Как выполняете правила профилактики коронавирусной инфекции? Отвечали жители Миорщины

 Па магчымасці заставацца дома, часцей мыць рукі з мылам і апрацоўваць антысептыкам, на- сіць маску, трымаць дыстанцыю ў грамадскіх месцах – асноўныя меры прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі. Як выконваюць іх жыхары горада і раёна?

Галіна Курыльчык, пенсіянерка, г. Міёры:
– Запасліся маскамі, антысептыкам і знаходзімся ў добраахвотнай самаізаляцыі. З дома і двара адлучаемся толькі па неабходнасці. За прадуктамі ў магазін муж едзе на аўтамабілі, абавязкова бярэ з сабой маску. Раней я хадзіла на заняткі ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс, цяпер вырашыла зрабіць перапынак. Калі палепшыцца надвор’е, прадоўжу займацца скандынаўскай хадзьбой. Для гэтага якраз падыходзяць ціхія месцы.

Таццяна Цыцыліна, бібліятэкар, г. Міёры:
– На працы некалькі разоў на дзень мыю рукі і апрацоўваю іх антысептыкам. Ёсць гэты сродак дома. У вольны час без неабходнасці не пакідаю жыллё, не хаджу ў госці. Стала радзей бываць у магазінах. За пакупкамі іду ў масцы. Пра сітуацыю з каронавірусам шмат рознай супярэчлівай інфармацыі, што дадае хваляванняў.

Максім Філіповіч, настаўнік, г. Міёры:
– Да праблемы каронавірусу стаўлюся нейтральна. Маску не нашу, са знаёмымі вітаюся за руку, мыю рукі, як звычайна. У нашым жыцці шмат розных хвароб, якія забіраюць куды больш жыццяў. Проста мы за гэтым не сочым.

Міхаіл Карпаў, выкладчык дзіцячай школы мастацтваў, аг. Язна:
– Сусветная пандэмія не ўнесла істотных змен у мой лад жыцця. У горад і раней рэдка выязджаў, пасля працы большую частку вольнага часу праводзіў дома. За чысцінёй рук сачыў пастаянна, што працягваю рабіць і цяпер, але антысептыкам не карыстаюся. На работу маску не нашу: дзеці на адпачынку і я там ні з кім не кантактую. Разам з тым з-за працяглых вясенніх канікул трэба карэкціраваць вучэбны план на апошнюю чвэрць.

Алена Кадушкевіч, дырэктар Туркоўскага СДК:
– Першы сродак прафілактыкі – мыццё і апрацоўка рук антысептыкам. На працы кантактаў няшмат, бо масавыя мерапрыемствы адмянілі. Гурткі працуюць, але наведвальнікаў вельмі мала. Раней, калі забірала дзіця з садка, па традыцыі ішлі ў магазін за ласункамі, цяпер – адразу дадому. У люднае месца выходжу ў масцы.

Ірына Мыслівец, выхавацель, г. Дзісна:
– Стараемся прытрымлівацца правіл самаізаляцыі: абмежавалі кантакты з сябрамі, адклалі паездкі, сталі аддаваць перавагу анлайн-пакупкам і менш хадзіць па магазінах. Асаблівую ўвагу надаём гігіене. Дзеці на канікулах дома. Канешне, ім хочацца бавіць час на вуліцы. Ладзім сямейныя прагулкі на свежым паветры ў малалюдных месцах. Муж-дальнабойшчык, нават бываючы непадалёку, дадому не прыязджае, каб не падвяргаць нас рызыцы.

Фота для ілюстрацыі.
Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.