З 10 красавіка і да 8 чэрвеня доўжыцца перыяд забароны на лоўлю рыбы. Неабходна стварыць спрыяльныя ўмовы для нерасту.
У гэты час прамысловая лоўля не дазваляецца зусім, акрамя здабычы мігрыруючага вугра ў месцах, вызначаных Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аматарская лоўля адной вудай з адным кручком ці спінінгам са штучнай прынадай і таксама з адным кручком (адзіночным, двайным ці трайным) дазваляецца толькі ў светлы час сутак з берага (без заходу ў ваду), са штучных збудаванняў (акрамя чыгуначных і іншых мастоў, плацін, ля шлюзаў, насосных станцый і іншых гідратэхнічных збудаванняў, у адносінах да якіх устаноўлены абмежаванні і забароны на гаспадарчую і іншую дзейнасць, і не бліжэй за 50 метраў з абодвух бакоў ад граніц такіх збудаванняў). Прытым дакладна агаворана, што бераг—гэта частка сушы, што непасрэдна прымыкае да воднага аб'екта. Яшчэ абумоўлена, што трэба захоўваць прамысловую меру— мінімальную велічыню пэўнага віду рыбы, пры якой дазваляецца яе лавіць. Меншай можа быць не больш за 20% колькасці кожнага віду.
Норма ўлову—за суткі не больш за 5 кілаграмаў і адной рыбіны, калі агульная вага з улікам яе вагі ў суме будзе перабольшваць вызначаныя 5 кг, на рыбалова-аматара.
Улічвайце, што рэжым Нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры" забараняе аматарскую рыбную лоўлю на штучных нерасцілішчах на возеры Дрывяты з 10 красавіка да 8 чэрвеня. Нельга вудзіць і на адлегласці менш за 50 метраў ад абазначаных прамысловых прылад для здабычы мігрыруючага вугра.
Калі вам сталі вядомы парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, неадкладна паведамляйце пра іх Браслаўскай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету па тэл. 8 02153 68 2 75 у любы час сутак. Канфідэнцыяльнасць інфармацыі гарантуецца.