Авторизация
 

Як працуе Міёрскае РКБА? І яго арганізацыйна-працоўныя здольнасці

 Штодня ў будынку камбіната бытавога абслугоўвання ў Міёрах чэргі ў цырульню. Прыходзяць сюды адрамантаваць абутак, купіць пасцельную бялізну, пачысціць падушкі, пашыць сукенку. Радыус дзейнасці Міёрскага КБА ахоплівае як райцэнтр, так і Дзісну, і сельскую мясцовасць. 

Якім чынам там аказваюць паслугі? Пра гэта ў размове з дырэктарам прадпрыемства Віктарам БАТУРА.

— На тэрыторыі раёна дзейнічаюць тры комплексна-прыёмныя пункты — у Мікалаёве, Павяцці і Завуцці, чатыры пункты прыёму заказаў — у Язне, Дзісне, Чапуках і Узмёнах, — расказвае Віктар Віктаравіч. — Адрозненне паміж імі ў тым, што ў КПП некаторыя паслугі прадастаўляюць на месцы пастаянна. Так, у Мікалаёве займаюцца рамонтам адзення. У пунктах прыёму толькі прымаюць заказы.


Як часта ў сяльчан ёсць магчымасць абнавіць прычоскі?
— Кожную другую і чацвёртую сераду месяца нашы цырульнікі працуюць у Дзісне і Язне. Раз на месяц бываем у Мікалаёве і Завуцці. У іншыя населеныя пункты выязджаем, калі набіраюцца заяўкі. Паведаміць пра патрэбу ў той ці іншай паслузе можна па нумарах +375 29 510 05 95, 4 15 59 (дырэктар), 4 10 98 (каса) або звярнуцца ў сельсавет. Дарэчы, удзячны работнікам сельсаветаў за дапамогу ў арганізацыі нашай дзейнасці на месцах.


На выездзе цырульнікі не толькі выконваюць свае прамыя абавязкі, але і прымаюць ад насельніцтва іншыя заяўкі. Хто ідзе пастрыгчыся, можа ўзяць з сабой абутак, які трэба адрамантаваць. Выкананы заказ даставяць падчас наступнага візіту.


На якія паслугі ў сяльчан найбольшы попыт?
— На першым месцы — цырульніцкія. Таксама здаюць абутак на рамонт і падушкі на чыстку. Апошняя паслуга — сухая (хімічная) чыстка — з’явілася шэсць год таму і цалкам сябе апраўдала. Жадаючых пачысціць падушкі ці замяніць іх напаўненне было шмат. І цяпер гэта запатрабавана. Купляюць пасцельную бялізну, ручнікі. Асабліва хутка разыхо- дзіцца тавар летам.


Прадукцыяй уласнай вытворчасці гандлюеце на КПП і ў пунктах прыёму заказаў?
— Не, на рынках. Для выезду ў Язна невыпадкова выбралі менавіта сераду. Гэта рыначны дзень у аграгарадку. Пакуль цырульнік працуе з кліентамі, рэалізоўваем сваю прадукцыю на рынку. Па суботах гандлюем у Дзісне і Верхнядзвінску, у нядзелю прапаноўваем тавар у Міёрах і Браславе. Паралельна прымаем заяўкі на іншыя паслугі. Таму да гандлёвых кропак Міёрскага КБА таксама можна прыносіць і абутак з адзеннем на рамонт, і падушкі на чыстку.


У КБА шыюць толькі пасцельную бялізну і ручнікі?
— Забяспечваем спецадзеннем сельгаспрадпрыемствы раёна, мясакамбінат, камбікормавы завод. Прымаем індывідуальныя заяўкі на пашыў адзення, але толькі з матэрыялу кліента. Як правіла, заказваюць сукенкі.


Ці можна сцвярджаць, што Міёрскае КБА максімальна забяспечвае сваімі паслугамі сельскую мясцовасць?
— Імкнёмся да гэтага. На жаль, не ўсё ўдаецца выканаць, час цяпер няпросты. Яшчэ дзесяць год таму ў раёне дзейнічалі дванаццаць комплексна-прыёмных пунктаў і спектр паслуг на месцы быў шырэйшым. Аднак змяншаецца колькасць насельніцтва, выходзіць са строю тэхніка, узнікаюць праблемы з фінансаваннем і выручкай. Разам з тым прыкладаем намаганні, каб зрабіць нашы паслугі даступнымі для жыхароў сяла.

ДАРЭЧЫ.

Акрамя найбольш запатрабаваных паслуг КБА, у цёплую пару ў гараджан папулярны пракат палатак і спальных мяшкоў. Палатка на суткі абыходзіцца ў паўтара рубля, спальны мяшок — 62 капейкі. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Гутарыла Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 мая 2021
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Именины 16 мая 2021
Викентий, Николай, Павел, Петр, Тимофей, Ульяна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта