Галоўная > Прырода і экалогія > Семінар «Тэхналогія вермікультывавання ў арганічным земляробстве» адбыўся ў Павяцкай школе

Семінар «Тэхналогія вермікультывавання ў арганічным земляробстве» адбыўся ў Павяцкай школе


5-02-2021, 13:45. размясціў: gazeta

  Чым любяць частавацца каліфарнійскія чарвякі і што значыць садзіць насенне ва «ўлітку». Пазнавальную інфармацыю і карысныя лайфхакі атрымалі ўдзельнікі семінара «Тэхналогія вермікультывавання ў арганічным земляробстве», што адбыўся ў Павяцкай школе ў мінулую суботу. Гэта трэцяя сустрэча па рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Павяцце-green school» у рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

 

На семінары прэзентавалі першы атрыманы вермікампост. Натуральным угнаеннем падзяліліся з удзельнікамі сустрэчы. Папоўніць скарбонку ведаў пра арганічнае земляробства прыйшлі зацікаўленыя вяскоўцы, супрацоўнікі школы, вучні 10-га аграрнага класа. Прыехалі ўдзельніцы сацыяльнага праекта «Навучанне жанчын Віцебскай вобласці асновам аграбізнесу, прадуктыўнага выкарыстання зямельных участкаў для атрымання дадатковага даходу для сям’і, адкрыццю малога бізнесу і ўцягненню ў працэс самазанятасці», што рэалізуецца ў раёне на базе тэрытарыяльнага цэнтра.

 

Прагулка па тэрыторыі

Для гасцей з раёна азнаямляльную экскурсію па прышкольнай тэрыторыі правяла кіраўнік ініцыятывы «Павяцце-green school», настаўнік біялогіі Іна Хадасевіч. На заснежаных градках, што мінулым летам разбілі на свабодным участку, зіму- юць сарты класічнай і рэмантантнай маліны. Рэмантантную ў лістападзе абрэзалі «пад пень». У наступным сезоне куст паспее нарасціць зялёную масу і на маладых галінках з’явяцца завязі ягад. Класічную пакінулі з галінкамі, бо ўраджай яна дае на другі год.

 
Раслі летам на эксперыментальным гародчыку кавуны і дыні.
– Вырашылі праверыць, ці магчыма ў нас іх вырасціць на цёплай градцы. Цёплай называецца высокая градка, на якую кладуць арганіку, затым салому і толькі пасля зямлю, у якую садзяць насенне, – тлумачыць біёлаг. – Эксперымент удаўся. Самы вялікі кавун важыў шэсць кілаграмаў. На смак яны салодкія, хоць і не вельмі сакавітыя. Дзецям спадабаліся і кавуны, і дыні.

 
Непадалёку ад гародчыка знаходзіцца вермікантэйнер – летні дом для каліфарнійскіх чарвякоў, якіх закупіла школа ў рамках рэалізацыі ініцыятывы. Вынік іх сезоннай працы – 140 кілаграмаў вермікампосту (біягумусу). Цяпер зімуюць у цяпліцы ў спецыяльнай зямлянцы.

 

 Лекцыі ў актавай зале

Пра ролю чарвякоў у арганічным земляробстве расказаў кандыдат сельскагаспадарчых навук Анатоль Спрынчак. Адзначыў, што ў свеце вядома звыш 1,5 тысячы відаў чарвякоў. Іх памер ад 15 мм да 2,5 метраў (такія сустракаюцца ў тропіках). Чарвякі пераварваюць розныя бактэрыі, грыбы, прасцейшыя арганізмы, абагачаюць глебу капралітамі (іх экскрэменты), зніжаюць яе кіслотнасць.

 
Каліфарнійскі чарвяк атрымаў сваю назву ад універсітэта, дзе быў выведзены ў 1956 годзе. Гэты від найбольш актыўна перапрацоўвае ў біягумус розныя адходы. Папуляцыя падвойваецца праз кожныя сорак дзён. Тэмпература для жыццезабеспячэння не ніжэй за 0 і не вышэй за 40 градусаў па Цэльсію, аптымальная для размнажэння – 20 – 22 градусы.

 
Азнаёміў лектар з рацыёнам каліфарнійскага чарвяка. У меню – фрукты за выключэннем цытрусавых, ва ўмераных порцыях здробненае яечнае шкарлупінне, гушча кавы, здробненыя кардон і папера, лісце дрэў, адходы сада і агарода. Не пажадана ўключаць цытрусавыя, мясныя прадукты, малочныя адходы, раслінны алей ці тлушч. Таксама ўдзельнікі семінара атрымалі рэкамендацыі па ўтрыманні каліфарнійскага чарвяка ў летні і зімовы перыяды.

 

Майстар-клас для агароднікаў-аматараў

У ліку гасцей семінара – дырэктар Чапукоўскай школы і агароднік-аматар Уладзімір Кляўцоў. Правёў майстар-клас па пасеве расады ва «ўлітку». Зручнасць і эфектыўнасць такога спосабу праверыў на ўласным вопыце. Усё, што трэба, – поліэтыленавы пакет для смецця, папяровы ручнік, пульверызатар з вадой і насенне.

 

Зверху на пакет кладуць папяровы ручнік, увільгатняюць пульверызатарам, раскладаюць на адлегласці сантыметры ў два насенне, накрываюць яшчэ адным лістом ручніка, зноў увільгатняюць і скручваюць. У ёмістасць з-пад торта такіх трубачак змесціцца шмат. На дно трэба наліць крыху вады. Як толькі зярнятка выпусціць два лісточкі, трэба пікіраваць. Аднак можна прадоўжыць вырошчванне ва «ўлітцы», калі падсыпаць грунт і ўвільгатніць.

 
Пры раскручванні трубачкі каранёвая сістэма расліны не парушаецца, што вельмі важна для яе будучага росту.
Як заўважыў Уладзімір Кляўцоў, шмат лайфхакаў для агароднікаў змяшчае інтэрнэт. Між тым, карыстаючыся імі, трэба ўключаць здаровы сэнс і ўласны жыццёвы вопыт.

 

Чай на дарожку

Завяршыўся семінар чаяпіццем. Удзельнікаў пачаставалі чаем з лекавых траў, якія вырасцілі на прышкольным участку. Духмяны напой кожны атрымаў у падарунак.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.


Вярнуцца назад