Галоўная > Прырода і экалогія > Праект па "лёгкіх Еўропы" рэалізуецца на базе Чапукоўскай школы

Праект па "лёгкіх Еўропы" рэалізуецца на базе Чапукоўскай школы


19-02-2018, 10:13. размясціў: gazeta

 Балота… У кожнага гэта слова выклікае пэўныя асацыяцыі. 
У асноўным яны падобныя: мох, купіны выступаюць над невялікімі ўчасткамі вады, адзінокія дрэўцы, пакручаныя ад неспрыяльных умоў існавання, засохлыя ствалы бярозак.

На першы погляд, карціна не вельмі прывабная. Нездарма нашы продкі не любілі балоты, іх непраходнасць і недаступнасць. Пра гэта сведчаць беларускія прымаўкі "У балоце не без чорту, а ў роду не без выроду", "У ціхім балоце чэрці водзяцца".
Сапраўды, тэрыторыі, на якія не ступала нага чалавека, выклікалі нейкі містычны страх і адчуванне чараўніцтва. Лічылася, што ў балоце жывуць ведзьмакі, лесуны і іншая нячыстая сіла.


Хутка ідзе час. Развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу, з'яўленне вялікай колькасці аўтамабіляў, заводаў, іншых сродкаў забруджвання атмасферы прымусілі пільна прыгледзецца да гэтага ўнікальнага прыроднага комплексу. Аказалася, менавіта балоты — "лёгкія Еўропы", абагачаюць наш кантынент чыстым паветрам. Яны з'яўляюцца прыстанкам для пералётных вадаплаўных птушак. А многім і родным домам дзякуючы недаступнасці для чалавека.


2 лютага адзначаецца Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў. У нашай школе да яго рыхтуемся загадзя: абнаўляем матэрыялы, збіраем новыя дадзеныя, цікавыя звесткі для пачаткоўцаў.
Такую стараннасць праяўляем невыпадкова. Мы жывём непадалёк ад найбуйнейшага ў Беларусі балота Ельня. Наша школа прытрымліваецца экалагічнай скіраванасці, выходзіць з яе дзвярэй раўнадушнымі да прыроды проста не маем права.


Вось і нядаўна ў нас прайшла серыя заняткаў, прысвечаных водна-балотным угоддзям. Для кожнага класа быў свой матэрыял, некаторыя аб'ядналіся ў групы. У прыватнасці, выпускнікі расказалі пра асаблівасці балотаў пяці- і шасцікласнікам. Дзесяцікласнікі падабралі гульні і загадкі для малодшых школьнікаў. Вучні дзявятага класа падрыхтавалі для старэйшага звяна прэзентацыю і аповед пра "Рамсарскую канвенцыю" і "Канвенцыю аб водна-балотных угоддзях". Матэрыял атрымаўся сур'ёзны і цікавы адначасова. Ён патрабуе разумець адказнасць не толькі за сябе, але і за лёс планеты.


Наша праца не абмяжоўваецца толькі адным днём. Мы цесна супрацоўнічаем з раённым экалагічным цэнтрам. Яго работнікі наведваюць нашу школу, знаёмяць з экалагічнымі праектамі, навінкамі. Летам запрашаюць на экскурсіі, аказваюць пасільную дапамогу. У мерапрыемствах актыўна ўдзельнічаюць вучні старэйшых класаў і настаўнікі. Такая сумесная праца яднае, выхоўвае гонар за тыя мясціны, дзе мы нарадзіліся і жывём.


Выпускніца нашай школы Дзіяна Мароз паехала вучыцца. Расказваючы сваім аднакурснікам, адкуль яна родам, апавядае пра знакамітае балота Ельня. З часам нават тыя, хто ніколі не чуў пра яго, даведаліся пра маляўнічы куточак міёрскага краю.


Эльвіра ХАХЕЛЬ, кіраўнік творчай групы

Рэспубліканскага інавацыйнага праекта
Чапукоўскай ДС-СШ.


Вярнуцца назад