Как живется женщинам с двумя именами?
gazeta 9-03-2020, 11:50 470 Пытайцеся—адказваем
Амерыканскі педагог-псіхолаг Дэйл Карнегі называў імя чалавека самым салодкім, самым важным гукам на любой мове і для прыемных эфектыўных зносін раіў часцей звяртацца да субяседніка па імені. А што рабіць, калі імя два? І як увогуле складваецца, што чалавек ідзе па жыцці з двума імёнамі. Спытаем у міярчанак, чыё імя ў пашпарце адрозніваецца ад таго, якім называюць блізкія і знаёмыя.
Ала (Алена) ЮХНО:
– Бацькі хацелі назваць мяне Аленай, але падчас рэгістрацыі чамусьці запісалі Алай. З той пары так і павялося: для блізкіх і сяброў я – Алена, у дакументах – Ала. Праўда, у школьным журнале мяне Аленай запісвалі. Аднак атэстат атрымала на Алу. Пры знаёмстве прадстаўляюся Аленай і на вуліцы хутчэй адгукнуся на гэтае імя, чым на пашпартнае. Не магу сказаць, якое з імёнаў мне найбольш падабаецца. Проста Алена прывычней. Дарэчы, мне прапаноўвалі памяняць імя ў дакументах. Не палічыла патрэбным. Мне камфортна з двума імёнамі.
Анастасія (Надзея) ЛУКОЎСКАЯ:
– Маё імя ў пашпарце – Анастасія. Яго мне бабуля дала. Бацькі з малых гадоў звалі Надзяй. І ў школе для аднакласнікаў і настаўнікаў Надзяй была, і ў інстытуце так называлі, і на першым працоўным месцы. Калі выйшла замуж і пераехала з Лёзна ў Міёры, новыя калегі і знаёмыя сталі зваць мяне Анастасіяй. Ахвотна адгукаюся і на адно імя, і на другое. Але быць Надзяй мне больш звыкла, бо гэтае імя са мной з дзяцінства.
Галіна (Ала) СІНКЕВІЧ:
– Калі тата пайшоў у сельсавет зарэгістраваць маё нараджэнне, маці наказала назваць мяне Алай. Ён сказаў сакратару, што дачушка будзе Алай – Алінкай. У работніка сельсавета былі праблемы са слыхам, і ён пачуў «Галіна». Дома звалі Алай і на запісанае ў пасведчанні аб нараджэнні імя да школьных гадоў ніхто не звяртаў увагі. Думалі змяніць імя, але паслуга была платнай. У сям’і пяцёра дзяцей гадавалася і на падобныя расходы лішніх грошай не мелі. Так я засталася Галінай на паперы, а ведаюць мяне як Алу. Сваім «пашпартным» імем карыстаюся толькі пры афармленні афіцыйных дакументаў, наўрад ці адгукнуся на яго ў паўсядзённых зносінах.
Сафія (Зоя) САДОЎСКАЯ:
– Зарэгістравалі мяне Сафіяй, а звалі Зояй. Відаць, бацькі лічылі, што гэта адно і тое ж імя, толькі Сафія – поўны варыянт, а Зоя – размоўны. У школе Зояй была, пайшла працаваць – часцей Сафіяй звалі. Пры знаёмстве прадстаўляюся Сафіяй. Хто мяне даўно ведае, Зояй называе. Да абодвух імён прывыкла, але Сафія заўжды больш падабалася. Раней гэта рэдкае імя было, а цяпер набывае папулярнасць.
Фота для ілюстрацыі.
Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.