Галоўная > Прырода і экалогія > Наш зямляк вывучае балоты

Наш зямляк вывучае балоты


18-09-2018, 10:02. размясціў: gazeta

 Нашы верхавыя балоты становяцца ўсё больш папулярнымі. Калісь яны цікавілі толькі мясцовых ягаднікаў і паляўнічых. Потым імі захапіліся вучоныя і эколагі. Па пракладзеных сцежках рушылі турысты, аматары дзікай прыроды. Нядаўна вывучалі Вялікі Мох і проста Балота Мох таленавітыя дзеці з розных рэгіёнаў Беларусі і Украіны, якія ў астатні час захоплены паглыбленым асваеннем нямецкай мовы. Экскурсію для іх праводзіў вялікі знаўца малой балотнай жыўнасці, даўні выпускнік Міёрскай СШ №2, дацэнт біялагічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М. Машэрава, кандыдат біялагічных навук Генадзь СУШКО.

Персанальная старонка ў інтэрнэце паведамляе, што Генадзь Генадзьевіч нарадзіўся ў Віцебску 8 лютага 1970 года, скончыў біялагічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта ў 1996-м. Яшчэ студэнтам захапіўся энтамалогіяй і потым абараніў кандыдацкую дысертацыю па супольнасці насякомых верхавых балот Беларускага Паазер’я. У спецпраекце “Балотнія даследаванні” загадчык кафедры экалогіі і аховы прыроды ВДУ расказаў, як трапіў у навуку. Прапануем скарочаны варыянт “споведзі” земляка.


— Я ў навуцы чалавек выпадковы, — сцвярджае Генадзь Генадзьевіч, — ва ўніверсітэце мне падабаліся палявыя выезды і праца на іх. Таму аказаўся ў патрэбны час у патрэбным месцы. Прыйшоў да свайго кіраўніка па дыпломнай рабоце, калі загадчык праблемнай навукова-даследчай лабараторыі шукаў супрацоўніка. Той паказаў на мяне: добры студэнт, чаму б і не? А я збіраўся ісці ў міліцыю, дзе ў 90-х плацілі заробак, бо трэба было неяк жыць. Але жаданне стаць вучоным аказалася больш моцным.


Першая экспедыцыя была на возера Асвейскае, другое па памерах у Беларусі. Яно вельмі ўразіла — вялізнае, з востравам пасярэдзіне, на якім калісь была вёска. І побач балота.


Дзікая прырода, у вёсцы дзве хаты. Навокал жыўнасць: птушкі, насякомыя… Тады я і захварэў балотам. Не ведаў, што гэта, але сама атмасфера! Калектыў — вучоныя, якія тады здаваліся надта вялікімі. Гэта былі нашы выкладчыкі-заолагі і супрацоўнікі праблемнай лабараторыі.


Ужо ў лабараторыі мне было цікава займацца насякомымі, асабліва лавіць іх святлолавушкамі. Гэта ўльтрафіялетавая лямпа, на якую ноччу ляціць усялякая жыўнасць, асабліва матылькі. І ты бачыш такое, чаго не пабачыў бы ніколі…


Садзіцца шэры матылёк-соўка, распраўляе крылцы — а там яркія чырвоныя плямы. Другі — увесь у зялёных яблыках. Не ведаю, як апісаць: у штодзённым жыцці мы бачым працэнтаў 15 таго, што ёсць навокал. Пры дапамозе спецыяльных метадаў у прыродзе можна назіраць усё гэта.


Потым трэба было паступаць у аспірантуру, займацца навукай, выбіраць сваю тэму. І я паехаў у Мінск… Аддаў перавагу балоту — напэўна таму, што ў нас ёсць Ельня, нешта паўночнае і ўнікальнае. Хаця там ні разу не быў. Пачаў пісаць дысертацыю па экалогіі і фауне жорсткакрылых верхавых балот, затым зацягнула выкладанне: лекцыі, заняткі — на год я забыўся пра балоты. А яны мне надакучылі надта: усе гуляюць на “Славянскім базары”, а я з рукзаком, на цягнік — і еду ў нейкую глуш… Мяне хапіла на год, і я вярнуўся на балота.


Мяне заўсёды акружаюць добрыя людзі, у якіх можна многаму навучыцца. З іх лёгкай рукі прадоўжыў даследаванне балот і закончыў дактарантуру. Напісаў дысертацыю, прысвечаную комплексу насякомых верхавых балот.


Пра фактары, якія садзейнічаюць распаўсюджанню насякомых на балоце, адным словам не скажаш. Так, сфагнавы мох — асяроддзеўтваральнік, ён фарміруе экстрэмальныя ўмовы. Высокая кіслотнасць, павышаная вільготнасць — таму балоты больш халодныя, і там могуць жыць толькі адаптаваныя віды. Некаторыя папуляцыі захаваліся з часоў апошняга абледзянення. Цяпер яны сустракаюцца ў асноўным на поўначы, у тундры і тайзе. Можна сказаць, што нашы балоты — гэта астраўкі ледніковага перыяду.

Другі цікавы момант — на верхавых балотах шмат паўночных раслін. І сувязі ў жывёл і раслін вельмі старажытныя, яны сфарміраваліся задоўга да апошняга абледзянення.


Балоты існуюць 10-11 тысяч гадоў, гэта вельмі стабільныя экасістэмы. Без асушэння і здабычы торфу ім нічога не пагражае. Вядома, глабальныя праблемы іх закрануць. Магчыма, пры змяненні клімату там стануць з’яўляцца паўднёвыя, нетыповыя віды.


У Беларусі я пабываў практычна на ўсіх вялікіх верхавіках. Мае любімыя — балоты Ельня і Мох. Балота Мох такое ж старажытнае, але менш парушанае. Часткова дзякуючы мясцоваму насельніцтву: яно вельмі згуртаванае, людзі самі тушылі пажары. На ім ёсць вялікія азёры і азяраўкі, цякуць рачулкі, як сцвярджаюць гідрабіёлагі, недзе пад сфагнумам. Шмат цікавых, прыгожых матылькоў, ёсць рэдкія.


Любімы матылёк? Тундравы сацір, за палёт рыўкамі, як у танцы.
У маёй справе падабаецца пастаянная змена абстаноўкі, паездкі. Да таго ж, гэта аптымальны турызм, які сумяшчаецца з працай, летам і вясной такая аддушына… І яшчэ, дзякуючы балотам я пасябраваў з вельмі цікавымі людзьмі!


Моладзі раю больш чытаць, пажадана, па-англійску, і глядзець, што адбываецца ў свеце. Яшчэ для вучонага важна камунікабельнасць. Асабіста ў мяне ёсць стандартны рабочы дзень, адміністрацыйныя справы, плюс студэнты. Але знаходжу вячэрнюю хвіліну на навуковыя даследаванні. У вольны час еду на балота збіраць матэрыял. Люблю фатаграфаваць. Калісь было хобі, звязанае з музыкай. Яшчэ, надараецца, чытаю нешта лёгкае. Раней у дарогу браў паўрукзака кніг…


Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

Фота з сацыяльных сетак.


Вярнуцца назад