуць ведаць сваю гісторыю і пра сваіх продкаў. У гэты дзень раней збіраліся разам з суседзямі, ішлі на мітынг, успаміналі мінулае. І добрае, і дрэннае. Цяпер глядзім парад па тэлевізары. Кранаюць да слёз аповеды, як пакутавалі людзі.

 Святлана ІШЧУК, індывідуальны прадпрымальнік:

– Дзень Перамогі гучыць у маёй душы як дзень памяці. Таму што з намі няма не толькі загінулых, а ўжо нават многіх тых, хто прайшоў усю вайну. Я люблю пераглядаць старыя здымкі маіх дзядоў у ваеннай форме. Абодва яны ваявалі і засталіся ў жывых. Матулін бацька дайшоў да Берліна. 9 Мая асабліва адчуваю гонар за іх. У кожнага з іх шмат заслужаных ордэнаў і медалёў. А пра ўзнагароды яны і не думалі, перажывалі за свае сем'і і родную краіну. Часта пытаюся ў сябе: ці змаглі б мы, наша пакаленне, вось так абараняць Радзіму?

 Паліна ІВАШЧУК, дзесяцікласніца Дзісненскай СШ:

– Гэта дзень памяці і смутку. Памяці, таму што мае родныя прайшлі страшную вайну і выжылі. Я імі ганаруся. Смутку, бо шмат жыццяў аддадзена за перамогу. Таксама гэта дзень міру: дзякуючы салдатам мы жывём у вольнай краіне пад светлым небам.


 Вольга КОРСАК, бібліятэкар:

Для мяне 9 Мая – гэта магчымасць жыць у мірны час, не ведаць, што такое вайна, голад, страх… Але перш за ўсё – удзячнасць людзям, без якіх быў бы немагчымы Дзень Перамогі. Дзякуючы ім мы не ведаем таго страшнага часу.

 Галіна КОНАНАВА, удзельніца клуба «Бажэна»:

– У нас з мужам ваявалі таты. Адзін прайшоў фінскую вайну, другі – фінскую і Вялікую Айчынную. Уладзімір Карнеевіч Конанаў атрымаў шмат узнагарод, сярод іх Ордэн Чырвонай зоркі. Тры гады запар удзельнічалі ў акцыі «Беларусь памятае» з яго партрэтам. Сёлета ў Беларусі да 75-годдзя Вялікай Перамогі саджаюць яблыневыя алеі. Мы з мужам таксама вырашылі такім чынам ушанаваць памяць продка. Яблыньку назвалі ў гонар бацькі – карнееўка. Напамін пра яго жыве яшчэ даўжэй, радавацца смачным пладам будуць дзеці і ўнукі. Дзень Перамогі – гэта наш гонар і памяць, добры настрой, яркае сонца і мірнае неба.

Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі і з сацыяльных сетак.
Падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.