– У красавіку ў Новапагосцкім сельсавеце праходзіў дзень інфармавання. Завітала інфармацыйная група і ў Клётаў Двор. Мы прасілі, каб да нас у вёску заязджаў рэйсавы аўтобус. Ці будзе гэта магчыма? – цікавяцца сяльчане.
Зварот разгледзелі ў службе перавозак філіяла “Аўтобусны парк № 2 г. Полацка” ААТ “Віцебскаблаўтатранс”.
ВЯСКОЎЦЫ заўважалі, што ад Клётава Двара да чыгуначнага пераезду, дзе спыняецца аўтобус, больш за два кіламетры. Адолець гэтую адлегласць пешшу не кожнаму пад сілу, асабліва ў сталым узросце. Таму і звярнуліся з просьбай, каб хоць два разы на тыдзень грамадскі транспарт заязджаў у вёску.
ПА інфармацыі адміністрацыі полацкага аўтапарка № 2, адлегласць ад вёскі Клётаў Двор да прыпыначнага пункта рэгулярных маршрутаў “Міёры – Белеўцы”, “Міёры – Наўгароды”, “Міёры – Мінск” не перавышае паўтара кіламетра.
Згодна з дзяржаўным сацыяльным стандартам 32 “Зона ахопу населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва ад 20 чалавек транспартнымі зносінамі”, нарматыў пешаходна дасягальнай зоны – тры кіламетры. Такім чынам, адлегласць ад Клётава Двара да аўтобуснага прыпынку адпавядае стандарту і лічыцца пешаходна даступнай.
АРГАНІЗАЦЫЮ рэгулярных рэйсаў або заездаў па заяўніцкім прынцыпе Правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў не прадугледжваюць.