Галоўная > Прырода і экалогія > Поўняцца крышачкамі кантэйнеры на Міёршчыне

Поўняцца крышачкамі кантэйнеры на Міёршчыне


28-10-2019, 08:30. размясціў: gazeta

 Другі год Міёрскі раён удзельнічае ў дабрачынным праекце «Новая жизнь в обмен на крышечки». Агульная вага сабранай другаснай сыравіны набліжаецца да 600 кілаграм. Найбольш актыўнічаюць установы адукацыі. 

Два вялікія пакеты з крышачкамі – унёсак у добрую справу другакласнікаў з Туркоўскай школы.

У Туркоўскай яслі-сад – базавай школе крышачкі збіраюць і дзеці, і іх бацькі, і педагогі.
– Маці адной з вучаніц расказвала, што, ідучы па вуліцы, азіраецца па баках: раптам дзе крышачка ляжыць, – заўважае з усмешкай класны кіраўнік другога класа Зоя Станкевіч.


Яе выхаванцы ў школе адны з самых актыўных крышарыкаў. І сама настаўніца папаўняе скарбонку стракатай другаснай сыравінай.
– У мяне ёсць малодшы брацік. Крышачкі ад упаковак з-пад дзіцячага харчавання нясу ў школу, – расказвае Вераніка Стома. – А яшчэ суседка бабуля Таня мне свае крышачкі аддае.


– А мне мама збіраць крышкі дапамагае. Ад кожнай бутэлькі адкручваем, – гаворыць Юля Жураўская.
Школьнікі ведаюць, што, збіраючы крышкі, робяць адразу дзве добрыя справы: пазбаўляюць наваколле ад лішняга смецця і дапамагаюць хворым дзеткам.


Цяпер збор ідзе ў падтрымку пяцігадовага Алёшы Сямешкі з Віцебска. У хлопчыка цяжкае захворванне нервовай і касцёва-мышачнай сістэм. Яму патрэбна спецыяльная прагулачная каляска. На гэта і накіруюць сродкі, выручаныя за здадзеныя на перапрацоўчы завод крышачкі.

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.


Вярнуцца назад