У миорчанина прижился ёж и исчезли лягушки

Некалькі гадоў прытрымліваюся практыкі, што ўся арганіка, якая вырасла на агародзе (акрамя спажытага ўраджаю, вядома), павінна вяртацца ў зямлю. Таму восенню на месцы ў малінніку здрабняю сцяблы гэтай ягаднай расліны, якія адпладаносілі. 
 
Заворваю пасля вылушчвання расліны фасолі, бобу. Такі ж лёс бацвіння буракоў, лістоты морквы і капусты, калі яны засталіся незапатрабаваныя жыўнасцю. У глебу хаваю сцяблы тапінармбуру, памідор, перцу, нават адцвіўшыя кветкі. Да вясны перапрэюць—атрымаецца натуральны гумус, не горшы чым з гною, і без дадатковых выдаткаў.

Вось і ў гэтым кастрычніку перад пераворваннем агарода пачаў прыбіраць на прыдамавой тэрыторыі ўсё, што яшчэ зелянела, потым узяўся выносіць на бульбянішча кучы раней складзенай арганікі. Заставалася апошняя ў сонечным зацішку за хатай. Першы слой падхапіў віламі, як прыўзняў з зямлі другі—заўважыў у паглыбленні зямлі здзіўляльна правільны шар сухой травы. Прыгледзеўся, а ў ім калючкі бачны. Адразу здагадаўся—вожык у маім садзе на зімоўку ўладкаваўся. Ну як яго сон непакоіць. Давялося вярнуць нечаканаму "суседу-кватаранту" ўсе быллё, якое не паспеў аднесці далёка. А цяпер непакоюся, ці не будзе яго мала, каб ратавала ад дажджу і марозу—зімой. Відаць, трэба да халадоў палепшыць цеплаізаляцыю вожыкавай схованкі тым, што яшчэ можна знайсці вакол дома.

Я сам з сабой разважаю, адкуль у маіх уладаннях мог з'явіцца калючы сусед, бо летам яго прысутнасці не заўважаў. Хаця гэта начны жыхар, мог з ім і размінуцца. Больш таго, вожык—драпежнік, які харчуецца ўсялякай дробнай жыўнасцю, што жыве на зямлі. Нядаўна прачытаў, што яблык на яго калючках—прыгожая выдумка. І тады нагадаў: сёлета ў маім дэкаратыўным вадаёмчыку летам чамусьці не вадзіліся жабы, якіх было шмат у папярэднія гады. Вуж трапіў на вочы толькі раз…

Фота для ілюстрацыі.
Леанід МАТЭЛЕНАК.  


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.